Лявон Вольскі: Гульні па правілах дзяржавы заўжды заканчваецца паразаю
Чаго чакае беларуская дзяржава ад артыстаў? Чаму ўсе, хто спрабаваў гуляць па правілах, навязаных уладамі, расчараваліся? Бо высветлілася, што тыя правілы ўвесь час змяняюцца, усачыць за імі немагчыма, і гульня заўжды сканчаецца паразаю.
У рубрыцы «Мама, не журыся!» на Budzma.org Лявон Вольскі разважае пра тое, як развіваецца шоў-бізнэс ва Украіне (Літве, Латвіі, Польшчы), якія праблемы ёсць у беларускага шоў-бізнэсу, а дакладней — адна праблема.
Тупік беларускай музычнай індустрыі
Нядаўна прапанавалі сустрэцца зь дзеячамі ўкраінскага шоў-бізнэсу. Паразмаўляць, распавесьці пра свае праблемы. Павучыцца ў іх, украінцаў. Бо ўсім вядома, што іхны шоў-бізнэс — вялікі й магутны, машына музычнай індустрыі працуе на сур’ёзных абаротах і не зьбіраецца спыняцца, нягледзячы на вайну.
Сустрэцца, безумоўна, можна. І паразмаўляць. Я шмат разоў сустракаўся зь дзеячамі літоўскага, польскага, латыскага шоў-бізнэсу, і размова заходзіла ў тупік: «Мы б вам дапамаглі, але ў Літве (Польшчы, Латвіі) трэба сьпяваць на літоўскай (польскай, латыскай) мове, таму шанцаў на посьпех вельмі мала. Дык, можа быць, вам трэба неяк зьмяніць сытуацыю ў сябе?».
Можа быць. Нават, дакладна трэба. Але на той час былі выканаўцы, якіх не датыкнуліся рэпрэсіі, і якія спрабавалі гуляць па правілах, навязаных уладамі. Сярод артыстаў не было адзінства — адны абураліся, іншых нібыта ўсё амаль задавальняла. Потым высьветліцца, што тыя правілы ўвесь час зьмяняюцца, усачыць за імі немагчыма, і гульня заўжды сканчаецца паразаю.
Яна заўжды надыходзіць, гэтая параза, калі артыст спрабуе гуляць зь дзяржаваю. Узяць тых самых «Песьняроў» зь дзёрзкім Мулявіным на чале — пачыналі бліскуча — з рок-апрацовак народных песень, а ўрэшце — вось яны: дзяржаўны ансамбль «Песьняры» — сьпяваюць у Маскве бяздарны выраб «Слушай, тёща, друг родной, помоги»...
Артысты мусяць быць прапагандыстамі
Але лёгка сказаць: «ня трэба гуляць зь дзяржаваю», калі дзяржава ўсё кантралюе, лезе ва ўсе шчыліны і вельмі няроўна дыхае да таго, што нядаўна звалася «эстрадаю», а цяпер — поп-музыкай ці то шоў-бізнэсам.
Дзяржава хоча ня проста кантраляваць шоў-бізнэс, а быць ягонай стваральніцай. Яна ўводзіць квоту 75% айчыннае музыкі на радыё дзеля таго, каб ляяльныя творцы панапісвалі «правільных» песень, людзі іх слухалі і прасякаліся патрыятызмам, любоўю да роднага краю і яе, дзяржавы. У ідэале гэтыя паняткі — «родны край» і «дзяржава» трэба зьмяшаць так, каб яны былі неадрыўна зьнітаваныя. Як Ленін і партыя ў Маякоўскага. Гэтае зьнітаваньне мусяць забясьпечыць рознага кшталту прапагандысты. Ну, і артысты, натуральна. Артысты ж, на думку дзяржавы, таксама мусяць быць прапагандыстамі. І абслугаю — граць-сьпяваць на розных мерапрыемствах, дзе ўладныя дзеячы выпіваюць і закусваюць. І толькі так. Крок управа, крок улева караецца чорным сьпісам.
Дзяржаве належыць увесь мэдыясэктар — фм- і іншыя радыёстанцыі, тэлевізія, прэса. Таму, калі ты прагнеш раскруткі, дык будзеш зьвяртацца да дзяржавы. І за гэтыя паслугі давядзецца плаціць. І ня толькі грашыма.
Мадэль заходняга шоў-бізнэсу
І пакуль у нас усталёўвалася гэтая спэцыфічная мадэль «паддзяржаўнага» шоў-бізнэсу, ва Ўкраіне (у Літве, у Латвіі, у Польшчы) ўкараняўся шоў-бізнэс звычайны. Ён, гэты шоў-бізнэс — ня ёсьць нейкай засакрэчанай, вядомай толькі выбраным чальцам сусьветнай змовы (жыдамасонам) схемай — не! Паглядзіце, пачытайце — у інтэрнэце процьма матар’ялаў на гэтую тэму! — як стварыць лэйбл ці як стварыць музыку, якая зацікавіць сусьветныя лэйблы, ці як правільна рабіць прома, ці як працаваць са сваім матар’ялам у сацыяльных сетках. Пачытайце Пасмана ці Троіцкага, і вы зразумееце, як працуе сусьветны шоў-бізнэс.
Хаця... Чаму сусьветны? Хутчэй, заходні. У Афганістане законы заходняга шоў-бізнэсу не працуюць. У Іране — таксама. І ў Зымбабвэ. І ў Беларусі яны не працуюць. Відаць, таму, што гэтыя краіны ідуць нейкім сваім, пакручастым і цярністым, адрозным ад заходняга сьвету, шляхам.
Праблема, якой ужо 30 гадоў
Пакуль у РБ адны артысты змагаліся зь дзяржавай, іншыя яе, нібыта, падтрымлівалі (у глыбіні душы, высьвятляецца — не!), ва Ўкраіне проста ўсталёўваўся нармальны шоў-бізнэс на заходні ўзор. І ўсталяваўся!
Таму можна сустракацца зь дзеячамі ўкраінскага шоў-бізнэсу і размаўляць зь імі. Пра праекты, зьдзяйсьненьні й праблемы.
Хаця для беларускай музыкі (і наагул мастацтва) праблема адна, і ўзьнікла яна трыццаць гадоў таму. І вы выдатна ведаеце, што гэта за праблема. І пакуль яна ня зьнікне, размаўляць пра беларускі шоў-бізнэс, прабачце, не выпадае.
Лявон Вольскі, Budzma.org