Паганскія карані беларусаў

Якімі абярэгамі і амулетамі карысталіся продкі беларусаў? Якія магічныя практыкі яны выконвалі пад час абрадаў? Чаму і сёння частка беларусаў пакланяецца святым камяням, дрэвам, крыніцам?



pahanstva_1_logo.jpg

9 кастрычніка ў Мінску адбылася прэзентацыя кнігі Людмілы Дучыц і Ірыны Клімковіч «Язычніцтва старажытных беларусаў». Гэтае 368-старонкавае багата ілюстраванае навукова-папулярнае выданне выйшла ў серыі «Невядомая гісторыя» пад рэдакцыяй прафесара Анатоля Тараса і надрукавана накладам 1.500 асобнікаў у сталічным выдавецтве «Харвест».

paganstva_2_logo.jpg

Людміла Дучыц (злева) і Іріна Крімковіч на прэзентацыі выдання

Як адзначыла кандыдат гістарычных навук Людміла Дучыц, цікавасць да паганства і духоўнага свету старажытных беларусаў прыйшла да яе пад час працы археолагам у Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У сярэдзіне 1980-х гадоў пад час раскопак курганоў у зоне затаплення на беразе Заходняй Дзвіны у Міёрскім раёне, што на Віцебшчыне, высветлілася, што гэтыя археалагічныя помнікі адносяцца да XVII-XVIII стагоддзяў. Гэты сведчыць пра панаванне свабоды веравызнання ў Вялікім Княстве Літоўскім у часы Сярэднявячча, што прывяло да адраджэння паганства і вяртання да язычніцкіх абрадаў у выглядзе насыпання курганоў над нябожчыкамі, сказала навукоўца. Паводле яе словаў, з ініцыятывы Ірыны Клімковіч яны пачалі рабіць вандроўкі па Беларусі, каб на свае вочы пабачыць захаваныя паганскія помнікі.

Ірына Клімковіч распавяла, што па адукацыі яна — інжынер-будаўнік дарог. «І ў юнацтве я ніколі не думала, што буду займацца даследаваннем традыцыйных вераванняў нашых продкаў. Аднак лёс звёў мяне з шматлікімі даследчыкамі гэтай тэмы, у тым ліку з Таццянай Валодзінай, Эдвардам Зайкоўскім і Уладзімірам Васілевічам, з якімі мы рабілі энцыклапедычны слоўнік «Міфалогія беларусаў», што вытрымаў тры выданні. Дзякуючы гэтай працы і напрацоўкам Людмілы Дучыц, якая пад час раскопак курганоў збірала легенды і паданні, а таксама фіксавала сакральныя мясціны, з’явілася мажлівасць напісаць  навуковае выданне «Сакральная геаграфія Беларусі», — сказала Ірына Клімковіч.

Яна выказала падзяку заснавальніку серыі «Невядомая гісторыя» Анатолю Тарасу за прапанову напісаць папулярную кнігу пра паганскія карані беларусаў.

Кніга прысвечана этнічнай рэлігіі старажытных беларусаў. Міфы, паданні, легенды і вераванні продкаў распавядаюць пра іх светаўспрыманне, лад жыцця і духоўны свет, звычаі і абрады, прымхі і забабоны, багоў і легендарных герояў, татэмных жывёл і сакральныя расліны. Чытач даведаецца, якімі абярэгамі і амулетамі карысталіся продкі сучасных беларусаў, якія магічныя практыкі яны выконвалі пад час каляндарных абрадаў і ў паўсядзённым жыцці, чаму і сёння значная частка беларусаў пакланяецца святым камяням, дрэвам, крыніцам, верыць у здольнасці знахароў, у моц абыдзеннікаў, ужывае варажбу, замовы і праклёны, святкуе паганскія па сутнасці Дзяды і Радуніцу, Купалле і Каляды, Гуканне вясны, Ваджэнне куста і Пахаванне стралы. Сучасніку будзе цікава пазнаёміцца з разнастайнымі духамі жытла, гаспадарчых пабудоў і прыродных абшараў, з ведзьмакамі і чараўніцамі, вешчунамі, пярэваратнямі, ваўкалакамі і іншымі дэманічнымі істотамі.