Марк Хідэкель: «Дзякуй беларускай зямлі!»
У Мінску адзначылі дзень народзінаў славутага мастака Лазара Хідэкеля. Яго сын з сям’ёй спецыяльна з гэтай нагоды прыехалі ў Беларусь з Нью-Ёрка.
Вечарына ў Галерэі сучаснага мастацтва «Ў» прайшла ў рамках праекта #UNOVIS100, які рэалізуе Цэнтр беларуска-яўрэйскай спадчыны, Музей Віцебскага мастацкага народнага вучылішча і кампанія А1.
Год стагоддзя творчага аб’яднання «УНОВІС» («Сцвярджальнікі новага мастацтва»), якое было створана ў Віцебску, выдаўся высакосным. І так супала, што менавіта 29 лютага нарадзіўся знакаміты мастак. Ён увайшоў у склад «УНОВІСа», які праславіў Беларусь на ўвесь свет.
Кажуць, што народжаныя 29 лютага, людзі адораныя і незвычайныя. Прайшло 116 гадоў з дня нараджэння Лазара Хідэкеля. Як адзначылі на імпрэзе, мастацтвазнаўцы дагэтуль знаходзяць у яго творах новыя грані і новыя сэнсы. Дзякуючы сям’і і блізкім Лазара Хідэкеля, мы можам бачыць арыгінальныя працы мастака, яго раннія эскізы і ўжо блізкія да дасканаласці творы позняга перыяду.
Сын мастака, вядомы архітэктар і дызайнер Марк Хідэкель зазначыў:
— Гэта надзвычайны гістарычны момант, я лічу, не толькі для нас. Але наогул для гісторыі мастацтва. Тое, што нарадзілася ў Віцебску сто гадоў назад, і гэта не толькі маё меркаванне, апладатварыла ўсю візуальную культуру ў 20-м, і ў 21-м стагоддзі таксама актуальна — з крэнам на ахову прыроды і будучае развіццё ўзаемаадносін прыроды, архітэктуры і цывілізацыі. І я думаю, што з нябёсаў сябры «УНОВІС» і мой бацька вельмі рады і шчаслівы, што ўсё гэта адбылося і працягваецца.
Як паведаміў сын мастака, зараз выходзіць кніга галоўнага куратара Венецыянскай біенале пра 50 дасягненняў сучаснай цывілізацыі ў архітэктуры. «І туды ўваходзяць працы Лазара Хідэкеля, яго аэрагарады і яго часткі архітэктуры. Гэта значыць, Беларусь нарадзіла ідэі, якія праз сто гадоў увайшлі ў 50 вялікіх дасягненняў, важнейшых дасягненняў цывілізацыі ў архітэктуры і горадабудаўніцтве. Дзякуй беларускай зямлі!»
Рэгіна Хідэкель, доктар мастацтвазнаўства, жонка Марка:
«Лазар Маркавіч нарадзіўся ў высакосны год, мы яго дзень народзінаў спраўлялі раз у чатыры гады. І такім дзіўным чынам адбылося, што і стагоддзе «УНОВІСа», і яго дзень нараджэння супалі ў месяцы лютым. І вось мы тут з вамі. Сёння яго дзень народзінаў спраўляюць у Пецярбургу яго вучні. Яны нам нядаўна пазванілі, яны таксама ўсе сабраліся і пасылаюць нам прывітанне. Так што мы вельмі рады, што гэты дзень адзначаны ўжо ў некалькіх краінах. Але насамрэч імя Хідэкеля і яго спадчына сёння належыць свету. І чым даўжэй мы жывем, тым больш мы бачым, што ўсё большая і большая колькасць літаратуры з’яўляецца ў розных канцах свету з нагоды першапраходніцтва «УНОВІСа» і Лазара Хідэкеля менавіта ў галіне архітэктуры, і архітэктуры будучага. Ён марыў аб тым, каб наша зямля назаўсёды засталася зялёнай і некранутай, чалавек жыў у вельмі добрых умовах, узвышана прыпадняўшыся над зямлёй. І сёння ўсё болей і болей схіляюцца да таго, што гэта быў правільны шлях вырашэння праблемы».
Рэгіна Хідэкель сказала, што ў Беларусь хутка прыязджае Грэта Тунберг: «Яна нават і не ведае, што прыедзе ў краіну, дзе нарадзілася новая архітэктурная экалогія. Я думаю, ёй пра гэта скажуць».
Мастацтвазнаўца адзначыла таксама і падзею, якая адбылася ў кастрычніку 2019 года. Пры ўдзеле нашчадкаў ў Мінску ўпершыню прайшло ўручэнне прэстыжнай узнагароды для архітэктараў — Міжнароднай прэміі імя Лазара Хідэкеля.
— Мы вельмі рады таму, што гэты праект з’явіўся часткай большага, і з’явы, якая ўсё болей разрастаецца, — сказала Рэгіна Хідэкель. — Ён пачаўся з прэміі. Потым была канферэнцыя, выстаўка. І мы рады, што сюды прыйшлі людзі з адукацыйнага сектара, якія хочуць уключыць спадчыну «УНОВІСа» і спадчыну Хідэкеля ў адукацыйныя праграмы, што вельмі важна. І мы бачым і разумеем, што мы будзем супрацоўнічаць з Беларуссю доўга і над самымі рознымі праектамі. І мы глядзім наогул не тое каб з надзеяй, а з такой бясстрашнасцю ў будучае, дзе нас чакаюць новыя адкрыцці.
