«Нязломны з Назарэту» — па-беларуску
У Мінску адбылася прэзентацыя аповесці Рышарда Курыльчыка «Нязломны з Назарэту». У перакладзе Анатоля Бутэвіча кніга пабачыла свет і на беларускай мове.
У Чырвоным касцёле, дзе 12 снежня прайшла прэзентацыя, усе прывезеныя кнігі разышліся за пару гадзін. Давялося ехаць за новай партыяй. Рышард Курыльчык і Анатоль Бутэвіч падпісвалі кнігі паўтары
гадзіны. Увесь гэты час людзі стаялі да іх у чарзе.
У Мінску адбылася прэзентацыя аповесці Рышарда Курыльчыка «Нязломны з Назарэту». У перакладзе Анатоля Бутэвіча кніга пабачыла свет і на беларускай мове.
У Чырвоным касцёле, дзе 12 снежня прайшла прэзентацыя, усе прывезеныя кнігі разышліся за пару гадзін. Давялося ехаць за новай партыяй. Рышард Курыльчык і Анатоль Бутэвіч падпісвалі кнігі паўтары
гадзіны. Увесь гэты час людзі стаялі да іх у чарзе.
«Я вельмі рэдка сустракаюся з чытачамі. Кніга павінна гаварыць за аўтара», — лічыць Рышард Курыльчык. Для беларусаў ён зрабіў выключэнне. І такая цікавасць да кнігі, як ён
прызнаўся, стала для яго нечаканасцю. Дарэчы, аўтар мае повязь з беларускай зямлёй. Ён нарадзіўся ў 1945 годзе на Браслаўшчыне.
Аповесць польскага аўтара перакладзена на многія мовы. Па ёй у Польшчы знялі фільм. У Мінску яна выйшла ў прыватным выдавецтве «Кавалер» накладам тысячу асобнікаў.
«Ён выдатны пісьменнік гістарычнай тэматыкі, — распавёў пра аўтара Анатоль Бутэвіч. — Яго называюць апошнім з магікан гістарычнай прозы ў Польшчы. Ён піша пра тое, што
адбывалася вельмі даўно. Але піша так займальна і захапляльна, што чытаецца, як быццам гэты чалавек быў сведкам тых падзей. Бо ён здольны на падставе дакладных фактаў ствараць такі твор, які
ўспрымаецца і як гістарычны, і як мастацкі».
«Гэта не рэлігійны тэкст. Гэта кніжка гістарычная», — падкрэсліў перакладчык. Рышард Курыльчык адзначыў, што вельмі доўга рыхтуецца да напісання кнігі. Збірае матэрыялы,
вывучае навуковыя працы, жыццё людзей — усё, што датычыцца тых часоў. З размоваў з вернікамі ён зрабіў выснову, што нават яны вельмі мала ведаюць пра гісторыю рэлігіі. Таму што Ісус
з’яўляецца для іх толькі Богам. «Яны не глядзяць на тое, што Ісус з’явіўся як чалавек, — сказаў Рышард Курыльчык. — Я хацеў паказаць складанасць той
сітуацыі і тых часоў. Як ён мог жыць у час першага стагоддзя нашай эры».
Прадмову да кнігі напісаў доктар гістарычных навук, прафесар Віктар Фядосік. І адзначыў: «Аўтар аповесці літаральна па драбінках сабраў вялікую колькасць гістарычных звестак пра грамадства,
людзей, якія жылі ў Палесціне на пачатку І стагоддзя нашай эры... Вялікая заслуга аўтара — рэканструкцыя менавіта сапраўднай рэчаіснасці. ...Аўтар стварыў дакладныя характарыстыкі персанажаў
свайго твора па гістарычных звестках. ...Многае можа ўспрымацца як нечаканае, неверагоднае, але аўтарская версія мае права на існаванне, бо яе галоўная апора — рэаліі тагачаснага
жыцця».
Кніга складаецца з 12 раздзелаў, названых гадзінамі, якія апавядаюць пра зямное жыццё Хрыста. Дзесятая гадзіна — гэта ўкрыжаванне. «І калі я чытаў, мяне ўразіў перш за ўсё гэты
тэкст. Я пачаў перакладаць менавіта з дзясятай гадзіны. А потым вярнуўся да ўсяго тэксту», — паведаміў Анатоль Бутэвіч.
Дванаццаты раздзел пакінуты пустым. «Я хацеў бы, каб чытач сам знайшоў выснову, — зазначыў Рышард Курыльчык. — Ён глядзіць на Бога, Сына Божага, Чалавека, які жыве ў той
эпосе. Ён павінен сам адказаць сабе на пастаўленыя пытанні. Тое, у што я веру і як, гэта мая гісторыя, прыватныя пытанні і прыватныя адказы. Я нічога не хачу яму казаць».