Нобелеўская прэмія-2022: кандыдаты і іх дасягненні
Набліжаецца чарговы Нобелеўскі тыдзень, і калі раней самым чаканым быў літаратурны Нобель, то ў апошнія гады больш увагі прыцягвае Прэмія міру.
Нобелеўскія камітэты ніколі не намякаюць, хто атрымае прэміі ў галіне медыцыны, фізікі, хіміі, літаратуры, эканомікі ці міру. Можна толькі здагадвацца, хто выйграе ўзнагароды, якія будуць абвешчаныя пачынаючы з панядзелка, 3 кастрычніка.
Сёлета самая прэстыжная прэмія ў свеце будзе ўручацца на фоне войнаў ва Украіне і Эфіопіі, перабояў з пастаўкамі энергіі і харчавання, узрастаючай няроўнасці, кліматычнага крызісу і наступстваў пандэміі COVID-19.
Навуковыя прэміі прысуджаюцца за складаныя дасягненні, недаступныя разуменню большасці. Але Лаўрэаты прэмій у галіне міру і літаратуры часта вядомыя сусветнай аўдыторыі, і іх выбар часам выклікае эмацыйную рэакцыю сусветнай супольнасці.
Нобелеўская прэмія міру — ці толькі пра мір?
Члены Еўрапейскага парламента заклікалі да таго, каб у гэтым годзе Камітэт прысуджэння Нобелеўскай прэміі міру адзначыў прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага і народ Украіны за іх супраціў расійскаму ўварванню.
Хоць гэтае жаданне зразумелае, піша «Associated Press», такі выбар малаверагодны, таму што Нобелеўскі камітэт мае гісторыю ўшанавання дзеячаў, якія спыняюць канфлікты, а не лідараў ваеннага часу, сказаў Дэн Сміт, дырэктар Стакгольмскага міжнароднага інстытута даследаванняў праблем свету.
«Гэта сапраўды цяжкі перыяд у сусветнай гісторыі, і міру дасягнута не так ужо шмат», — сказаў навуковец.
Спрыянне міру не заўсёды ўзнагароджваецца Нобелеўскай прэміяй. Знакаміты індус Махандас Гандзі, выбітны сімвал негвалтоўнага супраціву, ніколі не ўдастойваўся такога гонару.
У некаторых выпадках пераможцы не адпавядалі каштоўнасцям, замацаваным у Прэміі міру.
Толькі на гэтым тыдні Ватыкан прызнаў накладанне дысцыплінарных санкцый на лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру біскупа Карласа Хіменэса Белу пасля абвінавачанняў у сексуальным гвалце над хлопчыкамі ва Усходнім Тыморы ў 1990-х гадах.
Прэм'ер-міністр Эфіопіі Абій Ахмед быў узнагароджаны ў 2019 годзе за заключэнне міру з суседняй Эрытрэяй. Праз год у рэгіёне Тыграй зноў успыхнуў этнічны канфлікт — і цяпер ужо Абія абвінавачваюць у распальванні напружанасці, якая прывяла да шырокамаштабных зверстваў. Крытыкі заклікалі пазбавіць яго Нобелеўскай прэміі, і Нобелеўскі камітэт зрабіў яму перасцярогу — што бывала вельмі рэдка ў гісторыі прэміі.
М'янманская актывістка Аўнг Сан Су Чжы атрымала Нобелеўскую прэмію міру ў 1991 годзе за сваю нязгоду з праўленнем хунты, але праз дзесяцігоддзі лічылася няздольнай супрацьстаяць зверствам, якія здзяйсняюцца пераважна ў дачыненні да мусульманскай меншасці рахінджа.
Прэмія міру на працягу некалькіх гадоў не прысуджалася падчас Першай сусветнай вайны (за выключэннем ушанавання Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа ў 1917 годзе), з 1939 па 1943 гады — з-за Другой сусветнай вайны. У 1948 годзе, у год смерці Гандзі, Нарвежскі нобелеўскі камітэт не прызначыў узнагароду, спаслаўшыся на адсутнасць патрэбнага жывога кандыдата.
Прэмія міру не заўсёды гарантуе абарону
У мінулым годзе журналісты Марыя Рэса з Філіпін і Дзмітрый Муратаў з Расіі былі ўзнагароджаны «за іх мужную барацьбу за свабоду выказвання меркаванняў» перад абліччам аўтарытарных урадаў.
