Серж Мінскевіч: авангард і класіка паэзіі і жыцця
У першую гадавіну смерці згадваем пісьменніка і паэта Сержа Мінскевіча — талент, які заўчасна страціла беларуская літаратура.
Год таму не стала аднаго з беларускіх паэтаў, пісьменнікаў-фантастаў, вельмі таленавітага чалавека Сержа Мінскевіча. Ён стаяў ля вытокаў адной з самых яркіх з'яў у беларускай літаратуры — авангарднай плыні «Бум-Бам-Літ».
З яго ўдзелам у 1990-я і 2000-я ў Мінску і іншых гарадах Беларусі прайшлі дзясяткі (а можа быць, і сотні) выступленняў, перфомансаў, кожны з якіх, несумненна, быў запамінальным і даваў людзям зусім іншы погляд на літаратуру, на тое, якім можа быць мастацтва.
Звыклыя да сацыялістычнай рэальнасці, людзі не зусім былі гатовыя сустрэць настолькі ярка выражаны авангард, таму, можа быць, ён прыйшоўся не да свайго часу. Можа быць, рана. Але, аднак, ён быў — і ён пакінуў свой след у найноўшай беларускай літаратуры.
Серж быў не толькі паэтам і пісьменнікам — ён быў яшчэ і перакладчыкам, перакладаў, у асноўным, польскую літаратуру (Яраслава Івашкевіча, Канстанцыя Галчыньскага, Збігнева Герберта, Станіслава Мрожака, Станіслава Лема), а таксама англійскую і амерыканскую — прычым самую што ні ёсць класічную: Уільяма Шэкспіра, Персі Бішы Шэлі, Генры Лангфэла.
Мінскевіч зрабіў вялікую працу па перакладах класіка беларускай і польскай літаратуры Адама Міцкевіча. Яго намаганнямі на беларускай мове з'явіўся поўны варыянт перакладу паэмы «Дзяды». Ён перакладаў санеты Міцкевіча, і гэта каласальная праца, таму што санет — гэта цвёрдая форма, якая патрабуе вялікага майстэрства як у напісанні, так і ў перакладзе.
Дарэчы, сам паэт таксама пісаў санеты, і ў яго ёсць выдатны «Мінскі цыкл», прысвечаны любімаму гораду — адна з самых прыгожых рэчаў, звязаных з урбаністычнай паэзіяй, якія я калі-небудзь бачыў.
Серж ствараў не толькі традыцыйную паэзію, да якой мы ўсе прывыклі. Ён, вядома, эксперыментаваў з класічнымі формамі: у яго можна знайсці, напрыклад, рубаі, туюгі, газэлі, хайку і танка. Ён, канечне, эксперыментаваў з візуальнай паэзіяй. У суаўтарстве з Алесем Туровічам Мінскевіч стварыў транслагізм — творчы метад і новы жанр вершаў, у якіх на першы погляд можна не ўбачыць логікі, можа здацца, што гэта вершы, напісаныя бяздарным графаманам. Але калі ўчытацца ў іх, становіцца зразумелай гульня слоў, становіцца бачна, наколькі дакладна там вывераны рытм, наколькі дакладна словы падабраныя адно да аднаго.
Прыгажосць авангарднай літаратуры ў тым, што сэнс кожны знаходзіць сам, прычым гэты сэнс, як заўсёды, вядома, не закладваўся аўтарам. Але яго складаней было б знайсці ў традыцыйнай літаратуры, якая дае значна менш падказак і магчымасцей для інтэрпрэтацыі.
Год таму Сержа не стала. Яго жыццё трагічна абарвалася на 53-й прыступцы лесвіцы, якая мусіла быць доўгай, складзенай з мноства такіх жа прыступак, што кожнага вядуць да свайго неба.
