Яўген Вапа: Беларуская культура бязмежная

Два беларускія пісьменнікі з Падляшша сталі намінантамі прэстыжных літаратурных прэмій Беларусі. У кароткім спісе прэтэндэнтаў на прэмію Наталлі Арсенневай апынулася кніга Надзеі Артымовіч «Краявід з невідочнай памылкай». А сярод кніг, адабраных у кароткі спіс прэтэндэнтаў на Прэмію Гедройца, «Поўня» Міхала Андрасюка.

22222_833x400.jpg

Галоўны рэдактар тыднёвіка «Ніва» Яўген Вапа распавёў Радыё Рацыя:

— Гэта ўжо 54—55 кніжкі на нашай палічцы выдавецтва «Ніва». Кніжка Надзеі Артымовіч 54-я, а Міхася Андрасюка 55-я. Маем «Поўню» і лічбу 55. Мы на гэтыя кніжкі чакалі доўгія гады. Адзін пісьменнік і другая пісьменніца-паэтэса працуюць над словам, не спяшаюцца. Літаратура ўзнікае ў слуханні, адчуванні кожнага гуку, кожнага слова, кожнага сказу.

Пашпартам беларускасці з’яўляецца беларускае слова Надзеі Артымовіч. Артымовіч нікуды не выязджае за мяжу, яна жыве толькі Бельску Падляшскім. Беларускасць і яе Бельск Падляшскі з’яўляюцца эпіцэнтрам свету. Такі самы свет мы можам перанесці і шпацыруючы вуліцамі Бельска ўявіць вуліцы Гародні, вуліцы Ліды, Берасця, Ваўкавыска, Нарвы, Нараўкі, можам учытвацца, услухоўвацца ў тое яе вандраванне слова. Надзея Артымовіч гэтым словам прымушае ўглядацца ў сябе, жыць з самім сабою, са сваімі думкамі.

Міхал Андрасюк сваёй памяццю пра жыццё мае тую свядомасць, якая засталася пабачанымі ўжо ўяўленнямі, вобразамі, словамі таго кавалачку беларускага свету, які занікаў у нас ад 60-х гадоў. Міхал Андрасюк трывала запісаў беларускі свет, беларускую душу. Адбыўся матч за нашу памяць, каб яна не знікла.

Гэтыя аўтары, гэтыя кніжкі з’яўляюцца важнымі не толькі для нашай агульнабеларускай літаратуры, але і для агульнапольскай, агульнаеўрапейскай, сусветнай літаратуры.

Я гэтых словаў не баюся, бо беларуская літаратура з’яўляецца бязмежнай і беларуская культура бязмежная. Таксама, як нашыя папярэднікі, якія выдавалі беларускія кніжкі і стваралі літаратурны рух на Беласточчыне, яны ўсе лічылі, што мы належым да адной агульнабеларускай літаратуры.

Сёння можна сказаць, што гэтыя кніжкі, нягледзячы на існаваўшую раней «жалезную заслону», а цяпер «папяровая заслона», якая ёсць, яны зноў вельмі моцна, выразна раз і назаўсёды знітавалі адну культурную прастору, прастору беларусаў, якія жывуць у Польшчы, з агульна беларускай прасторай. Гэта кніга ўніверсальна беларуская, універсальна чалавечая.

Наша выдавецкая прысутнасць з’яўляецца відавочнай тым, што кожныя семінарыі «Бязмежжа» і нашыя сустрэчы, дзе мы заўсёды прэзентуем беларускую літаратуру з Беласточчыны, трапляе ў Беларусь, трапляе ў часопіс «Дзеяслоў» — найбольш прэстыжны часопіс, дзе друкуюцца нашы паэты, пісьменнікі, трапляе ў іншыя выданні, трапляе ў кнігарні, трапляе ў бібліятэкі.

Але калі гаварыць пра кнігу Надзеі Артымовіч «Краявід з невідочнай памылкай» і кнігу Міхала Андрасюка «Поўня», яны ў шорт-лісце гэтых дзвюх прэмій, то для нас проста радасць і задавальненне, што чытаць і пісаць тут мы яшчэ ўмеем.

Сёлета ўрачыстая цырымонія ўручэння прэміі імя Наталлі Арсенневай за найлепшую кнігу паэзіі 2019 года адбудзецца 10 верасня ў Менскім кафэ «Грай», а ўрачыстая цырымонія ўручэння прэміі Ежы Гедройца — 25 верасня ў сталічным Палацы мастацтваў.

Гутарыла Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя