Рэпрэсіі 1930-х: перакрочыць ноч

Самай камернай з усіх вечарын памяці рэпрэсаваных сталася музычная імпрэза ў арт-прасторы «Верх». Цудоўныя музыкі, праніклівыя вершы расстраляных паэтаў — і кранальныя песні.

ytan1f4dhfq.jpg


«У цемры восеньскай начы» — пад такім лейтматывам ў Мінску прыгадалі і нанова прэзентавалі творчасць рэпрэсаваных паэтаў. Культурна-асветніцкая ўстанова «Культура роднага краю» і Віртуальны музей савецкіх рэпрэсій у Беларусі ўшанавалі памяць расстраляных у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года.
Гурт «Балцкі субстрат», барды Раман Яраш, Аляксей Жбанаў выконвалі песні на вершы рэпрэсаваных паэтаў. Музыкі чыталі і самі вершы, і распавядалі пра трагічныя лёсы паэтаў.
«Яны былі такімі ж самымі жывымі, маладымі людзьмі, як мы, — сказаў саліст гурта Максім Іўкін. — Кахалі, сварыліся, весяліліся. І вось у нас тут у цёмнай залі з сімвалічным фонам гучаць і вясёлыя песні такіх жывых калісьці, цікавых людзей, творчых асобаў. Хацелася б паказаць гэтых людзей з розных бакоў, як жывых. Якіх проста ўзялі і выкрэслілі з гэтага жыцця. Уявіце — маладыя людзі пад 20 з нечым год, а іх расстрэльвалі як «шпіёнаў». Гэта не ўкладаецца проста ў галаве. Маштабы рэпрэсій, калі пачынаеш паглыбляцца, спрабуеш іх уявіць — гэта немагчыма. Гэта трагедыя страчанага пакалення, якое мы сёння ўспамінаем.
І вось тое, што мы зараз бачым, стан культуры і мовы — гэта наступствы і той страшнай ночы ў тым ліку. Тое, што мы зараз маем. Сёння давялося паспяваць для дзетак, быў выступ зранку. Для беларускіх дзетак гэта фактычна ўжо чужая культура. Для большасці, на жаль. Магчыма, мы яшчэ зможам штосьці зрабіць. І давайце гэта рабіць будзем».
Як распавяла Валерыя Чарнаморцава, у снежні плануецца прэзентацыя выставы Віртуальнага музею савецкіх рэпрэсій у Беларусі. Экспазіцыя пад назвай «Як тэрор стаў вялікім» прысвечана піку масавых рэпрэсій 37-га года. Сярод экспанатаў прадставяць дакументы, фотаздымкі — ахвяраў і катаў. Выстава будзе перасоўнай.
«У нас асноўнае зараз — гэта памяць, — адзначыла Валерыя Чарнаморцава. — І прычым памяць персаналізаваная. Мы ўзгадваем не проста нейкіх рэпрэсаваных людзей. Не проста ўзгадваем статыстыку. Але згадваем асобаў, персоны, персаналіі. І наш Віртуальны музей савецкіх рэпрэсій у Беларусі, асноўныя экспанаты — гэта менавіта лёсы асобных людзей. Ужо гадоў дзесяць я займаюся такой справай, як вусная гісторыя. Мы запісваем успаміны былых вязняў ГУЛАГу, рэпрэсаваных, іх сваякоў. Запісваем гісторыі жыцця, паламанага савецкімі рэпрэсіямі».
Такія жывыя гісторыі наведнікі пачулі і на відэа-прэзентацыі. А кожны ахвотны можа азнаёміцца з лёсамі рэпрэсаваных на сайце віртуальнага музею — represii.net  
У ноч памяці наведнікі прыйшлі і сем’ямі. «Мой бацька з вёскі Кухцічы Ўздзенскага раёну, — распавёў Алесь Астравух, з якім прыйшлі жонка і сын. — І ўсю сям’ю маёй бабкі выслалі ў Сібір у 30-х гадах. Звычайныя сяляне. А бабка мая засталася тут, таму што паспела выйсці замуж за бязбацькавіча, самага беднага мужыка ў вёсцы. Ну таму і засталася. А ўвесь род быў вывезены і там застаўся. Праўда, ніхто не загінуў. Я ўсё жыццё займаюся ідзішам. І частка тых самых паэтаў, як Ізі Харык, Мойша Кульбак і шмат іншых  — гэта ўсё ахвяры той самай ночкi, на жаль. Усё гэта і прывяло нас сюды».
Радзім Астравух:«Ну гэта насамрэч жахліва. Упамятаваць тых, хто быў тады расстраляны, паслухаць літаратуру, вершы — гэта вельмі цікава. Для мяне гэта душэўнае яднанне з тым часам».
Аляксей Чубат, кіраўнік ўстановы «Культура роднага краю», зазначыў:
— Задума такая, каб праз 80 гадоў гэту ноч перакрочыць. Трагічная ноч, якая для людзей была завяршэннем жыцця. А мы, як нашчадкі іхныя, як сучасныя беларусы, іх успамінаючы перакрочваем гэту ноч. Ушаноўваем іх памяць пасля поўначы на наступныя суткі. І вельмі добра, што па ўсяму Мінску шмат розных ініцыятыў з нагоды гэтай трагічнай ночы. Калі кожны год іх будзе ўсё больш і больш, ну гэта значыць, сапраўды жыве Беларусь!».
Пасля поўначы ў арт-прасторы «Верх» пайменна агучылі прозвішчы знішчаных у «чорную ноч» літаратараў. Пасля кожнага прозвішча гасілі знічку — як сімвал заўчасна згаслага жыцця.
Анатоль Вольны, Платон Галавач, Алесь Дудар, Міхась Зарэцкі, Васіль Каваль, Тодар Кляшторны, Валерый Маракоў, Васіль Сташэўскі, Юлі Таўбін, Міхась Чарот, Арон Юдэльсон, Юрка Лявонны...
Вечная Памяць!