Прадаць на барахолцы не атрымаецца: як дзяржава рэалізуе права на гісторыка-культурныя каштоўнасці
У ліпені мінулага года чыноўнікі ўнеслі шэраг паправак у Кодэкс аб культуры. Сярод іх было права першачарговасці дзяржавы пры набыцці гісторыка-культурных каштоўнасцей. Нядаўная пастанова Саўміна тлумачыць, як гэта будзе рэалізавана.
![Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева](/img/v1/images/_minsk_horad_zima_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas___5__logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева
Паўгода таму самай нашумелай з паправак у Кодэксе аб культуры была забарона ладзіць культурна-масавыя мерапрыемствы арганізацыям, якія не атрымалі спецыяльнага пасведчання, і ўключэнне арганізацый, якія атрымалі адпаведнае пасведчанне, у асобны дзяржаўны рэестр.
Сярод менш заўважных, але не менш значных было анансаванае права першачарговасці дзяржаўных інстытутаў у выкупе гісторыка-культурных каштоўнасцей, калі ўласнікі вырашаць іх прадаць. 3 студзеня 2023 года на Нацыянальным прававым партале быў апублікаваны тэкст пастановы Саўміна №1 «Аб пераважным праве набыцця культурных каштоўнасцей», дзе тлумачыцца, што дзяржава разумее пад «пераважным правам», якія гісторыка-культурныя каштоўнасці пад яго падпадаюць і якія дзяржаўныя інстытуты і арганізацыі надзяляюцца гэтым правам першачарговасці.
Падаецца гэта ўсё пад соусам «захавання матэрыяльна-культурнай спадчыны Беларусі». Але ці так гэта на самай справе ў дзяржаве, якой «не да законаў» — вялікае пытанне.
Ад 1 студзеня 2023 года ўстанаўліваецца наступны парадак «адчужэння» прыватнай уласнасці, якая мае гісторыка-культурную каштоўнасць. У выпадку, калі ўласнік вырашае прадаць тую ці іншую рэч, ён абавязаны першым чынам накіраваць у дзяржаўныя ўстановы пісьмовае паведамленне аб намеры продажу — з апісаннем рэчы, яе фотаздымкамі, коштам і ўказаннем 30-дзённага тэрміну, у які дзяржаўныя ўстановы павінны прыняць рашэнне.
![2022 — Год гістарычнай памяці па-дзяржаўнаму Год гістарычнай памяці: затрыманні, экстрэмісцкія кнігі, зруйнаваныя помнікі і пахаванні](/img/v1/images/_belarus_sssr_lenin_kamunizm_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__5__logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
То-бок калі вам трэба тэрмінова прадаць нешта каштоўнае са сваёй спадчыны, ужо не атрымаецца.
Пад пералік рэчаў, у якіх зацікаўленая дзяржава, падпадаюць:
- мемарыяльныя прадметы, якія адносяцца да жыцця нацыяльных герояў і выбітных дзеячаў палітыкі, культуры, спорту, незалежна ад часу іх стварэння;
- прадметы, звязаныя з гісторыяй войн (у тым ліку абмундзіраванне), якім больш за 100 гадоў;
- антыкварная зброя, вырабленая да 1899 года, і халодная зброя, вырабленая да 1945 года;
- створаныя больш за 100 гадоў таму прадметы тэхнікі, інструменты, апаратура рознага прызначэння, а таксама аўтарскія напрацоўкі вучоных, эксперыментальныя экземпляры вырабаў і г. д.
- вырабленыя да 1951 года транспартныя сродкі;
- створаныя 50 і болей гадоў таму прадметы мастацтва — у тым ліку замежнымі творцамі;
- створаныя да 1900 года прадметы рэлігійнага прызначэння;
- друкаваныя выданні, створаныя больш за сто гадоў таму;
- створаныя больш за 50 гадоў таму манеты, боны, банкноты і каштоўныя паперы;
- вырабленыя больш за 50 гадоў таму медалі, ордэны, знакі ўзнагароды, пячаткі і г. д.
- унікальныя і рэдкія музычныя інструменты — незалежна ад года стварэння (у тым ліку піяніна і раялі, зробленыя больш за 100 гадоў таму сусветна вядомымі замежнымі вытворцамі);
- паштовыя маркі, маркіраваныя канверты і іншыя знакі паштовай аплаты, створаныя больш за 50 гадоў таму;
- рукапісы, дакументальныя помнікі, якім больш за 50 гадоў, і фотаздымкі, створаныя да сярэдзіны ХХ стагоддзя.
З дзяржаўных арганізацый, якія будуць выкупляць гісторыка-культурныя каштоўнасці, названыя Нацыянальная бібліятэка, Нацыянальны гістарычны музей і Нацыянальны мастацкі музей.
Якія санкцыі будуць прымененыя да ўласніка ў выпадку парушэння новага парадку, пакуль невядома.
На днях на беларускай «М*дыязоне» выйшаў матэрыял пра новы Закон «Аб інтэлектуальнай уласнасці», які набыў моц з 6 студзеня, згодна з якім дзяржава можа выкарыстоўваць як заўгодна любыя вынікі інтэлектуальнай працы без згоды замежных праваўладальнікаў. Як каментуюць выданню гэтае новаўвядзенне юрысты, фактычна, дзяржава ўзаконьвае крадзеж.