Чаму бацькі пакорліва пераводзяць грошы сынам-вайскоўцам на паборы?

Большасць беларускіх бацькоў сутыкалася ці сутыкаецца з сітуацыямі, калі ім даводзіцца даплачваць звыш патрэбнага за нібыта афіцыйна бясплатныя паслугі.

Прысяга ў Печах, 2016 г. Фота: Аляксандр Ружэчка

Прысяга ў Печах, 2016 г. Фота: Аляксандр Ружэчка

Падчас абмеркавання гучнага інцыдэнту ў вайсковай часці пад Барысавам карыстальнікі сацсетак неаднойчы задаваліся пытаннем: чаму бацькі так проста пераводзілі грошы, загадзя ведаючы, за што яны плацяць? Чаму не скардзіліся кіраўніцтву часткі?

Паспрабуем разабрацца з прычынамі ўзнікнення падобнага бацькоўскага канфармізму.

Плаціць за дзяцей бацькі пачынаюць не тады, калі іх сыны ідуць служыць у войска. У некаторых выпадках «паборы на дзяцей» пачынаюцца значна раней. У адной правінцыйнай радзільні загадчыца аддзялення праз падначаленых намякае будучым мамам, што для таго, каб «роды прайшлі гладка», трэба зрабіць невялікі падарунак. Канверт трэба занесці менавіта загадзя, а не па факце…

Адмінiстрацыя адной з дашкольных установаў прысталічнага раёна прапануе бацькам зрабіць авансам «невялікі падарунак» (шафу ў групу) за тое, што ў садку «знойдзецца» месца для іх дзіцяці. У населеным пункце сапраўды праблема з месцамі ў садку, таму ў бацькоў выбар невялікі…

Апісаныя вышэй сітуацыі – хутчэй адзінкавыя выпадкі, чым агульнае правіла. Разам з тым, большасць беларускіх бацькоў сутыкалася ці сутыкаецца з сітуацыямі, калі ім даводзіцца даплачваць звыш патрэбнага за нібыта афіцыйна бясплатныя паслугі.

Бацькі дашкольнікаў набываюць цацкі, сродкі гігіены і канцылярскія тавары. Ім часта прапануюць зрабіць невялікі рамонт у групе ці проста заклеіць вокны на зіму. Бацькі школьнікаў спансуюць рамонт у класных кабінетах. За іх кошт мяняюцца вокны і перасцілаецца падлога. І бягучы рамонт — далёка не адзіны артыкул расходаў. Вядома, у кожнай школе свае завядзёнкі. Таму памеры спонсарскай дапамогі, што аказваецца бацькамі, могуць адрознівацца.

Іншае пытанне, што сутыкаецца з неабходнасцю даплочваць за бясплатную адукацыю абсалютная большасць. Чаму бацькі пагаджаюцца на падобныя паборы? Па-першае, тут спрацоўвае і рацыянальная бацькоўская пазіцыя. Маўляў, як гэта маё дзіця будзе вучыцца ў халодным класе (сядзець за старой партай, пісаць на старой дошцы — спіс можна працягваць бясконца)? Мы ж усе разумеем, што ў дзяржавы проста няма грошай. Грошы выдаткоўваюцца нібыта не на нейкую абстрактную справу, а непасрэдна на забеспячэнне камфортнага навучання ўласнага дзіцяці.

Па-другое, нонканфармізм у пытанні «спонсарскай дапамогі» не знойдзе разумення не толькі з боку адміністрацыяў установаў адукацыі. Большасць сябраў бацькоўскіх камітэтаў проста не зразумее тых, хто не захоча дапамагчы школе ці садку. У войску, як і ва ўстановах адукацыі, таксама здараюцца просьбы да бацькоў набыць што-небудзь для часткі (казармы, навучальнага пакоя).

Вядома, інцыдэнт у Пячах не сведчыць пра тое, што падобная сітуацыя характэрная для большасці беларускіх вайсковых частак. Але відавочна, што чыясьці прапанова адкупіцца ад «дзедаўшчыны» карыстаецца сталым попытам у бацькоў, якія даўно навучыліся самастойна вырашаць праблемы сваіх дзяцей. Вырашаць паўафіцыйна ці зусім не фармальна.

Толькі вось армія, як сказаў адзін з беларускіх вайскоўцаў, гэта не дзіцячы садок. Тут цана бацькоўскага канфармізму можа аказацца празмерна высокай.

gazetaby.com