Паэткі жаноцкасці. Кнігі Насты Кудасавай і Ірыны Ляшкевіч

Параўнанне дабратворна лагодзіць літаратурную крытыку, адбіраючы ў яе суб’ектывізм. Аднак творы паэтак з Рагачова Насты Кудасавай і са Століншчыны Ірыны Ляшкевіч параўноўваюцца як невядомыя велічыні.

Наста Кудасава

Наста Кудасава

Знаёмства з Н. К.

На выступе Насты Кудасавай атрымалася пабыць у берасцейскай творчай «Прасторы КХ» у 2016 годзе. Імя там на той час было невядомае.

Станоўча настройвала тое, што прэзентацыю вершаў сталічныя менеджары літаратуры зладзілі аўтарцы з перыферыі. Як-ніяк, свет усё больш ператвараецца ў глабальную вёску, і ў ёй, гэтай вёсцы, у самым глухім куце можа сядзець не абы які творца...

Як цяпер помню: чытанне фармальна нудзіла, і не толькі таму, што прыйшла купка берасцейцаў. Невыразнае гучанне не давала расчуць верш, і асабліва раздражняла манера напрыканцы ўсё зводзіць да шэпту. І гэта, калі «на аўтамаце» ўжо зразумела: твор акцэнтуецца і акрэсліваецца часта і лагічна якраз канцоўкай, і менавіта яна powerpoint, «кропка сілы».

Сваё не самае ўдалае чытанне Н. Кудасава перапыняла расповедамі пра сябе. Даведаліся: мае адукацыю настаўніцы расейскай мовы і літаратуры, дваіх малых яшчэ дзяцей, якіх выхоўвае сама, праблемы з працаўладкаваннем, бо ў правінцыі рабочых месцаў нестае. Вырасла ў сям’і, дзе гаварылі на рускай (расейскай) мове. Але «я спрабавала па прозвішчы знайсці свае беларускія карані».

Такая шчырасць справакавала задаць пытанне: а ці ёсць жаночая паэзія? Госця адказала насцярожана, неяк у духу «літаратура бывае толькі добрай або не».

А дарма. Я не пра тое, што прайшла ўжо на той час не адна дыскусія на тэму, ці ёсць жаночая паэзія, і большасць удзельніц раз’ятрана адпрэчвалі «ружовае гета». Я пра тое, што прайшлі ўжо добрых паўгадзіны чытання, і атрымалася расчуць незвычайнасць пэўных радкоў, якія ніяк не мог напісаць мужчына...

«Не хачу ні мора, ні літасці. \\ толькі б з гэтага болю выпаўзці. \\ нібы ўласная скура мне здрадзіла, \\ і на мясе раздзёртым градзіны \\ скачуць вусцішна, саламейна. \\ забяры мяне ў край кялейны, каб — душа, і вакол — ні душы…».

Або такое:

«млынавае паўнавольнае \\ мовінае рамяство \\ вонкі зманлівымі ролямі \\ выварочвае на стол \\ што ламаецца што мелецца \\ скроні спрэс у скразняках \\ скальдзіца мая кялейніца \\ ненамольная мука».

Або гэты вельмі жаночы верш, не прачытаны з нейкай прычыны тады на прэзентацыі:

«падушка — бо падаць \\ і тварам, і духам, \\ балючую вадкасць \\ з вачніцаў выплюхваць, \\ зрабіцца маленькай \\ і безабароннай, \\ абняць за каленкі \\ сваю абалонку \\ і слухаць, як вулей \\ капошыцца ў сэрцы, \\ пакуль не прачнуліся \\ дзеці.»

Зусім не здзівіла, што надрукаваны неўзабаве пасля берасцейскай прэзентацыі зборнік Насты Кудасавай з вельмі паэтычным назовам «Маё невымаўля» быў названы Кнігай 2016 года.


І нашы могуць

Праз год і ў нас пайшла пагалоска: ёсць паэтка, мае кнігу. «Вас я чакала, пэўна, Вас…\\ Калі апошні промень згас \\ Малінавага дня. \\ А шаты неба нада мной \\ І вечар сіняю сцяной — \\ Найблізкая радня. \\ Вам я шаптала, пэўна, вам \\ Кахання словы, а багам — \\ Малітвы ўдзячнасці. \\ Там сцежка вузкая ў траве, \\ І вэлюмам туман плыве, \\ Хвіліны шчаснасці. \\ Вы ўсё ж былі, напэўна, Вы… / Зляцелі гусі на ставы \\ З нябёс анёламі. \\ Пяшчотнасць Вашых вуснаў, рук… \\ А сведкі — той магутны дуб, \\ жаўрук над сёламі».

