Паэзія, якая становіцца музыкай: песні на словы Янкі Купалы

У класіка беларускай паэзіі сёння дзень народзінаў — 141 год споўніўся б Янку Купалу ў гэты дзень. З гэтай нагоды budzma.me падрыхтавалі спіс песень, напісаных на вершы паэта.

Сёння Янку Купалу спаўняецца 141 год. Ілюстрацыйнае фота: palatno.media

Сёння Янку Купалу спаўняецца 141 год. Ілюстрацыйнае фота: palatno.media

1. «Малітва» — гурт «Песняры» (муз. Алега Моўчана) 

Пачнём з, бадай, самага кранальнага твора на словы Янкі Купалы — песні «Малітва», упершыню выкананай лідарам гурта «Песняры» Уладзімірам Мулявіным 24 ліпеня 1994 года на «Славянскім базары» ў Віцебску. 

Верш «Мая малітва» Купала напісаў 5 ліпеня 1906 года, а верш, першую страфу якога «Песняры» скарысталі для рэфрэна «Малітвы», быў напісаны паэтам у 1912-м. Музыку і аранжыроўку да трэка зрабіў кампазітар Алег Моўчан, які ў той час актыўна супрацоўнічаў з ансамблем «Песняры». Слухачы адразу прынялі «Малітву», і вось ужо амаль 30 гадоў твор з’яўляецца адной з вяршынь творчасці «Песняроў», блізкай беларусам розных поглядаў. Варта сёння згадаць выдатныя працы «Песняроў»: альбом «Гусляр» на словы з паэмы Янкі Купалы «Курган» і музыку Ігара Лучанка і рок-оперу «Песні долі» . 


Крыніца: OVM TV [ youtube ]

2. «Не загаснуць зоркі ў небе» (муз. Міколы Янчука) 

Некалькі твораў Янкі Купалы яшчэ пры жыцці паэта былі пакладзены на музыку і сталі своеасаблівымі «духоўнымі гімнамі» ў часы ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Іх спявалі на культурніцкіх падзеях, угодках, проста на вечарынах. Адным з такіх твораў была песня «Не загаснуць зоркі ў небе», якую Купала некалі сам назваў «Беларускім гімнам». Песня, у аснову якой быў пакладзены верш Янкі Купалы, напісаны ў 1911 годзе да пятай гадавіны выдання «Наша Ніва», сапраўды стала гімнам рэвалюцыйна настроенай беларускай моладзі. 

Твор выконваўся як гімн беларускіх патрыётаў яшчэ да зацвярджэння гімнам БНР «Ваяцкага маршу». Музыку да песні напісаў Мікола Янчук (паводле некаторых звестак, разам з Міколам Равенскім). 


Крыніца: Various Artists - Topic [ youtube ]

3. «А хто там ідзе?» (муз. Людаміра Міхала Рагоўскага) 

Яшчэ адзін «беларускі гімн» 1910-х гадоў — песня на верш «А хто там ідзе?», які быў напісаны ў 1905–1907 гадах і надрукаваны ў віленскай друкарні Марціна Кухты рэдакцыяй газеты «Наша Ніва» ў выглядзе брашуры. Музыку да гэтага гімна ў 1910 годзе напісаў Людамір Міхал Рагоўскі, які лічыцца польскім кампазітарам, але цягам трох гадоў працаваў і жыў у Вільні — з 1909-га па 1912-ты, дзе актыўна ўключыўся ў беларускую павестку. Вядома, што гэта невыпадкова, бо маці кампазітара паходзіла з Віленшчыны, а нянька спявала беларускія традыцыйныя песні.

Твор выконваўся хорам Тэраўскага і на легендарным Усебеларускім з’ездзе, які адбываўся ў Мінску ў Купалаўскім тэатры ў снежні 1917 года і даў старт утварэнню БНР. Магчыма, гэты гімн спявалі і ўдзельнікі Слуцкага збройнага чыну.


Крыніца: ПЕСНЯРЫ времени своего [ youtube ]

4. «А хто там ідзе?» — гурт «Dzieciuki» (муз. Сяргея Картэса) 

Вярнулася песня да шырокага слухача дзякуючы ўсё тым жа «Песнярам» у 1981 годзе, калі быў запісаны для фільма «Раскіданае гняздо» Сяргея Луцэнкі. Музыку да песні напісаў на той час музычны рэдактар «Беларусьфільма» Сяргей Альбертавіч Картэс.

У 2014 годзе для праекта «Re:Песьняры», які ладзіўся парталам «TuzinFm» супольна з грамадскай культурніцкай кампаніяй «Будзьма беларусамі!», гродзенскі фолк-панк гурт «Dzieciuki» запісаў свой варыянт гімна «А хто там ідзе?» на верш Янкі Купалы і музыку Сяргея Картэса. Песня атрымала маршавае гучанне ў інтэрпрэтацыі гурта дзякуючы выкарыстанню дуды і акардэона. 

