У Мінску адбудзецца супрэматычная вечарынка да Дня нараджэння Лазара Хідэкеля
Год стагоддзя знакамітага творчага аб’яднання УНОВІС, створанага ў Віцебску, выдаўся высакосным. Так супала, што адзін з яго заснавальнікаў — мастак-супрэматыст Лазар Хідэкель — нарадзіўся менавіта 29 лютага і акурат зараз у Нацыянальным мастацкім музеі праходзіць першая ў Беларусі выстава работ вядомага авангардыста.
![unovis100.jpg unovis100.jpg](/img/v1/images/unovis100.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Таму ў апошні дзень зімы ў рамках праекта #UNOVIS100 адбудзецца супрэматычная вечарынка. Адсвяткаваць дзень нараджэння Лазара Хідэкеля запрашаюцца ўсе ахвотныя — з 19:00 да 22:00 у галерэі сучаснага мастацтва «Ў» (вул. Кастрычніцкая, 19).
Мастак-авангардыст, першы ў свеце супрэматычны і эка-архітэктар, адзін з заснавальнікаў знакамітага творчага аб’яднання УНОВІС Лазар Хідэкель нарадзіўся ў Віцебску 29 лютага 1904 года. Пачаў вучыцца мастацтву ў народным вучылішчы ў Марка Шагала, Мсціслава Дабужынскага, Лазара Лісіцкага, Казіміра Малевіча. Ва ўзросце 15 гадоў стаў адным з тых, хто 14 лютага 1920 года ўвайшоў у склад УНОВІСа, праславіўшага Беларусь на ўвесь свет. Ужо ў 16 гадоў узначаліў архітэктурную майстэрню вучылішча і менавіта архітэктуры прысвяціў сваё жыццё.
На супрэматычную вечарынку 29 лютага з Нью-Ёрка прыедзе сям’я Лазара Хідэкеля: яго сын — знакаміты архітэктар і дызайнер Марк Хідэкель з жонкай — доктарам мастацтвазнаўства Рэгінай Хідэкель, а таксама ўнук Раман Хідэкель — архітэктар-урбаніст.
На працягу святочнага вечара ў галерэі «Ў» будуць праходзіць розныя майстар-класы і творчыя актыўнасці. Гарады над зямлёй Лазара Хідэкеля, яго вядомыя карціны, эскізы касмічных пасяленняў — усё гэта госці супрэматычнай вечарынкі не толькі ўбачаць, але і паспрабуюць паўтарыць самі ў калажах, распісаным посудзе, гульнявых пазлах. Асобная зона будзе прысвечана аднаму са знакамітых рэалізаваных праектаў архітэктара — Дому радыё 1933 года ў Ленінградзе, дзе запісваліся выступленні хораў і аркестраў, радыёспектаклі. Там будзе граць ды-джэй. А фонам для фотазоны стануць работы мастака-авангардыста, што змяняюць адна адну.
Падзея праводзіцца ў рамках праекта #UNOVIS100, які сумесна рэалізуюць Цэнтр беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны, Музей гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча і кампанія А1 пад патранатам Нацыянальнай камісіі па справах UNESCO ў Беларусі.