Покліч вандроўнага дудара

Напрыканцы мінулага тыдня ў гасцёўні сталічнай бібліятэкі імя Цёткі адбылася мемарыяльная вечарына, прысвечаная памяці вядомага беларускага паэта і музыканта Змітра Сідаровіча. 



viaducyja_viecaryny_ja_malisheuski_i_a_spryncan.jpg

Вядучыя вечарыны Я.Малішэўскі і А.Спрынчан

Гэтую літаратурна-музычную сустрэчу, названую сугучна з лёсам Сідаровіча «Вандроўны дудар», ладзіў літаратурны тэатр Арт.С, ініцыятарам і натхняльнікамі якога ўжо доўгія гады з’яўляюцца паэтка Аксана Спрынчан і музыкант Яраш Малішэўскі.

Яшчэ задоўга да пачатку вечарыны гасцёўня бібліятэкі была да адказу запоўнена прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі сталіцы: беларускімі літаратарамі, музыкантамі, аматарамі творчасці Змітра Сідаровіча. Гучала музыка гурта «Камелот», у якім доўгі час граў Зміцер і напісаў шмат кампазіцый, якія ўвайшлі ў залаты фонд беларускай музыкі напрамкаў folk і medieval.

Паколькі Зміцер Сідаровіч найперш быў вядомым як бард, вандроўны дудар, то і вечарыну распачалі сакавітыя гукі беларускай дуды-мацянкі, на якой душэўна і ашчадна да традыцый зайграў адзін з вядучых імпрэзы — Яраш Малішэўскі. Яго памочніца і жонка А.Спрынчан зачытала некалькі класічных твораў Змітра з адзінага яго паэтычнага зборніка «Тры жалуды», якія прынеслі яму славу як паэту, рамантыку і рэканструктару музычна-паэтычных традыцый Вялікага княства Літоўскага.

Зміцер Сідровіч быў частым госцем паэтычнага тэатра Арт.С, заўсёды знаходзіў час завітаць ў бібліятэку Цёткі. Пра гэта распавяла яе дырэктар Р. Багамольцава, якая пашкадавала, што ўсё іх сумесныя асветна-адукацыйныя планы, на жаль, не спраўдзіліся…

svae_vershi_chitae_m_skobla.jpg

Свае вершы чытае М. Скобла

Як заўжды, эмацыйны і захапляльны расказ пра сумесныя падарожжы па розных кутках Беларусі і выступленні перад жыхарамі мястэчак і вёсак краіны чакаўся ад беларускіх літаратараў, з якімі ён сябраваў і часцяком дзяліў долю вандроўнага дудара. Такія згадкі і ўспаміны, радкі прысвячэнняў сябру і аднадумцу, прагучалі з вуснаў паэтаў М. Скоблы, М. Кандратава, В. Шніпа, С. Мінскевіча, А. Спрынчан, пісьменніцы Л. Рублеўскай, фалькларысткі і гісторыка І. Клімковіч, спявака і педагога А. Галіча. Аўтар гэтых радкоў падзяліўся ўспамінамі пра супрацоўніцтва з З. Сідаровічам ў стварэнні інтэрв’ю і рэцэнзій для беларускіх выданняў, у прыватнасці для «Новага часу», распавёў пра яго жаданне запісаць і выдаць свой сольны альбом з аўтарскімі песнямі і інструментальнымі п’есамі.

uspam_nae_l_ruble_skaja.jpg

Успамінае Л. Рублеўская

Цікавымі падаліся ўспаміны ўдавы музыканта — Марыны Сідаровіч, якая дадала да яго партрэту невядомыя рысы Змітра як чалавека, творцы і музыканта. Напрыклад, цікава было даведацца пра тое, што Зміцер пачынаў сваё захапленне музыкай з "Beatles", што ён не меў музычнай адукацыі, але сам вывучаў нотную грамату, а гурт «Камелот» яны стварылі ў 1991 годзе разам з А. Кішкіным. Таксама сенсацыйна прагучаў факт, што Зміцер — кандыдат тэхнічных навук — займаўся праекціроўкай вежаў для сотавай сувязі па ўсёй краіне. Да таго ж, што ён рабіў тэарэтычныя разлікі ўстойлівасці будовы новай Нацыянальнай бібліятэкі.

Добра вядома, што ні адна сустрэча ў паэтычным клубе Арт.С не абходзіцца без музычных нумароў. А тым больш мемарыяльная, як «Вандроўны дудар», прысвечаная памяці барда Змітра Сідаровіча. Зноў жа на сцэну клуба выходзілі сябры Змітра.

gurt_merada(1).jpg

Гурт "Мерада"

І першымі да выступлення перад наведвальнікамі вечарыны быў запрошаны гурт «Мерада», удзельнікі якога супрацоўнічалі са Змітром, стваралі песні на ягоныя вершы. Адна з такіх — «Шыбуе дзядзька ў Вільню» — была выканана гуртом у складзе Ганны і Сціва Крамераў. Гэтая кампазіцыя, створаная на мяжы фолку і музыкі кантры, выклікала шмат пазітыўных пачуццяў і слухачы папрасілі «Мераду» выканаць нешта на «біс». Таму прагучала лірычная кампазіцыя «Да нашага лета».

guchic_viprava_ad_jarasha_mal_she_skaga.jpg

Гучыць "Выправа" ад Яраша Малішэўскага

Яраш Малішэўскі нагадаў слухачам яшчэ адзін твор на верш Змітра — «Выправа», які слухачамі ўспрымаецца як частка гераічнага эпасу нашага народа.

spjavae_s_m_nskev_ch.jpg

Спявае С. Мінскевіч

Серж Мінскевіч вядомы не толькі як паэт, але і як бард. Паэтычны сэт Сержа быў падмацаваны і яго новым песнямі. Галоўная з іх, прысвечаная памяці Змітра Сідаровіча, з’яўляецца, так бы мовіць, адказам Змітру на яго самы вядомы твор — песню «А дзе ж тыя ваяры». Кампазіцыя Серж мела назву «Беларускія ваяры вяртаюцца з вайны» і была ўспрынятая як тэматычны працяг творчасці Сідаровіча.

na_scene_a_matafona_t_s_darov_ch.jpg

На сцэне А. Матафонаў і Т. Сідаровіч

А завяршылі музычную частку вечарыны памяці Змітра Сідаровіча — Таццяна Грыневіч-Матафонава і яе выхаванцы — Тамаш Сідаровіч і Адась Матафонаў, якія разам з Змітром Сідаровічам некалькі гадоў таму запісалі і выдалі ўнікальны для беларускай дыскаграфіі «Дзіцячы альбом» — метадалагічны зборнік апрацовак беларускага фальклору для выканання дзецьмі ў школе і дома. Пасталеўшыя падрослыя Тамаш і Адась імпэтна і даволі прафесійна, пад агульныя падпеўкі і апладысменты, выканалі песню «Кура-шчабятука» з «Дзіцячага альбома». Іншыя ж творы Змітра Сідаровіча ўжо гучалі ў іх выкананні пад кіраўніцтвам і акампанемент Т. Грыневіч-Матафонаваай.

Завяршылася ж мемарыяльная вечарына ў бібліятэцы імя Цёткі народнымі найгрышамі, якія выканаў на сваёй дудзе-мацянцы Я. Малішэўскі, аддаючы даніну павагі і памяці першаму беларускаму вандроўнаму дудару —Змітру Сідаровічу.