Культурны агляд

Па музеях і выставачных залах пасляслед

Па музеях і выставачных залах пасляслед
Выстава «Пасляслед» Юрыя Хілько ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (пр. Незалежнасці, 47, працуе з 16 па 28 лютага) можа быць аднесена да юбілейных — днямі вядомаму графіку, загадчыку кафедры графікі Беларускай акадэміі мастацтваў споўнілася 50 год. Здавалася, яшчэ не так даўно таленавіты вучань выдатных мастакоў-каларыстаў з тонкім адчуваннем фактуры, схільных да эксперыменту з формай — Альгерда Малішэўскага ў Мастацкім вучылішчы, Уладзіміра Савіча і Уладзіміра Басалыгі ў Тэатральна-мастацкім інстытуце, — дэбютаваў на вернісажах у Мінску. Але праімчалася больш за 20 гадоў самастойнай творчасці, за якія неардынарны майстар станковай і кніжнай графікі здабыў агульнае прызнанне. Яго працы пазнавальныя дэкаратыўнай фактурнасцю, якая грунтуецца на спалучэнні разнастайных тэхнік і на тонкіх гармоніях насычаных колераў, якія аўтар будуе, адштурхоўваючыся ад рэальных аб’ектаў і паглыбляючыся ў свет пластычных асацыяцый. У выніку паўстаюць выключна насычаныя візуальныя вобразы, аднолькава прывабныя і ў станковай форме, і ў кніжнай ілюстрацыі, здольныя задаволіць самыя патрабавальныя густы.
Дзённікі падарожжаў


У Гарадской мастацкай галерэі Леаніда Шчамялёва (пр. Ракасоўскага, 49), дзе публіцы рэгулярна прадстаўляюцца паказы беларускага жывапісу ХХ стагоддзя, з 10 лютага выстаўлена графіка самога заснавальніка галерэі. Экспазіцыя «Дзённікі падарожжаў» прапануе наведвальніку ўвайсці ў творчую майстэрню знакамітага мэтра сучаснага мастацтва, пазнаёміўшыся з замалёўкамі, накідамі, эцюдамі Леаніда Шчамялёва часоў яго творчага сталення — 1960–1970-х гадоў. І часу яго далёкіх падарожжаў ад Сярэдняй Азіі да Крайняй Поўначы. Першапачатковыя накіды цікавыя непасрэднасцю ўражанняў, жывым водарам эмоцый, свежасцю стылю. Графічныя лісты на выставе ў свой час і збіраліся як дзённікі — аўтар адпраўляў іх са сваіх вандровак у Мінск поштай. Рамантыка маладосці суседнічае ў іх з мэтанакіраванымі пошукамі ўласнага стылю, які паставіў Шчамялёва ў шэраг лепшых жывапісцаў краіны. Шчамялёў па-ранейшаму рэгулярны ўдзельнік жывапісных вернісажаў, але ўбачыць яго графіку выпадае не часта.
Жылі-былі


З месцаў, дзе варта пабываць бліжэйшымі днямі, адзначым Музей Дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (пр. Незалежнасці, 81А). Акадэмія мастацтваў працягвае свае міжнародныя праекты — разам з Ізраільскім культурна-інфармацыйным цэнтрам, Інстытутам Гётэ і Польскім інстытутам яна прадстаўляе сучасную дзіцячую кніжную ілюстрацыю з Беларусі, Германіі, Ізраіля і Польшчы. Інтэрнацыянальны калектыў удзельнікаў аб’ядноўвае больш за 30 аўтараў. Выстава «Жылі-былі» працуе па 7 сакавіка і наведаць яе варта з дзецьмі: праз вобразы дзіцячай літаратуры ў спалучэнні з разнастайнасцю тэхнік — ад далікатных акварэляў, гуашаў, пастэлі, да шаўкаграфіі, калажаў, сучасных лічбавых тэхналогій — свет выяўленчага мастацтва расчыняецца ў непаўторнай своеасаблівасці. Тым больш, што ў творах для дзяцей абавязкова прысутнічае непасрэднасць першаснага, нестандартнага погляду на жыццё, поўнага чароўнасцю казкі. У тым жа музеі па 24 лютага — прысвечаная дню святога Валянціны выстава Ганны Сілівончык «Настрой любові».
Testamentum


Нарэшце, у Галерэі Універсітэта культуры (Кастрычніцкая плошча,1) — не зусім звычайная экспазіцыя «Testamentum» — дэкаратыўныя скульптуры маладога кераміста Максіма Калтыгіна (працуе па 20 лютага). Як праз аб’ёмы, пластыку, форму і фактуру керамічных вырабаў можна перадаць атмасферу падзей Старога і Новага Запавету, хрысціянскую сімволіку — адказ чакае гледача ў залах выставы. Зварот да асацыятыўнай вобразнасці вызначае таксама і серыю інсталяцый, фота і аб’ектаў, якія прадставіў у праекце «Numbers & Doors» у Галерэі «Ў» Ігар Корзун (пр. Незалежнасці, 37А, экспануецца па 28 лютага).