Раман Хідэкель, архітэктар-урбаніст, унук мастака, распавёў:
— На жаль, дзядуля сышоў з жыцця, калі мне было ўсяго-та 6 гадоў. Але калі б ён яшчэ трошкі пражыў, ён бы мяне яшчэ такому б навучыў, канечне! І як маляваць, і архітэктуры. Але крышку ён мяне навучыў маляваць, я памятаю першыя малюнкі, якія я рабіў. І я як бы разумеў, што ён ствараў нейкія вельмі важныя, проста грандыёзныя аб’екты, ідэі. З часам я разумеў больш і больш. Я бачыў значнасць усяго гэтага авангарда. Асабліва калі я потым ужо прыехаў у Амерыку. Але я заўсёды ведаў, што ён нарадзіўся тут, у Беларусі, у Віцебску. Ён таксама расказваў крыху аб сваім дзяцінстве. Для мяне проста было такое незабыўнае ўражанне, хаця прайшло ўжо 35 гадоў, прыехаць у Віцебск і ўбачыць вытокі і месца, дзе нарадзіўся мой дзядуля, і дзе зарадзілася гэта вялікае мастацтва. Для мяне гэта незабыўнае ўражанне, вялікі дзякуй.
Кампанія А1 падтрымлівае вельмі многія культурныя праекты Беларусі, у тым ліку і #UNOVIS100.
Мікалай Брэдзелеў, начальнік аддзела карпарытыўных камунікацый А1:
— Вельмі рады бачыць сям’ю Хедэкеляў у чарговы раз, мы ўжо не першы раз сустракаемся. Для кампаніі А1 удзел у гэтым праекце, канечне, вялікі гонар у першую чаргу. Шчыра прапіталіся мы, канечне, ідэяй #UNOVIS100. Мы вельмі верым унутры кампаніі, я асабіста, мая каманда, што тое, што адбываецца тут і цяпер, гэта цалкам унікальная рэч. Гэта вельмі крута, што сёння ў нас ёсць нашчадкі найвялікшага прадстаўніка ўсёй плеяды ўнавісаўцаў — тут, яны разам з намі. У нас унікальны шанц з імі паразмаўляць, мець зносіны, даведацца большае, чым нам вядома. Але наперадзе нас чакае яшчэ сапраўды многа новага, многа ўнікальных рэчаў яшчэ не адкрыты, яшчэ невядомы. І ў гэтым плане кампанія А1 гатова таму садзейнічаць. Для нас гэта сапраўды крута, цікава і вялікі гонар.
Майя Кацнельсон, заснавальнік Цэнтра беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны:
«Мы прысутнічаем, калі вяршыцца гісторыя знова, гэта вяртанне сімвалічнае. І я думаю, што гэта такія «невыпадковыя выпадковасці», якія адбываюцца. Дзень народзінаў Лазара Хідэкеля, якое мы святкуем разам з яго сям’ёй у год стагоддзя «УНОВІСа». І ў гэты момант у Нацыянальным мастацкім музеі адкрыта першая ў гісторыі Беларусі выстаўка Лазара Хідэкеля.
Калі ёсць агонь і жаданне штосьці зрабіць, можна зрабіць усё. Год назад гэта былі ўсяго толькі фантазіі і ідэі. Але сёння мы кажам пра тое, што ёсць такое ідэальнае партнёрства нашчадкаў, бізнесу, некамерцыйнай арганізацыі і дзяржаўных структур. І сапраўды можна такіх надзвычайных вынікаў дасягаць дзякуючы такому партнёрству».
На імпрэзе прагучала: заўсёды вельмі прыемна, калі такія вялікія імёны вяртаюцца на радзіму. І да нас, беларусаў, прыходзіць усведамленне таго, што гэта вялікае з’явілася тут, на нашай зямлі, 100 гадоў таму. І трансфармавана ў сусветнае мастацтва і сусветную архітэктуру.
Наведнікі вечарыны змаглі зрабіць яркія здымкі ў фотазоне, фон якой змянялі карціны мастака. А таксама яны паўдзельнічалі ў гульнявых пазлах, майстар-класе па роспісе посуду «ў стылі Хідэкеля» і іншых актыўнасцях.
І яшчэ адзін вельмі важны момант, без якога не можа абысціся ні адзін дзень нараджэння. Гэта, канечне ж, святочны торт. Марк Хідэкель адрэзаў першы кавалак вялікага твора кулінарыі, які вянчаў супрэматычны крыж. Прысутныя далучыліся і спаўна ацанілі кулінарны шэдэўр.
А яшчэ атрымаць новыя эмоцыі ад твораў Лазара Хідэкеля можна ў Нацыянальным мастацкім музее. Там упершыню ў Беларусі адкрылася яго персанальная выстава. Назвай экспазіцыі сталі прароцкія словы мастака: «Нас зразумеюць праз 100 гадоў».