Першыя тры словы гэтага верша Ірына Ляшкевіч абрала назовам усёй кнігі. Друк узяло на сябе выдавецтва «Кнігазбор», прэзентацыі былі шмат дзе, найперш у Берасці, у Цэнтральнай гарадской бібліятэцы і ў Менску ў «Галерэі tut.by».

Кніга вельмі жаночая, поўная (чакання) пяшчоты, спадзявання шчасця, але і гаркаты, і мудрасці. Для яе, дарэчы, у Ірыны падставаў, мабыць, больш, чым у Насты: яна маці чатырох дзяцей, трое з іх, з першай сям’і, ужо дарослыя, гадуюць сваіх дзетак…

«Ты і маё каханне \\ ў палоне байфлая, вайфая. \\ у нас не было спатканняў, \\ але былі кветкі мая. \\ у нас былі думкі і словы, \\ яднанне шалёных сэрцаў, \\ у нас была родная мова \\ малітвай у адзінаверцаў. \\ сваіх не хавалі пачуцццяў, \\ і Бог нам — не людзі! — у суддзі…»

А яшчэ больш жаноцкай паэтыкі тут: «Засцілаючы дол сухалісцем, \\ Не мінула ніводнай сцежкі, \\ Пэўна, восень адшуквала выйсце \\ На кароткім жыццёвым прамежку \\ З верасовай духмянай паляны, дзе самотаю бабіна лета…\\ Недзе яблык чакае крамяны \\ Еву-восень у садзе Сусвету. \\ Залатое шыкоўнае ўбранне \\ Пазрывалі вятры-ліхадзеі… \\ І на сцежцы сустрэла каханне, \\ А з каханнем адчула надзею…\\ На кароткім жыццёвым прамежку \\ найсалодшая Евіна сцежка…»


Ведзьма-вядуння

Матывы нейкага force majeure вычытваюцца, але больш вычуваюцца і ў «невымоўным» Насты Кудасавай. На пярэдні план для мяне, аднак, выйшла чыста жаночая лінія ведавання і чараў. У Ірыны Ляшкевіч чытаем:

«Да крыжоў крыжовы шлях \\ праз жыццё да скону. \\ над табою чорны птах, \\ над зямлёй паклоны. \\ у самоце твой Анёл, \\ у журбе — дарога. \\ памінальны людзям стол. \\ а малітвы Богу…»

Або яшчэ адзін заклён:

«за травамі, за цудадзейным зеллем \\ ад злых вачэй збягу ў купальскі луг.\\ дарогу сонца променямі сцеле, \\ і кружыць галаву мядовы дух. \\ нам не шукаць з табою кветку шчасця. \\ пакінем іншым. Хай цвіце для іх. \\ я паспрабую сэрца тваё ўкрасці \\ купальскай варажбою хоць на міг».

У вершы «Кудаса» (мясцовае для «мяцеліца», як патлумачыла сама аўтарка) колеры відавочна больш цёмныя:

«Выдзьму твае спадзевы, \\ дзеі прыцерушу, \\ вусцішнай каралевай \\ выстуджу ўсю душу. \\ лепей адразу здайся \\ і не хавай ключы: \\ ад варажбы кудасы \\ моўкніку не ўцячы. \\ выцалую ўсе вершы — \\ заледзянее рот, \\ будзеш, жабрак бязвешні, \\ стыць халастым нутром. \\ я на кавадлах віру \\ лёс свой перакую — будзеш насіць як вырак \\ злую любоў маю!»

Але фіялет халоднай Н. Кудасавай у вершы «Плячо» саступае жаноцкай... так, ружовасці!

«Плячом палячы, прытулі аж датуль, \\ пакуль не пачнецца віна, \\ прадыхай ратункам у скронь-слепату мне, \\ што я не адна, не адна. \\ хай збудзецца ўсё, што так страшна назваць, \\ што цепліцца ў гронках-руках, \\ Пакуль я сплываю ў пляча твайго завадзь — \\ шчаслівы пакорны птах…»


