Тры ў адным: выйшла калекцыя коміксаў пра суперакуляры «Я бачу!»

«Я бачу!» — унікальны дабрачынны праект па дыягностыцы зроку і аказанні афтальмалагічнай дапамогі дзецям з сельскай мясцовасці. Новы зборнік коміксаў пра прыгоды пра школьніцы Алесі з 2 сакавіка будзе бясплатна распаўсюджвацца праз сетку кнігарняў OZ.   



img_4876.jpg

Да завяршэння дабрачыннага праекта «Я бачу!», які з 2016 па 2020 год рэалізавалі Беларускі дзіцячы фонд і кампанія А1, выйшаў зборнік коміксаў пра школьніцу Алесю з суперакулярамі і яе сяброў.

Туды ўключаны дзве часткі прыгодніцкай гісторыі, што ўжо выходзілі асобна ў лістападзе і снежні 2019 года, а таксама яшчэ адна новая – фінальная. Партнёрам выпуску серыі коміксаў «Я бачу!» выступіла кампанія OZ. Як і дзве папярэднія часткі, агульны зборнік таксама будзе бясплатна распаўсюджвацца праз сетку яе кнігарань у 13 беларускіх гарадах.

Комікс разлічаны на дзіцячую аўдыторыю ад дзесяці гадоў. У першай частцы, якая выйшла ў лістападзе, чытачы знаёмяцца з галоўнай гераіняй Алесяй і сочаць за тым, як яе жыццё ператвараецца ў фантастычны дэтэктыў, калі яна знаходзіць стары дзённік свайго дзядулі і незвычайныя акуляры. У другім выпуску, прэзентаваным у снежні 2019 года, дзяўчынка разам з аднакласнікамі едзе на экскурсію ў парк старажытных валуноў і апынаецца ў касмічным караблі. У трэцяй частцы, якая выйшла цяпер, сябры вяртаюцца ў школу і знаёмяцца з іншапланецянінам. Захапляльныя прыгоды герояў дапаўняюць тэматычныя загадкі і спецыяльныя практыкаванні для вачэй.

img_4868.jpg

З 2 сакавіка атрымаць зборнік коміксаў «Я бачу!» і даведацацца, чым жа скончылася гісторыя, можна ў крамах OZ у розных рэгіёнах краіны: у Бабруйску (вул. Кастрычніцкая, 151В-18), Баранавічах (вул. Леніна, 4), Брэсце (бульвар  Касманаўтаў, 40), Віцебску (вул. Леніна, 65), Гомелі (пр-т Леніна, 34; пр-т Рэчыцкі, 5В), Гродне (вул. Савецкая, 18), Магілёве (вул. Ленінская, 85), Маладзечне (вул. Прытыцкага, 4), Мінску (пр-т Пераможцаў, 3), Оршы (вул. Леніна, 17), Пінску (вул. Леніна, 28), Полацку (пр-т Францыска Скарыны, 7), Салігорску (вул. Чыгуначная, 30).

Колькасць папяровых асобнікаў комікса абмежаваная, але арганізатары праекта «Я бачу!» паклапаціліся аб тым, каб усе ахвотныя маглі прачытаць яго ў электроннай версіі. Бліжэй пазнаёміцца з усімі персанажамі таксама можна ў Viber – для месэнджэра выпушчана адмысловая серыя сцікераў «Я бачу!».

img_4850.jpg


Аўтары гісторыі – удзельнікі творчага аб’яднання «Сучасны комікс» Мікіта Сеннікаў і Вольга Алданава. Яны прадстаўляюць адзіную ў нашай краіне суполку, куды ўваходзяць усе беларускія аўтары, якія папулярызуюць комікс-культуру на роднай мове.

 

img_4888_1.jpg

Даведка

«Я бачу!» – унікальны дабрачынны праект па дыягностыцы зроку і аказанні афтальмалагічнай дапамогі дзецям з сельскай мясцовасці. Ён рэалізуецца Беларускім дзіцячым фондам і кампаніяй А1 пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. З 2016 па 2019 год у рамках праекта ўрачы агледзелі 51 474школьнікі ў Магілёўскай, Гомельскай, Брэсцкай і Віцебскай абласцях.

Паводле прэс-рэлізу