Памяці Сакрата Яновіча: Трыялогі ў Крынках
У мястэчку Крынкі на Беласточчыне адбыліся XIV Трыялогі, якія некалі заснаваў і якімі кіраваў беларускі літаратар, грамадскі дзеяч з Польшчы Сакрат Яновіч. Чарговыя трыялогі адбыліся сёлета без яго заснавальніка, якога, на жаль, нядаўна не стала.

За гэты час адбылося не толькі XIV Трыялогаў, але выдадзены 12 тамоў альманаха “Аnnus albaruthenicus”.

Шматгадовая гісторыя Трыялогаў паказала, што дзякуючы такім сустрэчам беларускую культуру пачынаюць заўважаць у Еўропе, а ў шматкультурным ды шматканфесійным рэгіёне набывае яна моц і значна яго ўзбагачае. Маюць на гэта ўплыў універсальныя вартасці семінараў і высокі ўзровень дыскусій падчас Трыялогаў.
У XIV Трыялогаг ідэя расцягнулася паміж Беласточчынай, Беларуссю, Польшчай і Еўропай. Гэта адбыўся Трыялог розных сфераў культуры, у час якога было пачута шмат цікавага.
Новы Трыялог працаваў па літаратуры, культуры, палітыцы. У ім прынялі ўдзел літаратары, палітыкі, гісторыкі, журналісты, грамадскія дзеячы з Польшчы, Італіі і Беларусі. Ад нашай рэспублікі былі запрошаны і выступілі Уладзімір Някляеў, Вінцук Вячорка і аўтар гэтых радкоў. Польшчу прадстаўлялі Адам Міхнік — публіцыст, эсэіст, гісторык, галоўны рэдактар выдання “Gazeta Wyborcza”, Лешак Мачульскі — дзеяч апазіцыі ў ПНР, палітык, гісторык, Кшыштоф Чыжэўскі — практык ідэі, эсэіст, заснавальнік фонду “Пагранічча”, Італію — Габрыеля Кардаца — гісторык мастацтва, культуразнаўца, Тамара Андрусышын — перакладчыца беларускай літаратуры на ангельскую мову і іншыя вядомыя асобы.

Падчас Трыялогаў жыхары Крынкаў паглядзелі прэм’еру спектакля “Антыгона” паводле Сафокла, або антычная трагедыя на рынку ў Крынках. Спектакль гэты — сучасная версія класікі рэжысёра Агнешкі Карыткоўскай-Мазур. Аўтарам ідэі ды мастацкага афармлення спектакля з’яўляецца прафесар-беларус Лявон Тарасевіч. Дзякуючы таму, што да спектакля былі далучаны жыхары Крынак і Беластока, універсальныя праблемы антычнай трагедыі сталі часткай жыцця сённяшніх жыхароў шматкультурнага памежжа.

У п’есе разглядаюцца таксама пытанні нацыянальнай тоеснасці, патрыятызму, усталявання дзяржаўнай мяжы, якая ў 1947 годзе сталася прычынай шматлікіх асабістых трагедыяў жыхароў Памежжа.

Фота аўтара