Прывіды мінулага Ляшчыннай Савы. Гісторыя жыцьця й сьмерці першай жонкі Ластоўскага
Да 150-годзьдзя зь дня нараджэньня Марыі Ластаўскене — летувіскай пісьменьніцы і фэміністкі, першай жонкі Вацлава Ластоўскага.
15 траўня Летува досыць сьціпла адзначае 150-годзьдзе зь дня нараджэньня клясыкіні летувіскай літаратуры і забытай фэміністкі Марыі Ластаўскене ці часам Ластоўскай на беларускі лад. Жыцьцё пісьменьніцы было зьвязана і з Беларусьсю: пэўны час ейным мужам быў Вацлаў Ластоўскі, адна з дачок пісьменьніцы жыла ў Менску. Пісьменьніца да ўсяго валодала беларускай мовай — у дадатак да летувіскай, польскай ды іншых.
Праўда, ейныя апавяданьні і раманы да 2022 году на беларускую мову не перакладаліся, а таму ў Беларусі яна вядома хіба вузкім спэцыяліст-к-ам. Аднак гэта была надзвычайная кабета з кагорты вечных і сьціплых працаўніцаў, выдатных назіральніцаў; аўтарка шматлікіх мэлянхалійных, мэлядраматычных твораў, па якіх так лёгка рэканструюецца ўсё жыцьцё самой пісьменьніцы і цэлай эпохі.
У зьвязку зь юбілейнай датай варта выправіць хібы гісторыі і адкрыць беларус-к-ам цікавую пісьменьніцу і мысьлярку суседняй краіны: сакрэты пісьменьніцы, а таксама, нарэшце, прапанаваць чытач-к-ам некаторыя пераклады ейных твораў на беларускую мову.
1. Марыя Іваноўская, ці Іванаўскайце (пазьней Ластаўскене) нарадзілася 15 траўня ў 1872 годзе ў Шаўлях у сям’і мастака, пісьменьніка, удзельніка паўстаньня 1863 году Нікадэма Іваноўскага і памешчыцы Караліны Пячкевічуце. У сям’і размаўлялі па-польску. Сёстры таксама размаўлялі на летувіскай, францускай, нямецкай і расейскай мовах. На гэтых мовах зь дзяцінства чыталі мастацкую літаратуру ў арыгіналах. Бацькі навучалі Марыю і сястру Сафію дома, бо ў той час лічылася, што жанчына не мае патрэбы ў адукацыі, што ейны абавязак — нараджаць і гадаваць дзяцей. У сясьцёр на гэты конт былі зусім іншыя погляды.
Бацька шмат сілаў аддаў выхаваньню брата Густава, але сын не апраўдаў бацькоўскіх надзеяў з-за дрэннага здароўя. Гуманістычныя погляды бацькі, уменьне пісаць перадалося не сыну, а абедзьвюм сёстрам. Бацька з спазьненьнем заўважыў, што часта ігнараваў дачок. Зь дзяцінства, з сям’і сёстры заўважылі пашаноту да брата, да мужчынаў наагул і нейкую шкадоблівасьць да жанчынаў. Іх уважлівасьць і канстатацыя няроўнасьці жанчынаў у грамадзтве стануць пазьней у апавяданьнях і раманах цікавай і моцнай тэмай і фэмінісцкай крытыкай.
2. Марыя пачала пісаць у 17 год. Спачатку вершы на польскай мове, потым прозу. Часта пісьменьніца заставалася ў ценю старэйшай сястры, таксама пісьменьніцы Сафіі Пшыбіляўскене. Творы сястры Сафіі былі больш жвавыя і эмацыйныя, але Марыя напісала больш буйных твораў, асабліва раманаў. Да ўсяго Сафія раней пачала пісала па-летувіску, Марыя ж да сьмерці сястры пісала пераважна па-польску, а таксама сама ці хутчэй з дапамогай сястры перакладала свае творы на летувіскую мову. Зрэшты, сястра пісала пераважна пра вёску, Марыя — адна зь першых у летувіскай літаратуры пачала апісваць места.
У апавяданьнях Марыя Ластаўскене ахоплівае тэму псыхалягічных зьменаў вяскоўца, які прыехаў у места, сацыяльных прычынаў чалавечай жорсткасьці, прастытуцыі і злачынстваў беспрытульных дзяцей. Правінцыйнае чытацтва тым ня менш аддавала перавагу больш зразумелым і жвавым творам пра вёску з-пад пяра Сафіі.