Пасля ўварвання ва Украіну Крэмль яшчэ больш жорстка расправіўся з незалежнымі СМІ, у тым ліку з «Новай газетай» Муратава. Сам Муратаў падвергнуўся нападу ў расійскім цягніку, дзе яго аблілі чырвонай фарбай, пашкодзіўшы вочы.
Урад Філіпін у гэтым годзе распарадзіўся закрыць навінавую арганізацыю «Rappler», дзе працавала Марыя Рэса.
Непрадказальнасць літаратурнага Нобеля
Мала хто ставіў на леташняга пераможцу, ураджэнца Занзібара, пісьменніка з Вялікабрытаніі Абдулразака Гурну, чые кнігі даследуюць асабістыя і сацыяльныя наступствы каланіялізму і міграцыі.
Гурна быў шостым лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры, які нарадзіўся ў Афрыцы, і прэмія доўгі час падвяргалася крытыцы за тое, што яна занадта арыентавана на еўрапейскіх і паўночнаамерыканскіх пісьменнікаў. Таксама у ёй дамінуюць мужчыны, і сярод яго 118 лаўрэатаў усяго 16 жанчын.
Відавочным сёлетнім прэтэндэнтам з'яўляецца Салман Рушдзі, які нарадзіўся ў Індыі. Ён правёў гады, хаваючыся пасля таго, як клерыкальныя кіраўнікі Ірана заклікалі да яго смерці за раман 1988 года «Сатанінскія вершы». 75-гадовы Рушдзі атрымаў некалькі нажавых раненняў у жніўні на фестывалі ў штаце Нью-Ёрк.
У спіс магчымых пераможцаў уваходзяць літаратурныя гіганты з усяго свету: кенійскі пісьменьнік Нгугі Ва Тхіонга, японец Харукі Муракамі, нарвежац Джон Фос, ураджэнка Антыгуа Ямайка Кінкейд і францужанка Ані Эрно.
Прэміі Гурну ў 2021 годзе і амерыканскай паэтцы Луізе Глюк у 2020 годзе дапамаглі літаратурнаму Нобелю пераадолець шматгадовыя спрэчкі і скандалы.
У 2018 годзе прысуджэнне прэміі было адкладзена пасля таго, як абвінавачанні ў сексуальным гвалце ўскалыхнулі Шведскую акадэмію і выклікалі масавы адток яе чальцоў. Акадэмія абнавіла свой склад, але сутыкнулася з большай крытыкай за прысуджэнне літаратурнай прэміі 2019 года аўстрыйцу Петэру Хандке, якога называюць апалагетам ваенных злачынстваў Сербіі.
Некаторыя навукоўцы спадзяюцца, што прэмію ў галіне фізіялогіі або медыцыны атрымаюць калегі, якія адыгралі важную ролю ў распрацоўцы тэхналогіі мРНК, што выкарыстоўвалася ў вакцынах супраць COVID-19.
«Калі мы думаем пра Нобелеўскія прэміі, мы думаем пра рэчы, якія змяняюць парадыгму, і ў пэўным сэнсе я разглядаю вакцыны з мРНК і іх поспех у барацьбе з COVID-19 як паваротны момант для нас», — сказала Дэбара Фулер, прафесарка мікрабіялогіі Вашынгтонскага ўніверсітэта.
Фізіка часам можа здацца загадкавай і цяжкай для разумення. Але апошнія тры гады Нобелеўская прэмія па фізіцы прысуджалася па больш даступных тэмах: камп'ютарных мадэлях змены клімату, чорных дзірках і планетах па-за межамі нашай Сонечнай сістэмы.
Некаторыя больш цяжкія для разумення тэмы ў фізіцы — такія, як спыненне святла, квантавая фізіка і вугляродныя нанатрубкі — могуць атрымаць Нобелеўскую прэмію ў гэтым годзе.
Аб'явы аб прысуджэнні Нобелеўскай прэміі пачынаюцца ў панядзелак з прысуджэння прэміі па фізіялогіі або медыцыне, за якой ідуць фізіка ў аўторак, хімія ў сераду і літаратура ў чацвер. Нобелеўская прэмія міру 2022 года будзе абвешчаная 7 кастрычніка, а прэмія па эканоміцы — 10 кастрычніка.
Прызы ўключаюць у сябе грашовую прэмію ў памеры 10 мільёнаў шведскіх крон (амаль 900 000 долараў) і будуць уручаны 10 снежня.