Пачаўся прыём заявак на Прэмію Цёткі для ілюстратараў і пісьменнікаў

Стартуе шосты сезон Прэміі Цёткі, якая ўганароўвае найлепшыя кнігі для дзяцей і падлеткаў. На конкурс прымаюцца кнігі 2020 года, напісаныя і выдадзеныя на беларускай мове або аформленыя беларускім мастаком ці мастачкай.

premija_cetki.jpg

Прэмія Цёткі прысуджаецца ў дзвюх намінацыях: найлепшы літаратурны твор для дзяцей і падлеткаў (гэта можа быць проза, паэзія, драматургія) і найлепшае мастацкае афармленне кнігі. Пераможцу кожнай намінацыі вызначае асобнае журы. Лаўрэаты (аўтар/аўтарка арыгінальнага беларускага твору і мастак/мастачка) атрымаюць грашовы прыз.

Каб падаць кнігу на конкурс, трэба да 30 красавіка запоўніць адмысловую форму. Прапанаваць кнігу на разгляд могуць самі аўтары і мастакі, сябры журы, аргкамітэт прэміі, выдавецтвы і наогул любы зацікаўлены чытач.

Прэмія Цёткі ўручаецца з 2016 года. За гэты час пераможцамі прэміі рабіліся Надзея Ясмінска і мастачка Кацярына Дубовік з кнігай «Сем ружаў», Уладзімір Арлоў і Павел Татарнікаў з кнігай «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі», Валер Гапееў з кнігай «Мая мілая ведзьма» і Лізавета Лянкевіч з ілюстрацыямі да кнігі Рыгора Барадуліна «Азбука. Вясёлы вулей», Вера Бурлак з кнігай вершаў «Фантазюркі» і Кацярына Дубовік з ілюстрацыямі да кнігі Надзеі Ясмінскай «Чаму Меша не мае хаты».

Летась лаўрэаткамі сталі Зараслава Камінская з кнігай «Калядны стол» і Вераніка Шпак, якая аформіла кнігу Генадзя Аўласенкі «Як зубраня “Зубраня” наведала».

Паводле прэс-рэлізу