Пераклад — святое: сустрэча ў Арменіі

У 405 годзе асветнік Месроп Маштоц стварыў армянскі алфавіт, пасля чаго пераклаў Біблію на армянскую мову. Гэткая ранняя далучанасць да кніжнага слова дапамагла армянам атрымаць культурную самабытнасць, здабыць і адстаяць сваю дзяржаўнасць. Таму Арменія — адзіная ў свеце краіна, дзе Свята перакладчыка — дзяржаўнае свята. Адзначаюць яго 10 кастрычніка, цэнтр святкаванняў — вёска Ашакан, дзе пахаваны Маштоц, кананізаваны армянскай апостальскай царквой.



81ca0262c82e712e50c580c032d99b60.jpg

У 405 годзе асветнік Месроп Маштоц стварыў армянскі алфавіт, пасля чаго пераклаў Біблію на армянскую мову. Гэткая ранняя далучанасць да кніжнага слова дапамагла армянам атрымаць культурную самабытнасць, здабыць і адстаяць сваю дзяржаўнасць. Таму Арменія — адзіная ў свеце краіна, дзе Свята перакладчыка — дзяржаўнае свята. Адзначаюць яго 10 кастрычніка, цэнтр святкаванняў — вёска Ашакан, дзе пахаваны Маштоц, кананізаваны армянскай апостальскай царквой. Сёлета да ўрачыстасцяў у Ашакане далучыліся ўдзельнікі ІІІ Форума перакладчыкаў і выдаўцоў краін СНД і Балтыі, які ладзіцца пад эгідай Міністэрства культуры Арменіі і пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва краін-удзельніц СНД.

(На здымку: Беларусь + Арменія: пісьменнік Васіль Якавенка і арганізатарка Форуму перакладчыкаў і выдаўцоў Карынэ Халатава ў Ашакане,
поруч з каменнай выявай літары «Кх» («Хрыстос»)