3. Зрэшты, цікавы наступны факт з жыцьця сясьцёр Іваноўскіх: шмат год пісьменьніца Марыя пісала разам з сястрой Сафіяй Пшыбіляўскене пад адным псэўданімам — Лазьдзіну Пяледа (Lazdynų Pelėda), то-бок Ляшчынная Сава. І цягам некалькіх дзесяцігодзьдзяў ніхто і не здагадваўся, што гэта не адна, а аж дзьве пісьменьніцы, якія стварылі цудоўны творчы сястрынскі тандэм. Нават пасьля сьмерці Сафіі ад сухотаў у 1926 годзе праўда пра псэўданім не адразу стала вядомай. Толькі ў 1930 годзе летувіскі паэт і пісьменьнік Людас Гіра ў артыкуле пра Лазьдзіну Пяледу зьдзівіў грамадзтва такім адкрыцьцём.
Сьмерць сястры моцна паўплывала на Марыю, і яна працягнула літаратурную працу, пачаўшы пісаць па-летувіску і падпісвацца ўласным імем — Марыя Ластаўскене (Ластоўская). Да сяньня літаратуразнаўцы дакладна ня могуць ідэнтыфікаваць некаторыя тэксты пісьменьніцаў і вырашыць, каму з сясьцёр яны належаць — так ідэальна сёстры дапаўнялі адна адну, дзелячыся сваім жыцьцёвым і духоўным досьведам, а магчыма, і творчымі ідэямі.
4. Марыя Ластаўскене лічыцца пачынальніцай фэмінізму ў Летуве, у мастацкай літаратуры ў прыватнасьці. Так, у рамане «Сьвятло і цені» яна першай узьняла ідэал незалежнай, самастойнай, спрычыненай, свабоднай жанчыны, а таксама ідэю вольнага каханьня. Але і ў апавяданьнях пісьменьніцы таксама шмат фэмінізму, шмат жаночых пэрсанажаў, якія шукаюць новы лад жыцьця і знаходзяць яго, эмансіпуюцца (апавяданьне «Успаміны вяскоўкі», аповесьці «Да сьмерці», «Новы шлях» і інш.). У некаторых тэкстах пісьменніцы сустракаецца антыклерыкальная крытыка («Чараўніца», «Бажулька»), таму ейнае фэмінісцкае пасланьне толькі ўзмацняецца і дасюль застаецца актуальным.
У гэтым яна нагадвае іншую старэйшую за яе пісьменьніцу Жэмайце. Абедзьве пісьменьніцы крытыкавалі Касьцёл, сьвятароў ды кансерватыўнае грамадзтва, бо дзьве найбольш фэмінісцкія летувіскія пісьменьніцы добра ўсьведамлялі, што першымі ахвярамі рэлігійных забабонаў заўсёды былі жанчыны.
5. Літаратурная дзейнасьць не прыносіла асаблівых заробкаў, таму цягам жыцьця пісьменьніцы прыходзілася цяжка працаваць. З 16 год яна навучалася шыцьцю ў Шаўлях, потым працавала ў швэйнай майстэрні ў сваячкі ў Варшаве. Пазьней Марыя паехала шукаць працу ў Пецярбург, а ў ювэлірнай майстэрні Паршукова яе чакала такая ж цяжкая праца і мізэрны заробак. Працуючы ў Пецярбургу па 12 гадзінаў, яна больш не мела магчымасці пісаць. Аднак яна зьблізілася з грамадой студэнтаў сацыял-дэмакратычных настрояў, сярод быў і будучы муж пісьменьніцы. Дзякуючы ім, а яшчэ раней размовам з сястрой Сафіяй і, канечне, на ўласным прыкладзе, Марыя Ластаўскене разважала пра эканамічнае нявольніцтва працоўных, сялянаў, а яшчэ больш пра эканамічнае нявольніцтва жанчынаў. Усьлед за слынным фэмінісцкім артыкулам сястры Сафіі — «Нашы дзяўчаты» (1905), Марыя падтрымала пасланьне сястры аб тым, што мужчыны трымаюць кабетаў у эканамічным рабстве і ня сьпяшаюцца з тэхнічным прагрэсам, каб вызваліць нявольніцаў.