Гукапіс як ключ



2_iryna_ljaszkevicz.jpg.jpg


Ірына Ляшкевіч, атрымаўшы дыплом эканаміста, аддала перавагу… свайму з малых гадоў захапленню — музыцы і фальклору, пайшла ў школу выкладаць гэты прадмет і стварыла ў сваёй вёсцы Мачуль узорны дзіцячы фальклорны гурт «Згадка». Натуральна, у яе вершах прысутнічае гэтая музычнасць. Прысутная ў яе таксама і гукасэнсіца, характэрная добрай паэзіі: «Пад паклоны вербалозу \\ Лодка лёгка слізгане. \\ І празрыстыя стракозы \\ Пажадаюць шчасця мне». Зацемім тое, што стане відавочным, бо прадметным неўзабаве: верш Насты Кудасавай жывіцца з мелодыкі гукаў, у той час як музыка радкоў Ірыны Ляшкевіч сатканая з добра падагнаных, як цаглінкі ў ладнай кладцы, словаў, мае песенную прыроду: «Слухай, слухай…\\ Слухай, слухай…\\ Плача вецер за акном. \\ Ноч — сівая векавуха \\ Поіць поўню над сялом. \\ Слухай, слухай…\\ За ракою, \\ За прыснежаным мастом \\ Вые воўк з такой тугою \\ Пахавальны свой псалом. \\ Сон піліпаўскае ночы. \\ Адзіноты, смутку цень. \\ Сум дзявочы — лёс сірочы… \\ Слухай… \\ Хтосьці там прарочыць \\ Новы і шчаслівы дзень».

«Перагаласоўкі» ў вершах Насты Кудасавай больш канцэнтраваныя, у літарах нібыта прадказальныя, але сэнсам нечаканыя: «…загаіла б, ды гай далёка»; «Павучыны пявучы \\ даматканы радок — з тонкіх нітак сугуччаў \\ праца роспачных ног»; «спатканне — тканне спаянасці, \\ спагады вышняй пагляд. \\ пакуль не спаліцца спальнасцю \\ душы нямое цяля, \\ пакуль бясцела, бяздотыкна \\ выдыхваем дзён палатно, \\ нам дадзена кожным спотыкам \\ радніцца ў адно радно…» («Спатканне»).

Для Насты Кудасавай беларуская мова — гэта набор пярлінаў, для нас шкляных, для яе дыяментавых, якімі яна смела і захоплена гуляецца, адкрываючы ў вясёлкава-прызматычным святле новыя сэнсы. Жывучы (з маёй веды) збольшага ў полі расейскай мовы, яна ўмее цаніць свежасць новага, і дай ёй Бог яе, гэтую свежасць, захаваць як мага даўжэй. Дарэчна было б сказаць тут пра феномен Максіма Багдановіча, — абы аўтарка не пакрыўдзілася на маскуліннасць.

Для Ірыны Ляшкевіч беларуская мова таксама спецыфічная, але па-іншаму, як для прыватнага свету Кудасавай — так, як яна спецыфічная ў нас у спецыфічнай краіне з назовам Беларусь.

З майго назірання і на маёй памяці рознага роду бальшавікі ўжо трэці раз нішчаць беларускія школы, прычым «шчыруюць» яны, пераводзячы іх на расейшчыну, найперш у чыста беларускай этнічнай зоне. А вось рэгіянальнае Палессе, з волі нейкай логікі, застаецца з беларускімі школкамі. Для палешукоў, якія дома гавораць не на «трасянцы», як гэта мае месца на Магілёўшчыне, у Цэнтральнай Беларусі або яшчэ дзе, а «по-свуйму», беларуская мова — гэта чыста культуровы код, гуляцца з якім менш нагодаў. Адсюль больш «песенны» гукапіс у паэтыцы настаўніцы і фалькларысткі са Століншчыны.

Дадам яшчэ адну рыску, якая пацвярджае сказанае. Наста Кудасава відавочна больш кніжная, абазнаная ў сусветнай літаратуры. Гэта ні паляпшае, ні пагаршае — гэта ўплывае. «Верасень — роспачны Вертэр — \\ лісце пакуе ў канверты, \\ піша парывіста «Werde!» \\ моліцца дрэваў пажарам…. \\ Пойдзем з чужой грымёркі \\ ў край, дзе не дзейсныя оркі, \\ выкрыкнем urbi et orbi \\ горлаў расхрыстаных праўду…»

Каб пацвердзіць папярэдняе «ні паляпшае, ні пагаршае», прывяду ў прыклад чатырохрадковік Ірыны Ляшкевіч: «Адны ўзлятаюць да нябёс. \\ Куды ж падзецца: Бог даў крылы! \\ Другім жа — павучыны лёс: \\ плясці інтрыгі да магілы».

Фота з архіву Н. Кудасавай і І. Ляшкевіч