«Мастацкі пераклад — аснова армянскай культуры», — зазначыў адзін з чыноўнікаў Мінкульту Арменіі, уручаючы 10 кастрычніка ў Ашакане традыцыйныя прэміі перакладчыкам з армянскай мовы і на армянскую. Перакладчыкі літаратуры, што прадстаўлялі ў Арменіі былыя саюзныя рэспублікі, у той дзень і ў тым месцы мелі унікальны шанец адчуць, што іх пакліканне не проста важнае і запатрабаванае — сакральнае. Мела месца набажэнства, прэміяваных перакладчыкаў віталі высокія царкоўныя асобы. Не кожны прадстаўнік гэтага важнага і пачэснага занятку сустракае на радзіме супастаўнае шанаванне.
Форум працаваў з 7 па 10 кастрычніка і сёлета меў назву «Практыка перакладу і рынак: механізмы ўзаемадзеяння нацыянальных літаратур». У ім удзельнічалі перакладчыкі і выдаўцы перакладной літаратуры з Арменіі, Беларусі, Грузіі, Латвіі, Літвы, Кыргызстана, Малдовы, Расіі, Таджыкістана, Украіны, Узбекістана, Эстоніі. Усяго на форуме сабралася каля 150 дэлегатаў.
У адрозненне ад папярэдніх дзвюх сустрэч, ІІІ Форум засяродзіўся на прыкладных, практычных пытаннях: як выдаць кнігу літаратараў адной краіны ў іншай? Якія шляхі выхаду на нацыянальныя рынкі? І, галоўнае, адкуль браць грошы? Неабходнасць такога мерапрыемства вынікае з таго, што пасля распаду СССР на мапе свету паўстала 15 асобных дзяржаваў. Яны яшчэ не да канца забыліся на колішняе «сваяцтва», і ў той жа час новыя абставіны выклікаюць неабходнасць па-новаму выбудоўваць стасункі. Груба кажучы, беларусы і грузіны, украінцы і таджыкі — зусім не браты навек, як вучыла савецкая ідэалогія, але чаму б розным культурам не абменьвацца па-добрасуседску літаратурным досведам, тэкстамі?
Пра ўсё гэта ішла размова падчас «круглых сталоў» і майстар-класаў, якія праходзілі ў курортным мястэчку Цахкадзор, дзе месціцца Дом творчасці армянскіх пісьменнікаў і дзе ў свой час жыў і пісаў вершы армянскага перыяду Восіп Мандэльштам. Прыязнае сумоўе і атмасфера, створаная арганізатарамі, спрыялі дзелавым знаёмствам і папярэднім дамовам аб міжнародных выдавецкіх праектах, публікацыях.
Беларусь на Форуме прадстаўлялі прыватныя выдаўцы Зміцер Колас («Зміцер Колас») і Генадзь Вінярскі («Беларускі кнігазбор») і перакладчыкі новага пакалення Андрэй Хадановіч і Марыя Мартысевіч. Кіраваў беларускай дэлегацыяй пісьменнік, грамадскі дзеяч Васіль Якавенка, аўтар раману-трылогіі «Пакутны век». Васіль Цімафеевіч — даўні сябар армянскага народу — ласкава пагадзіўся даць «НЧ» бліц-інтэрв’ю па выніках паездкі і працы форума.
— Спадар Васіль, як пачалося ваша знаёмства з Арменіяй?
— Некалі рэдакцыя тоўстага літаратурнага часопіса прапанавала мне паехаць ў адну з саюзных рэспублік і напісаць пра яе, тую рэспубліку, добры мастацкі нарыс. Набліжалася акурат 60-годдзе СССР. Я выбраў Арменію і не шкадаваў потым; месячнае падарожжа па гэтай краіне, наведванне прадпрыемстваў, музеяў, цэркваў, архіваў, гутаркі з мясцовымі жыхарамі — усё гэта дазволіла мне спазнаць дынаміку жыцця і душу народа.
Уражвалі не толькі высокія скалы, захаплялі нацыянальныя героі, прыцягвалі і натхнялі глыбіні гісторыі, пачынаючы з адметнай армянскай дзяржавы, заснаванай у VIII стагоддзі да нашай эры. Дзе былі разгалінаваная ўжо тады старажытная навука і развітая адукацыя, свая культура. Толькі ж як асаблівасць характару і настрою армян успрымалася мной адна недарэчная, здавалася, з’ява: сум і сум у вачах, які стаяў і не праходзіў.
Даводзілася неаднойчы чуць пра трагедыі, перажытыя і няскончаныя. Выдатны армянскі пісьменнік Серо Ханзадзян апавядаў мне тады пра пісьмовы зварот нацыянальных дзеячаў культуры да кіраўніцтва СССР з просьбай вярнуць Арменіі частку яе этнічнай тэрыторыі — Нагорны Карабах. Чаму?.. Як і тая гара Арарат, прастора Карабаха была па жывому адрэзаная ад Арменіі. І ўжо тады, на пачатку васьмідзесятых, добра памятаю, я адчуў наспяванне і подых створанага бальшавікамі міжнацыянальнага канфлікту, які пазней выліўся ў разню армян у Баку і Сумгаіце.
Я быў нявольным сведкам, калі нават не ўдзельнікам тых трывожных падзей, бо да мяне, пісьменніка, прадстаўніка іншай рэспублікі, звярталіся на шматтысячных мітынгах людзі... Так, даведзеныя міжэтнічным абсурдам да роспачы людзі, яны шукалі праўды, падтрымкі, парады. І менавіта ў Сцепанакерце, а не дзе-небудзь, я ўпершыню адчуў і зразумеў, што такое Народны фронт як з’ява; надаючы добры зарад душы, яна па-сапраўднаму хвалявала.
— Беларусь і Арменія. У чым вы бачыце падабенства і розніцу нацыянальных літаратур і культур?
— Ёсць гістарычныя падставы гаварыць пра наша братэрства і агульную веру, хаця краіны аддаленыя між сабой на тысячы вёрст. І — што агульнае — ляжаць яны на скрыжаванні шляхоў, падуладных разбою і войнам. Дарэчы, падабенства ў побытавай і нацыянальнай культурах мала, ды толькі сутнасць адна: на сваіх адрозных этнічных сімвалах, літаратурных вобразах і характарах склаўся і далей выхоўваецца, развіваецца этнас, народ. Літаратура старажытная і сучасная, этнічная культура спрыялі і спрыяюць самаўсведамленню гэтага народа як адзінай супольнасці, выяўляюць ягоны міралюбівы характар і годнасць.
У адрозненне ж ад беларускай літаратуры, у армянскай паўней раскрываецца далёкае мінулае, а ў нашай — Вялікая Айчынная вайна, драмы і трагедыі савецкага часу, што і зразумела. Тэме вайны і народа ў вайне, клопату станаўлення і развіцця беларускай супольнасці прысвечана і такая мастацкая рэч, як трылогія «Пакутны век», названая на форуме перакладчыкаў беларускім эпасам. Як ні дзіўна, але сваім зместам, эмацыйна-лірычным і эпічным ладам яна перагукаецца з армянскім эпасам, вазьміце «Кнігу тужлівых песнапенняў» і іншыя. Сем’і армян мацней трымаюцца за родную мову і таму ствараецца ўражанне пра іхнюю больш цэльную нацыю.
Аднак гістарычныя ўмовы там і тут спрычыніліся да значнай рассеянасці нашых народаў па свеце. Тыя ж гістарычныя варункі, страта незалежнасці і проста прыгнечана-каланіяльнае існаванне працяглы час, далі люду гэтаксама і сацыяльна-псіхічны эфект — адчуванне сваёй нацыянальнай непаўнацэннасці, нігілізм, уласцівы ў той ці іншай меры абодвум народам. З гэтай супольнай заганай можна і варта змагацца, ёсць сродкі, але яны ў нас амаль не выкарыстоўваюцца.
— Якая, на вашу думку, карысць ад форума?
— Карысць была і будзе! Найперш у прапагандзе кожным удзельнікам форума адметных нацыянальных ці этнічных узораў творчасці, у пераносе на сваю літаратурную глебу твораў іншых народаў і літаратур, што хоць нейкім чынам здольнае супрацьстаяць масавай, эпігонскай літаратуры і культуры эпохі глабалізму, узбагачаць не толькі самі літаратуры, але і душы людзей.
Калі больш канкрэтна, то на форуме ўсе ўдзельнікі нашай дэлегацыі за колькі дзён перазнаёміліся з іншымі і перакладчыкамі і выдаўцамі, паглядзелі, патрымалі ў руках на выставе іхнія кнігі, знайшлі ўзаемапаразуменне, абгаварылі намеры, а то і сумесныя праекты ў галіне перакладаў і выдавецкай дзейнасці, абмяняліся адрасамі і таму годна чуліся. Факт! Дамовіліся з украінскім часопісам «Всесвіт» аб выпуску нумара, прысвечанага сучаснай беларускай літаратуры, і падобная практыка мае развівацца.
У мяне асабіста, напрыклад, з’явіўся спадзеў на нейкую ўдачу, бо калегі-літаратары ажно з трох краіны павезлі з сабой ідэю перакладу маёй трылогіі «Пакутны век» на іншыя мовы.
Мне падаецца, што літаратурныя кантакты і зносіны льга разглядаць у пэўнай меры як тую ж народную дыпламатыю. Гэта высакародная справа, і беларускія перакладчыкі і выдаўцы маюць рашучы намер яе падтрымліваць, доўжыць.