6. Прозьвішча Ластаўскене (Ластоўская) у пісьменьніцы ад мужа Вацлава Ластоўскага, вядомага беларускага пісьменьніка і дзеяча. Яны пазнаёміліся ў Пецярбургу, у 1903 годзе тамсама Марыя і Вацлаў пабраліся шлюбам у выніку кур’ёзнай сытуацыі, а не жарсьці ці каханьня: Марыя была старэйшая на 11 год за Вацлава Ластоўскага і часта дапамагала яму ды іншым студэнтам: карміла, давала прытулак. Часам Вацлаў Ластоўскі ня меў дзе жыць у Пецярбургу, Марыя давала прытулак і яму. Але неяк бацька Вацлава Ластоўскага даведаўся, што сын жыве бяз шлюбу з кабетай і быў абураны тым, што сын кампрамэтуе і няславіць Марыю. Бацька загадаў сыну вярнуцца дамоў. Каб выйсьці з нявыкруткі, Марыя і Вацлаў вырашылі ажаніцца. З боку Марыі гэта быў жэст дапамогі, бо да замужжа ніколі не імкнулася.
Шлюб быў рацыянальны, ня дужа шчасны. Тым ня менш у іх зьявіліся дзеці — дзьве дачкі: Она і Стася. Пара ў пошуку працы і ў выніку царскіх рэпрэсіяў пасьля паразы рэвалюцыі 1905 году зьехала ў Рыгу, потым у Вільню. Пра віленскі пэрыяд жыцьця Ластоўскіх цікава напісала ва ўспамінах «Сьцежкамі жыцьця» Паўліна Мядзёлка, якая апісвала бедную Ластаўскене, якая зарабляла капейкі шытвом, гадавала дзяцей, карміла ўсю сям’ю, у тым ліку беспрацоўнага мужа-«вучонага», «паразіта» і не магла прысьвяціць сябе літаратуры, тады як «вучоны» муж пісаў, хадзіў у бібліятэку і патрабаваў, каб яго абслугоўвалі.
Вацлаў Ластоўскі завёў новы раман, і напярэдадні Першай сусьветнай вайны пара разышлася. Марыя зь дзецьмі вярнулася ў родную сядзібу да бацькоў у Парагі.
7. У Вільні ў Ластоўскіх часта зьбіраліся шматлікія беларускія пісьменьнікі і дзеячы. Так, Марыя пазнаёмілася і моцна пасябравала з Янкам Купалам. Пісьменьнікі адразу знайшлі агульную мову: Марыя дзялілася сваімі творчымі плянамі і задумамі, а Янка Купала зачытваў ёй толькі што напісаныя вершы. Па ўспамінах дачкі Стасі, адносіны паміж Янкам Купалам і Марыяй Ластаўскене былі моцна рамантычныя, якія спыніла, на жаль, вайна. Хадзілі нават почуткі, што адна з дачок Марыі не ад Вацлава Ластоўскага, а ад Янкі Купалы. Пазьней, ужо пасьля Другой сусьветнай вайны, Марыя Ластаўскене прыязджала ў Менск на адну з гадавінаў сьмерці беларускага песьняра.
8. Марыя Ластаўскене была вегетарыянкай, заўсёды вельмі шкадавала жывёлаў. Зьнясіленых і старых коней, якія не маглі нахінуцца, паіла сама. Ведаючы ейную міласэрнасьць, вяскоўцы прывозілі да яе ў сядзібу ў Парагах хворых катоў і шчанюкоў. А аднойчы, як узгадвае дачка пісьменьніцы Стася, падчас Першай сусьветнай вайны маці пабачыла, як нямецкія жаўнеры, якія жылі ў іх у сядзібе, злавілі ў лесе дзьве лісіцы і пасадзілі іх у клець. Марыя не магла глядзець, як мучаюцца жывёлы, і падкрадня вызваліла іх. Немцы доўга шукалі віноўцу, але сьцішыліся.
Да ўсяго Марыя вельмі любіла шпацыраваць, назіраць за прыродай, часта шкадавала коней і выбіралася ў далёкі шпацыр пешшу. З успамінаў дачкі, так, вандруючы па наваколіцах дзясяткі кілямэтраў, пісьменьніца ў думках апрацоўвала тэмы, вобразы для будучых твораў. І, падаецца, любоў да прыроды, імкненьне схавацца ў лесе, у гайку і паназіраць неўпрымет за сьветам, добра тлумачыць іх з сястрой выбраны рамантычны псэўданім — Лазьдзіну Пяледа (Ляшчынная Сава).
