Прысвячэнне Селяшчуку і Малевічу
Вечарам 18 лістапада ў Мінску, у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў адбылася прэзентацыя выданняў пра выбітных беларускіх мастакоў Міколу Селяшчука і Казіміра Малевіча.
Аўтарам гэтых добра ілюстраваных кніжачак з серыі «100 выдатных дзеячаў беларускай культуры» стала прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Леніна Міронава.
Яна ўзгадала, як у 1977 годзе на выставе жывапісу беларускіх мастакоў «Па ленінскаму шляху» ад карцін Міколы Селяшчука было такое ўражанне, нібыта ў зграю вераб’ёў — шэрых звыклых твораў заказнога сацрэалізму — нечакана заляцела райская Птушка Фенікс, зіхатлівая яркім апярэннем і пышным хвастом. У дзюбе яна трымала букет кветак нетутэйшай прыгажосці. Захапленне ад убачанага было такое, што незвычайны жывапіс мастака быў адразу заўважаны і высока ацэнены беларускай інтэлігенцыяй.
Майстра звалі Зоркай на мастацкім небасхіле, Зорным чалавекам, Чалавекам парадоксаў, Баечнікам. Ягоную творчасць ганаравалі такімі назвамі, як Свята сярод будняў, Ключ у Залюстаркоўе, Мара пра гармонію, Палёт над прасторай і часам, Праз дысананс — да гармоніі.
Сама Леніна Міронава назвала мастака Добрым чараўніком з Беларусі і Спяваком беларускай вёскі, які праз прызму народных легенд, паданняў і казак услаўляў родную зямлю і яе насельнікаў. Працам Міколы Селяшчука ўласцівы зварот да матываў беларускага фальклору і складанасць сюжэтнага вырашэння ў спалучэнні з алегорыяй, метафарай і сімвалам, сказала мастацтвазнаўца.
Паводле яе, увесь свет будзе называць Малевіча геніем XX стагоддзя — часу вялікіх пераўтварэнняў, узрушэнняў, адкрыццяў і канфліктаў. Даследчыца звярнула ўвагу на тое, што бацька супрэматызму адным з першых убачыў палітычныя крыніцы зла і крупінкі будучыні, у тым ліку пачатак канцу вёскі, у сваёй творчасці адлюстраваў дзіцячыя ўражанні жыцця сярод беларускага сялянства і працэс дэградацыі няшчаснай асобы — стварэння зямного, аднак бязлікага і без чалавечай годнасці, якое страціла надзею і шукае выратаванне ў Богу.
А ўнучаты пляменнік вялікага мастака, доктар фізіка-матэматычных навук, аўтар даследавання «Казимир Малевич: Восхождение на крест судьбы» Ігар Малевіч падкрэсліў, што аб’ектыўна даказана звязанасць Казіміра Малевіча з беларускай зямлёй (нарадзіўся 23 лютага 1878 году ў мястэчку Капыль — зараз горад і райцэнтр Мінскай вобласці). Разам з тым, спадар Ігар выказаў здзіўленне ў сувязі з тым, што аўтары выставы творцы з серыі «Мастак і горад», што экспанавалася летам і восенню 2013 году на сталічнай плошчы імя Якуба Коласа, абыйшлі маўчаннем беларускую версію паходжання заснавальніка супрэматызму.
Выступае ўнучаты пляменнік Казіміра Малевіча Ігар Малевіч
Навукоўца назваў свайго сусветна вядомага продка «абсалютна арганічным мастаком нашай зямлі», бацька якога быў паплечнікам Кастуся Каліноўскага, а творчасць якога з’яўляецца адэкватнай рэакцыяй на жахі Першай сусветнай вайны, у якой Казімір Малевіч браў удзел шараговым інтэнданцкага палка і перажыў ад пад Смаргонню. На думку спадара Ігара, ягоны дзед валодаў фенаменальным інтуітыўным прадбачаннем, што складае грунт сучаснай фізікі Сусвету.
Апавядае Анатоль Тарас
Заснавальнік, каардынатар і рэдактар серыі Анатоль Тарас апавёў, што ўжо пабачыла свет 65 з 100 кніжачак выдання. Рыхтуюцца да выдання чарговыя кніжачкі з серыі, прысвечаныя, у тым ліку, паэтам Янку Купалу і Адаму Міцкевічу, а таксама драматургу Рыгору Кобецу.