5. «А хто там ідзе?» — гурт «Botanic project» (муз. Боба Марлі) 

Нетрывіяльную версію песні на словы верша Янкі Купалы «А хто там ідзе?» прапанаваў беларускі рэгі-гурт «Botanic project» у 2016 годзе. У песні скарысталі ў якасці музычнага аздаблення музыку ямайскага рэгі-спевака Боба Марлі «Exodus» — «Сыход». Трэк стаў беларускамоўным дэбютам гурта і завяршальным у альбоме «Сказка». 


Крыніца: Botanic Project - Topic [ youtube ]

6. «Гэй, наперад!» — Лявон Вольскі 

Лявон Вольскі і каманда далі новае жыццё вершу беларускага класіка ў песні «Гэй, наперад!» — яна з’яўляецца стартавай у альбоме «Белая яблыня грому», запісаным музыкамі на вершы беларускіх паэтаў ў 2010 годзе. Янка Купала напісаў верш «Гэй, наперад!» у 1911-м, і сімвалічна праз 100 гадоў Лявон Вольскі паклаў яго на музыку. Гучыць трэк вельмі энергічна, ён хіба самы дынамічны з усяго альбома. Усім, хто яшчэ не чуў, раім паслухаць.


Крыніца: Pilip Fursau [ youtube ]

7. «Толькі снег» — гурт «Re1ikt» і Павал Аракелян 

Добрая нагода згадаць сёння і песню, запісаную гуртом «Re1ikt» і Паўлам Аракелянам на верш Янкі Купалы «Сьнег», напісаны песняром узімку 1909 года. Ва ўспамінах пісьменніка і рэдактара Вацлава Ластоўскага можна знайсці згадкі пра тое, як 27-гадовы Купала прыйшоў, натхнёны віном і каханнем, у віленскую рэдакцыю «Нашай Нівы» пасля вечаровага шпацыру са сваёй будучай жонкай Уладзіславай Францаўнай Станкевіч ды скарыў усіх прысутных новым вершам, які яны назвалі не інакш як «цудам». А ў 2015 годзе свой варыянт цудоўнага твора прэзентавалі музыкі з гурта «Re1ikt» і Павал Аракелян. Гукі саксафона ў выкананні апошняга надалі твору асаблівага вайбу. 


Крыніца: TuzinFM [ youtube ]

8. «Не быць скотам» — гурт «Ляпис Трубецкой» 

Першы з трэкаў Сяргея Міхалка на словы Янкі Купалы — моцны, энергічны, стаў гімнам для вялікай колькасці беларусаў: яго спявалі на шматтысячных канцэртах, футбольных стадыёнах, мітынгах. Паэт напісаў верш «Хто ты гэткі» ў дарэвалюцыйны перыяд, у 1908 годзе. Трэк «Не быць скотам» увайшоў у альбом гурта «Ляпис Трубецкой», запісаны ў 2012 годзе. 


Крыніца: lyapisvideo [ youtube ]

9. «Будзь смелым», «Годзе» — гурт «Brutto» 

Верш «Будзь смелым!», які скарысталі музыкі гурта ў якасці тэксту для аднайменнай песні, быў створаны класікам у 1913 годзе. Трэк быў запісаны «Brutto» асобным сінглам, які ўвайшоў у альбом «Родны край» у 2015 годзе і стаў адным з самых магутных і цікавых твораў альбома. 


Крыніца: BRUTTO NOSTRA [ youtube ]

Ёсць у гурта «Brutto» яшчэ адзін трэк на верш Янкі Купалы 1912 года — «Годзе», запісаны для альбома «Рокі» ў 2017-м. 


Крыніца: BRUTTO NOSTRA [ youtube ]

10. «Думалі» — «SP Kava» i Angst 

Дзе песні на словы Янкі Купалы, там варта згадаць і трэкі, прысвечаныя беларускаму класіку. Адзін з такіх напісаны як постмадэрнісцкі ліст прадстаўнікоў сённяшняга пакалення Янку Купалу ды «Песнярам» рэперамі «SP Kava» i Angst для праекта «Re:Песьняры» партала «TuzinFm» у 2014 годзе. За рытмічную аснову рэперы ўзялі зашыфраванае ў купалаўскім вершы слова «думалі», што ўтвараецца на стыку словаў у радку «Я буДУ МАЛІцца і сэрцам, і думамі». «Менавіта ў гэтым быў пабачаны ключ да пэўнай спробы дыягназу пакаленню: вялікая колькасць магчымасцей і спосабаў існавання, і, вядома, у якасці ключа — малітва за будучыню Беларусі». 


Крыніца: Belarusian Rap [ youtube ]