9. У 1926 годзе ў Летуве адбыўся дзяржаўны пераварот. Правы ўрад пакараў сьмерцю чатырох сябраў Камуністычнай партыі Летувы. Да сьмерці быў вырачаны і зяць Марыі Ластаўскене, муж дачкі Оны Піюс Главацкас. Пісьменьніца зьвярнулася да прэзыдэнта Антанаса Сьмятоны з просьбай зьмяніць яму смяротны прысуд на пажыцьцёвае зьняволеньне. Прэзыдэнт даў дабро, і прысуд быў зьменены.
10. Цікава, што апошні і найбольш шчыры і моцны раман Марыі Ластаўскене «Прывіды мінулага» выйшаў на летувіскай мове толькі ў 1996 годзе, праляжаўшы ў рукапісе больш за паўстагодзьдзя спачатку ў сямейным архіве, потым у Нацыянальнай бібліятэцы імя М. Мажвідаса. Пэўна, за савецкім часам кніга і не магла б зьявіцца — прывіды Марыі Ластаўскене занадта сьмела і без ідэалягічнай вытрымкі распавядалі пра мінулае.
11. Марыя Ластаўскене пражыла 85 год. У 1938 годзе пераехала ў Коўну да сваёй дачкі Стасі Матулене, якая таксама стала пісьменьніцай, праўда, не такой слыннай, як маці. Дачка шмат дапамагала і рэдагавала тэксты маці. Марыя ў Коўне працягвала актыўна займацца літаратурнай працай, удзельнічала ў пісьменьніцкіх аб’яднаньнях, хадзіла на літаратурныя вечары. На тагачасных фотаздымках яна працягвала насіць чорную вопратку, якую насіла ад сьмерці маці ў 1918 годзе.
Марыі Ластаўскене давялося перажыць больш сацыяльных і палітычных зьменаў, чым сястры Сафіі: яна пахавала брата, маці, сястру, потым бацьку, пабачыла чарговую вайну, савецкую акупацыю, дэпартацю суайчыньнікаў. Але сілаў ёй ужо не хапала, каб апісаць гэта ў новых творах.
Яна памерла ў Коўне ў 1957 годзе і была пахаваная на мясцовых Пятрашунскіх могілках. Сяньня ў Вільні жыве ейны ўнук Рымантас Матуліс, публіцыст і перакладнік з ангельскай мовы, захавальнік спадчыны слыннай бабулі. А яшчэ ў Вільні аб ёй і ейнай сястры Сафіі нагадвае прыгожы помнік «Дзьве сястры», які месьціцца ў скверы ля вуліцы Ўсіх сьвятых.
*****
Прапануем вам апавяданне Марыі Ластаўскене «Дарунак ракі». Дасюль ейныя тэксты ніколі не перакладаліся на беларускую мову. Гэта своеасаблівая прэм'ера.
Дарунак ракі
Марыя Ластаўскене
Паром больш нікому не быў патрэбны. Наўпрост быў праведзены гасьцінец, праз раку пастаўлены мост, а зьвілістыя дарожкі, што вялі да парома, зарасьлі травой, а месцамі сталі непралазнымі. Засталіся толькі сьцежкі праз лугі і палі. Але паром усё яшчэ стаяў паміж чароту і асакі, а паромнік усё яшчэ жыў у напаўразбуранай хацінцы. Зрэдчас перапраўляў ён праз раку мінакоў, атрымліваючы на пражытак ад іх мізэрную аплату.
Гэта быў яшчэ не стары і даволі дужы мужчына; ён мог бы знайсьці ў людзей лепшы заробак і навесьці парадак у сваім жыцьці, але ён не хацеў гэтага. Ягонае зацьвярдзелае сэрца не хілілася да людзей, яго не спакушала багацьце, ён не сумаваў ані за смачнай ежай, ані за забавамі. Калі паром яшчэ працаваў у звычайным рэжыме і сяляне спыняліся ля яго хаціны, ён хутка ўпраўляўся зь вяроўкай, бразгаючы ланцугамі, імкнучыся як мага хутчэй пераправіць пасажыраў; ён ні з кім не размаўляў і не заводзіў знаёмстваў.
Цяпер жа, маючы шмат вольнага часу, ён сядзеў на беразе і, гледзячы ў ваду, прыслухоўваўся да водгульля, якое несла цячэньне. Праз вёскі і месты цякла вада.