Успамінаючы паэта, самым важным, напэўна, было б сказаць не толькі пра тое, якім ён быў чалавекам (а мяркуючы па ўспамінах сяброў, Серж быў выключным сябрам і вельмі чулым, шчырым, спагадлівым чалавекам). Успамінаючы паэта, вельмі важна не забываць пра яго вершы. Таму я прапаную вам некалькі, на мой погляд, узрушаючых санетаў Сержа Мінскевіча, дзе ў тонкіх метафарах і нечаканых параўнаннях чытаюцца бязмежная любоў і незгасальны боль за зямлю, па якой ён хадзіў.
Сьляпыя магілы (Курапаты) (З цыклю «Менскія санэты»)
Насеньне лепшае з жыцьцёвай сьветлай нівы
Сабранае ў жарон Малоху… Пыл пэрлін,
Узятых з мора ўцех і працы, — ў змрок рыцьвін
Прасыпаны на жвір вільготны і маўклівы.
Заслону забыцьця прадуць гады рупліва…
Як войска ўсталі тут сто тысячаў хваін,
Бы варта цішыні, што грэбнем вершалін
Шумлівыя вятры сутрымвае за грывы.
Тут іншаземцы сьлёз ня могуць прыхаваць…
І вы, гаспадары, паплачце, ці ж вам сьцерці
З прасьцягу памяці разоры столькіх сьмерцяў?
Паплачце, бо інакш драўлянай варты раць
У горад рушыць, каб ваш сон патурбаваць,
Павекі, што ў крыві запекліся, разьдзерці.
3.02.02
МІНСК УНАЧЫ. КРОКІ
Праспэкт — тачы хрыбет. Стаю на пазванках,
Якіх не праламаць маім цяжкім абцасам,
Шклом будзе брук вішчаць пад іхным выкрутасам,
І рэха, як стылет, праб'е далёкі дах.
Цень есьць сьвятла амлет, што смажыцца ў кружках
Калюжын... Вокны сьпяць. Сьпяць жыхары. Тым часам
Мінск любіць плошчы праць і гладзіць шэрым прасам.
Ці распачне балет пазёмкі ў закутках.
Мінск падабае ноч, яна ў яго фаворы —
Увесь блішчыць, як скотч, зьбірае кроплі, зоры —
А тая наўзаем зь імглы кілім прадзе.
Кахае ноч мяне — уздыме ў жарсьцяў стромы,
Стамлёнасьцяў гарэм, палац дрымот зьвядзе,
Калі ж сон праміне — даводзіць зноў да стомы.
11.10.2000
ПІЛІГРЫМ
Над горадам каршун — яго занёс імклівы
Паветраны струмень, і птах ледзь-ледзь крылом
Кранае чорны шпіль, ды рвецца ўверх віхром,
Дзе вецер-хмарагон, дзе пругкія парывы!
Ён іх утаймаваў і ўжо ляціць гульліва,
Кіруе свой палёт распушаным пяром
І азірае дол пад гострым кіпцюром.
Нібы цікаўны госьць, ён бачыць нашы дзівы...
Таксама, вось і я у горадзе сваім
Як быццам прыхадзень, турыст і пілігрым.
Перада мной ляжыць край родны, край знаёмы,
І разам з тым — чужы, нязносны, невядомы.
І колькі трэба шчэ прайсьці па ім, у ім,
Каб я вярнуцца змог назад, ізноў дадому.
12.12.2000
ДАРОГА НАД ЯМАЙ
Спадарожніца:
Даверся цішыні й малітве шчырай самай,
Якую не вучыў, якую ты ў сабе
Вось толькі што пачуў у роспачнай журбе.
Яна нас правядзе па строме чорнай ямы
І ўзнімецца вышэй да найсвяцейшай брамы,
Каб несьці супакой ахвярам... і табе.
Ты — зьніч між радакоў, і сэрца звонам б'е
Па тых, каму няма ні помнікаў, ні храмаў...
Пілігрым (пасьля паўзы):
Нябёсы чыстыя, — забыты стрэлы й дым,
І па старых кладах праходзяць аўтатрасы.
А мы, як і дзяды, над прорваю стаім.
Стаім бяз голасу і нават без галасу,
У думках беражэм наказы маладым
І песьцім свой спадзеў на літасьцівасьць часу.
2.05.2002