Мастакі з «Пагоні» правялі пленэр ля Курапатаў
Творцы з суполкі «Пагоня» Беларускага саюзу мастакоў 19 кастрычніка правялі пленэр напярэдадні выставы «Праўда пра Курапаты».
Мастакі сабраліся на полі паміж Курапатамі і «Экспабелам», дзе ў даваенны час праходзіла гістарычная «Дарога смерці» — частка грунтоўкі на Дроздава, па якой бязвінных ахвяраў вазілі на расстрэл у стары хваёвы бор на паўночна-усходнім ускрайку Мінска.
Сёння дарога ўзараная, але жыхары суседніх вёсак штогод наўпрост па полі тораць сезонную сцежку, якая часткова супадае з трасаю старадаўняга шляху. Не выклікае сумневу, што траса «Дарогі смерці» мусіць быць захавана як важны элемент гістарычнага краявіду, звязанага з памяццю пра Курапаты — сімвал чырвонага тэрору ў Беларусі.
Грамадства лічыць, што запланаванае будаўніцтва Нацыянальнага выставачнага цэнтру на полі паміж урочышчам і «Экспабелам» пагражае існаванню «Дарога смерці», нягледзячы на тое, што яна ўваходзіць у ахоўную зону Курапатаў, дзе забаронена любое новае будаўніцтва апроч патрэбаў самой гістарычна культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння «Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 30-х-40-х гадоў XX стагоддзя ва ўрочышчы Курапаты».
Алесь Мара намаляваў партрэты ўдзельнікаў пленэру і паказаў свае працы
Пагроза існаванню трасы «Дарогі смерці» выклікана наступным. Архітэктары прапанавалі ўсталяваць мяжу ахоўнай зоны на адлегласці ў 240 м ад ускрайку Курапацкага лесу. Такая адлегласць, на думку спецыялістаў, гарантавала б захаванасць трасы, дазваляла яе будучую мемарыялізацыю і стварала дастатковую буферную зону паміж дарогай і сучаснай забудовай з усходняга боку. Аднак у зацверджаным Міністэрствам культуры праекце зонаў аховы Курапатаў ад 1 снежня 2014 года мяжа ахоўнай зоны каштоўнасці прывязана да адсутнай сёння «Дарогі смерці» на адлегласці ад яе ў шэсць метраў на ўсход. Такім чынам, рэальна зацверджаная мяжа будзе не ў 240 м ад ускрайку Курапацкага лесу, а на 20-50 метраў бліжэй. А паколькі Мінкультуры пакінула ў нарматыўным акце прыблізную прывязку да лесу ўсходняй мяжы ахоўнай зоны ў 240 м, атрымалася, што гэтая мяжа дакладна не прывязаная і яе лакалізацыю можна аспрэчыць.
Накіды робіць Лявон Грышук
Вось чаму грамадскасць прапануе ўладам перагледзець тэрыторыю размяшчэння НВЦ і захаваць за полем паміж урочышчам і «Экспабелам» статус Месца нацыянальнай памяці.
Свой твор дэманструе Ніна Сакалова-Кубай
Працы ўдзельнікаў пленэру будуць экспанавацца на III дакументальна-мастацкай выставе “Праўда пра Курапаты”, што адчыніцца 11 лістапада ў 17.00 у фае першага паверху сталічнага Палаца мастацтва. Выстава будзе працаваць 10 дзён.