Тая ж рэчка акружала ягоны човен, калі ён, гуляючы з сябрамі, гроб на ёй яшчэ малады, поўны жыцьця і ўпэўненасьці. Ня спраўдзіліся ягоныя мары. Каб ажыцьцявіліся яны, быў бы ён шчасны і, можа, прынес бы шчасьце іншым, калі б віры жыцьця не зацягнулі яго ў глыбіню. Закахаўся ён у дзяўчыну, якая любіла жыць весяло. Ёй проста хацелася гуляць, адпачываць і зноў гуляць; ненавідзела працу, патрабавала шмат грошай. Ён ажаніўся з той дзяўчынай.
Калі бацька памёр, ён прадаў частку сваёй гаспадаркі, бо жонка Анэта ненавідзела вёску. Спачатку тая дзіўная жанчына была задаволеная і шалёна закаханая ў маладога чалавека, але неўзабаве гэтае каханьне надакучыла ёй. Яна нудзілася, сумавала і патрабавала ўсё больш грошай. Часта не чакаючы, пакуль муж вернецца з працы, сыходзіла з дому адна і вярталася апоўначы. Яна не хацела казаць, дзе была. Жыцьцё рушылася, пайшлі непаразуменьні, сваркі.
Аднойчы ўвечары, вярнуўшыся дадому, спалохаўся: у ягонай маленькай кватэры гармідар — шафа адчыненая, адзеньне параскіданае, шуфляды выцягнутыя, пакамячаная пасьцель. Яе не было. Вылецела, як птушка з клеці. На стале ляжаў ліст:
Даруй мне! Зьязджаю зь вясёлым, заможным сябрам у далёкія, цёплыя краіны.
Ён ня плакаў, не галасіў, толькі ягонае сэрца застыгла, скамянела. Ня ведаў, куды дзецца, зусім не хацеў жыць. Ён ужо не шукаў заробку і, усё раздаўшы, паехаў у родную вёску. Прыехаўшы ў госці да брата, зразумеў, што і тут ён нікому не патрэбны: брат разам з сынам самі спраўляліся ў полі. Надарылася праца паромніка, і ён, ні аб чым не думаючы, пачаў працаваць на рацэ: цягаць вяроўкі, сачыць за парадкам. Гасьцінец вёў да вакзала, і ў пасажырах не было недахопу. Паромніка нават ноччу часта будзілі. Служба была нялёгкая, рукі балелі ад вяровак, але, застаўшыся зусім адзін, ён нікому не скардзіўся.
Далёка за сасоньнікам жылі людзі, там была сядзіба і вёска, а тут суседзямі паромніка былі мрэцы. Магілы, абнесеныя вузкімі сьценамі ўзгорку з пахілымі крыжамі, старымі дрэвамі і густым, пераплеценым хмызьняком, давалі спакой стомленай душы. Часам паромніку падавалася, што ён стаіць паміж двух жыцьцяў: жывых і мёртвых. Доўга сядзеў уначы, разважаў, глядзеў на крыжы, якія былі добра бачныя. Мігацелі зоркі, булькатала вада, і бяз слоў малілася душа паромніка; шкада яму было юнацкіх мараў: па твары каціліся сьлёзы. Цяпер ужо рэдка хто турбаваў паромніка, і калі заходзіла сонца, тут было так спакойна. Толькі салавей сьпяваў, вохкала сава, і зноў ціш. Вада несла водгульлё здалёк, можа, з гарадоў.
Жыцьцё як сон адышло ў мінулае, у сэрцы засталіся толькі жаль і бясконцы боль.
— Так будзе да сьмерці, — падумаў ён, аддаючыся свайму засмучэньню. Асабліва яго апаноўвала думка, што тая жанчына, ягоная жонка, прагнучы весялосьці і багацьця, нізка ўпала і запэцкалася.
— Можа быць, і я вінаваты, — узрушана падумаў ён. — Чаму я не ахоўваў, не выхоўваў яе? Я ня змог абараніць адну душу, якая была пад маёй апекай!
Каб яна памерла, ён бы, нарэшце, супакоіўся, а цяпер неабвешчанае пытаньне, дзе яна, як жыве, мучыла яго беднага і не давала спакою. Цішыня могілак супакойвала сэрца, нагадвала, што на гэтым сьвеце ўсё скончыцца. І зноў страх накрываў яго. Не пра сябе думаў паромнік.
