Беларускі бязвіз для грамадзян Літвы і Латвіі працягнулі да канца года

Бязвіз для грамадзян Літвы і Латвіі працягнулі да канца года. Пра гэта паведамляе прэс-служба МЗС.

1043322778_0_0_2819_1586_1920x0_80_0_0_e64f7189164d347bba1d344f859f1833.jpg

Уведзены месяц таму часовы дазвол на наведванне Беларусі без візы для літоўцаў і латвійцаў вырашылі прадоўжыць да канца года.
— Не сакрэт, што такія паездкі сталі і добрай эканамічнай падмогай для людзей, якія маглі набыць тавары беларускай вытворчасці па больш нізкіх коштах, чым у сябе на радзіме, — лічаць у МЗС.
У міністэрстве гэтае рашэнне назвалі імкненнем да «захавання добрасуседскіх адносін» і «развіцця міжасобасных кантактаў паміж простымі людзьмі» ва ўмовах «санкцыйнага ціску» на Беларусь.
— Практыка «бязвіза» прадэманстравала наяўнасць значнай цікавасці ў замежных грамадзян да Беларусі. Пасля працяглага кавіднага перапынку нашы суседзі атрымалі магчымасць сустрэцца са сваякамі, наведаць магілы родных, вырашыць бытавыя пытанні. Традыцыйна вельмі запатрабаваны лячэнне і адпачынак у Беларусі, — паведамілі ў МЗС.
Нагадаем, першапачаткова дазвол на ўезд у Беларусь без віз для грамадзян Літвы і Латвіі ўвялі тэрмінам на адзін месяц — з 16 красавіка па 15 траўня. Па даных Дзяржпамежкамітэта, у першы ж дзень у краіну прыехалі 600 замежнікаў.
Па даных літоўскіх памежнікаў, пасля ўвядзення «часовага бязвізу» колькасць літоўцаў, якія вандруюць у Беларусь, вырасла на траціну. Як правіла, мэта ўезду — наведаць сваякоў або пабываць на могілках.