Погляд на паэтычную Альбарутэнію з берагоў Альбіёну

Менавіта пра такія паралелі ў старажытных назвах нашых краін (Alba Ruthenia — Albion), нагадала, калі звярталася да беларуска-брытанскіх культурных сувязяў, Вольга Калацкая — перакладчыца новай кнігі вядомага даследчыка беларускай літаратуры, прафесара Арнольда Макміліна «Рунь». Яе прэзентацыя не так даўно адбылася ў кнігарні «ЛогвінаЎ».

Кніга Арнольда Макміліна чакае чытачоў

Кніга Арнольда Макміліна чакае чытачоў


Новая кніга Арнольда Макміліна «Рунь» вельмі актуальная, бо дае погляд на найноўшыя тэндэнцыі ў маладой беларускай паэзіі з гледзішча зацікаўленага еўрапейскага чытача і крытыка. Два таго ж, у беларускай літаратурнай крытыцы не так часта разглядаюцца творы маладых паэтаў, а больш засяроджваюцца на класіках, пра якіх ужо напісана непараўнальна больш, адзначыла Літаратурны крытык і вядучая прэзентацыі Ганна Кісліцына.

Даследчыца параіла звярнуць увагу на назву раздзелаў, пад якімі разглядаецца творчасць таго ці іншага маладога паэта, а іх, між іншым, у кнізе прадстаўлена сорак аўтараў: «Пратэст супраць адчужанасці», «Рэлігія і розныя формы пабожнасці», «Ужыванне мовы і яе абарона, «Паэзія перформансу», «Гумар», «Паэты і паэтычнае натхненне» і іншыя цікавыя вызначэнні кірункаў паэтычнага аналізу.


А.Макмілін і Г.Кісліцына гутараць пра новую кнігу

А.Макмілін і Г.Кісліцына гутараць пра новую кнігу


«Гэта таму, — заўважыла Ганна Кісліцына, — што Арнольд Макмілін абсалютна не баіцца класіфікаваць творчасць аўтараў, вершы якіх разглядаюцца аўтарам у кнізе. Такі падыход вельмі карысны для чытача, бо той будзе мець трывалы арыенцір: дзе гумар або лірыка, а дзе — твор духоўнага зместу». І ў гэтым крытык бачыць цуд кнігі з такой паэтычнай і абавязваючай назвай — «Рунь».

Калі Арнольд Макмілін распавядаў пра гісторыю яе напісання, дык спыніўся на працэсе адбору імёнаў для ягонай манаграфіі: «Я звярнуўся да творчасці тых паэтаў, чые кніжкі былі ў маіх руках. Я ўжо ў гадах, а таму мне хацелася пісаць пра маладых аўтараў, як добры дзядзька! Я не жадаў падзяляць аўтараў на добрых і благіх. Мне цікава думкі і паэтычныя вобразы маладых беларускіх аўтараў, якія, як і большасць беларусаў, пазбаўлены фанабэрыі, а тэмы іх твораў і хада думак супадае з еўрапейскімі тэндэнцыямі».


Джым Дынглі ў гасцях у кнігарні "ЛогвінаЎ"

Джым Дынглі ў гасцях у кнігарні "ЛогвінаЎ"


Госць прэзентацыі, які дапамагаў у стварэнні кнігі, вядомы беларусіст, старшыня Англа-беларускага таварыства, прафесар Джым Дынглі ў сваім вітальным слове выказаў удзячнасць Арнольду Макміліну за яго жаданне займацца гэтымі «танюсенькімі томікамі вершыкаў». Спадар Дынглі таксама адзначыў ролю перакладчыка, якія не так даўно адзначалі сваё прафесійнае свята.


Джым Дынглі — пра ролю перакладчыка

Джым Дынглі — пра ролю перакладчыка


«Перакладчыкі ствараюць сувязі людзьмі, культурамі, народамі. Без такіх перакладчыкаў, як Вольга Калацкая, якая працавала над перакладам з англійскай мовы кнігі «Рунь», не было б такога багацця ў нашых кнігарнях, якое ёсць сёння. Перакладчыкі ствараюць сувязі людзьмі, культурамі, народамі. Таму трэба хваліць працу перакладчыкаў!» — падкрэсліў Джым Дынглі.


Вольга Калацкая пра асблівасці працы над перакладам

Вольга Калацкая пра асблівасці працы над перакладам


Вольга Калацкая адзначыла, што беларуская літаратура на мапе Еўропы — «тэра інкогніта» ці недаследаваная планета, як Марс. Але ў той жа Брытаніі ёсць навукоўцы, кшталту астраномаў, якія ў свае «тэлескопы» вывучаюць жыццё на гэтай невядомай планеце і дзеляцца сваімі назіраннямі з усімі зацікаўленымі чытачамі ў Еўропе. Ясна, што на вялікай адлегласці некаторыя рэчы і асаблівасці беларускага літаратурнага працэсу выглядаюць не так, як мы прызвычаіліся ўспрымаць.

Галоўнае, калі чытаць кнігу «Рунь», то можна шмат даведацца і пра самога аўтара, якому неабыякавы лёс нашай краіны, лёс беларускай мовы, што яго займаюць пытанні рэлігійнасці і пабожнасці, што ў яго добрае пачуццё гумару. Вольга Калацкая падзякавала спадарам Макміліну і Дынглі за тое, што яны ўжо як сапраўдныя «астраномы і астранаўты» вывучаюць нашу літаратурную «планету», разглядаюць нашы тэксты і падтэксты.


Андрэй Хадановіч

Андрэй Хадановіч


Паэты Андрэй Хадановіч і Віктар Жыбуль пажадалі беларускім аўтарам і крытыкам, каб кнігі Арнольда Макміліна, і не толькі новая — «Рунь», але і ўжо класічная манаграфія «Пісьменства ў халодным клімаце: беларуская літаратура ад 1970-х гадоў да нашых дзён», сталі настольнымі для нашых аўтараў, больш вывучаліся і шырэй цытаваліся. Свае словы паэты падмацавалі паэтычнымі радкамі, якія выклікалі апладысменты ў гасцей і прысутных на прэзентацыі ў кнігарні «ЛогвінаЎ».

Некаторыя дзеючыя асобы новай кнігі Арнольда Макміліна — паэты Алесь Емяльянаў, Ігар Кулікоў з удзячнасцю да аўтара працытавалі свае вершаваныя радкі, пацвердзіўшы словы даследчыка з Вялікабрытаніі пра рух маладой беларускай паэзіі ў еўрапейскім рэчышчы.


Уладзімір Някляеў чытае верш, прысвечаны А. Макміліну

Уладзімір Някляеў чытае верш, прысвечаны А. Макміліну


Лідар кампаніі «Гавары праўду», паэт Уладзімір Някляеў нагадаў, што кніга «Рунь» прысвечана светлай памяці незабыўнага айца Аляксандра Надсана, які шмат зрабіў для пашырэння ведаў пра Беларусь і яе культуру ў Вялікабрытаніі, зацікавіў ёй перакладчыцу Веру Рыч, вучоных-славістаў Арнольда Макміліна і Джыма Дынглі. Уладзімір Пракопавіча са словамі шчырай падзякі за іх тытанічную працу на карысць узаемаразумення нашых народаў, прачытаў верш «Паводка», прысвечаны Арнольду Макміліну.



 

Фота Анатоля Мяльгуя