— Дзе Анэта? — спытаў вецер, што ляцеў з далёкіх краёў; аб тым жа пыталіся ручаі вады той ракі, якая змалку была яму дарагая і мілая.
Анэта зьнікла. Хвалі жыцьця разлучылі іх цалкам і ўнесьлі слабую жанчыну ў шырокі сьвет. Паромнік адчуў, што больш ніколі не ўбачыць яе, зьмірыўся. Па меры набліжэньня старасьці халоднае сэрца балела ўсё менш і менш.
Часам паводкі прыносілі свайму сябру дарункі: дровы, бялізну, зьнесеную цячвом, а часам і драўляны посуд.
Калі б паромнік заўсёды падбіраў дарункі ракі, то меў бы куды большы прыбытак: сушыў бы сена і дровы, але увесь у думках, ён часта не заўважаў, што несла вада.
Аднойчы ўвечары, калі ішоў моцны дождж і маланка секла чорныя хмары, вада ў рацэ раптам паднялася і ўскаламуцілася. У вільготным паветры нізка лёталі ластаўкі, у баюрынах змрочана рыкалі жабкі. Паромнік адпачываў, седзячы проста ля вады. Стаміўся ад перапраўкі некалькіх чалавек. Здароўе ў яго было ўжо слабым. Ён з усьмешкай глядзеў на вершаліны старых дрэваў на могілках, якія стаялі з апушчанымі галінамі, нібы ахоўваючы навечна заснулых. Вада несла тонкія галінкі і пырскі шумы. Яшчэ здалёк паромнік убачыў, што ў хвалях нешта плыве.
— Мо' вялікая дрэвіна, — падумаў ён. — Няхай плыве далей – у мяне дроваў хапае...
Ён сядзеў і глядзеў, як калыхаюцца хвалі. Цячво павярнула бліжэй да берага, і раптам паромнік саскочыў з месца. Ён выразна пабачыў, як тапельца зачапіўся за камень. Вада адну руку закідвала на камень, вопратка чаплялася, а галава была разьбітая. Падплыўшы на лодцы, паромнік пабачыў шырока расплюшчаныя вочы.
Гэта была жанчына.
— Лепш бы ня бачыў, — падумаў ён. — Канечне, яна даўно мёртвая, але трэба выцягнуць з вады. Будзе шмат клопату з паліцыяй!
Выйсьця не было. Трэба было прыняць той дарунак ракі. Ледзьве ўдалося пагрузіць у човен цяжкае, набрынялае цела. Мокры і крыху адпачыўшы, пасьпяшаўся на бераг. Паклаўшы труп на траву, пры святле месяца ён спазнаў: гэта было цела ягонай жонкі. Ён хацеў шмат спытаць, шмат даведацца, але яна маўчала.
Зразумела, што яна вярнулася ў роднае места, можа, шукала яго, шкадавала грахоў, цярпела пакуты і прыніжэньні... Усё скончылася: ужо больш не папакутуе, ня стоміцца — адпачне пад дзёрнам, глыбока ў зямлі. Ніхто яе больш не будзе біць, ніхто больш не будзе мучаць яе, думаў ён, мацаючы ейныя мокрыя валасы.
Жыцьцё было жорсткае, але сьмерць усіх супакойвае. Толькі адно пытаньне ціснула на сэрца: няшчасны выпадак ці самагубства? Што адчувала тая жанчына ў гадзіну сьмерці?
Зьнямелыя вусны маўчалі.
Ціхая таямнічая ноч ахінула за дзень стомленых людзей, толькі на могілках працаваў паромнік, сьпешна капаючы дол. Ёсьць гадзіны ў жыцьці чалавека, калі ён робіць больш, чым можа. У калянай гліне паромнік выкапаў яму. Справіўшыся, ён вярнуўся ў сваю халупу, дзе ляжала цела ягонай жонкі. Канцавінка сьвечкі ўжо дагарэла, сумна міргаючы. Анэта пазірала на сябру, нібы жадаючы падзякаваць.
Калі сонца прабілася скрозь туман, на магіле Анэты ўжо зелянеў рыхлы дзірван, які хаваў начную працу.
Upės dovana, M. Lastauskienė, 1934Пераклад з летувіскай У. Гарбацкага, кастрычнік 2021