«Па-сабачы, з недагаворкамі»: звольнілі Сяргея Клімава, дырэктара Нясвіжскага замка, які зрабіў з яго цукерку

Клімаў — выбітная фігура ў сферы культуры, турызму і музейнай справы. Ён пачаў кіраваць Нясвіжскім замкам 10 год таму, калі той быў у заняпадзе, і не лічыўся нават абавязковай да наведвання турыстычнай каштоўнасцю.

Сяргей Клімаў, фота Дар'і Буракінай

Сяргей Клімаў, фота Дар'і Буракінай


Клімаў дамовіўся з нашчадкамі Радзівілаў аб вяртанні пэўных экспанатаў у Беларусь, за кароткі час зрабіў вялізную работу па напаўненні калекцыі замка.

За гэта ў 2016-м Нясвіж адзначылі прэстыжнай культурніцай прэміяй «Еўропа Ностра». «Супрацоўнікі музея выйшлі далёка за межы сваіх абавязкаў і могуць быць прыведзены як узор усім астатнім работнікам дадзенай сферы ў Еўропе», — казалася ў рашэнні журы.

Амаль роўна праз 10 год ад пачатку работы Клімава цішком звольнілі. Як гэта было, Клімаў расказаў «Нашай Ніве».

«Па-сабачы, цішком мяне звальнялі, нібыта нешта скраўшы, абы б ніхто не даведаўся, — кажа Клімаў. — Пазваніў шараговы супрацоўнік Міністэрства культуры і сказаў, што міністр прапанаваў мне напісаць заяву на звальненне. Але я адмовіўся.

Праз пару гадзін мне паступіў званок пра тое, што я звольнены, заўтра магу прыбыць у міністэрства і азнаёміцца з паперай.

Ніякіх прычын ніхто не тлумачыць, адныя нейкія намёкі: «Ну, вы ж разумееце…». Не, я не разумею! Нават ва ўмовах пандэміі сёлета музей зарабіў 800 тысяч долараў, прыняў 170 тысяч наведнікаў. Але той, хто аддаваў загад на звальненне, канечне ж, пра гэта ўсё ведаць не можа».

З Клімавым датэрмінова скасавалі працоўны дагавор па артыкуле 259 Працоўнага кодэкса. Ён гучыць так: «Па рашэнні ўласніка маёмасці арганізацыі або ўпаўнаважанага ім органа працоўны дагавор з кіраўніком арганізацыі можа быць скасаваны да заканчэння тэрміну яго дзеяння ў выпадку адсутнасці вінаватых дзеянняў (бяздзейнасці) кіраўніка арганізацыі». Раней па гэтым жа артыкуле быў звольнены і дырэктар Купалаўскага тэатра Павел Латушка.

У жніўні 2020 года над Нясвіжскім замкам з’явіўся бел-чырвона-белы сцяг.Клімаў кажа, што не прападзе, але не думае, што ў будучыні будзе мець справы з Міністэрствам культуры. Кажа, што яму ўвесь час паступалі прапановы з замежжа, цяпер ён гатовы будзе іх разгледзець.

«Не тое, каб гэта для мяне нечакана. Я ўсё ж разумею логіку працэсаў, якія адбываюцца. Усё заканамерна, але ненадоўга. Мяне хіба што здзівіла, што не знайшлося мужнасці сустрэцца і пагаварыць», — рэзюмуе ён.