Перад катам выбар невялікі: альбо герой, альбо здраднік

У кнігарні “Галіяфы” адбыўся публічны перадпрэм’ерны паказ кінастужкі Валерыя Мазынскага "Кастусь Каліноўскі, апошнія дні”.



“Белсат” падтрымлівае такія праекты ад пачатку сваёй дзейнасці. Наша мэта, сярод іншых, – падтрымліваць незалежных беларускіх творцаў, магчымасці якіх рэалізавацца пры цяперашніх уладах абмежаваныя. Гэта дапамагае беларускім дзеячам культуры расці, развіваць свой талент і падвышаць прафесіяналізм нават пры сённяшніх неспрыяльных умовах. Калі казаць пра карысць для грамадства, гэтая стужка – дадатковая магчымасць даведацца людзям болей пра такую выбітную постаць у гісторыі, як Кастусь Каліноўскі", — паведаміў карэспандэнту “НЧ” перад пачаткам імпрэзы генеральны прадзюсер тэлеканала “Белсат” у Беларусі Аляксей Мінчонак.

Нечакана для гледачоў і арганізатараў на паказы тэатралізаванай дакументальнай стужкі Валерыя Мазынскага ўтварыўся сапраўдны аншлаг. У прасторнай залі кнігарні яшчэ задоўга да пачатку сеанса не было вольных месцаў. Перад дэманстрацыяй стужкі выступілі прадстаўнік тэлеканала “Белсат” і стваральнік фільма рэжысёр Валерый Мазынскі. Пасля паказу прысутныя дзяліліся ўражаннямі, выказвалі свае меркаванні і задавалі пытанні рэжысёру і акцёрам.

Падчас абмеркаванняў, хтосьці звяртаў увагу на гераічны чын продкаў, якія аддавалі сваё жыццё толькі ў спадзеве, што свет пасля іх будзе крыху лепшы, а зараз некаторыя ўладары трымаюцца згубнай філасофіі ўзяць ад жыцця ўсё па максімуму зараз, а пасля іх няхай усё абрынецца. Нехта з горыччу адзначаў, што на вывучэнне культавага раману “Каласы пад сярпом тваім” у сучаснай беларускай школе даецца толькі 4 гадзіны. Валер Мазынскі прызнаваўся, што яму няпроста знаходзіць акцёраў для сваіх праектаў, некаторыя асцерагаюцца звязвацца з апальным рэжысёрам. Выступоўцы адзначалі, што магчыма Беларусам трэба ствараць свае міфы пра сваіх герояў, каб дзеці казалі: “Мы беларусы і ганарымся гэтым”.

Па словах Валерыя Мазынскага, Каліноўскі — падстава, каб пагаварыць пра існуючую праблему Беларусі як нацыі сёння. Галоўнае пытанне, што такое гонар і годнасць па сутнасці? Ці здольныя мы абараніць саміх сябе, свайго суседа-беларуса?

Незвычайны фармат стужкі (спалучэнне гістарычных мастацкіх сцэнаў і дакументальных элементаў, дыялогаў-развагаў акцёраў пра постаць Каліноўскага, правядзенне паралеляў з сучаснасцю) рэжысёр патлумачыў імкненнем эксперыментаваць, здзіўляць гледача.

“Асноўная задача стужкі: выклікаць у грамадстве спрэчку, абмеркаванне існуючай праблемы. Справа не ў Каліноўскім, справа ў нас”, — адзначыў журналісту “НЧ” Валеры Мазынскі.

Напрыканцы вечарыны прысутныя атрымалі ад “Белсату” у падарунак дыскі з копіяй фільма. Да Валерыя Мазынскага і выканаўцы галоўнай ролі Рамана Падалякі выстраіліся чэргі па аўтографы.