Сёння дзень народзінаў Анатоля Сыса (аўдыё)

26 кастрычніка Анатолю Сысу споўнілася б 57 гадоў. З гэтай нагоды tuzin.fm узгадвае незвычайны канцэрт, які ладзіўся з нагоды дня народзінаў паэта ў Чырвоным касцёле ў 2007 годдзе. У ім узялі ўдзел Кася Камоцкая, Лявон Вольскі, Руся, "Палац", Аляксандар Памідораў, а вёў канцэрт Адам Глёбус.
 

sys1.jpg


Ідэя гэтага канцэрту нарадзілася пасля размовы з полацкім літаратарам Алесем Аркушам увосень 2007 году. Мінула ўжо два з паловай гады, як пахавалі Анатоля Сыса, а помніка на ягонай магіле не было. Саюз беларускіх пісьменьнікаў яшчэ на пачатку 2007-га абвесціў конкурс на праект надмагілля. У ім перамог эскіз мастака Генадзя Лойкі. Усталяванне помніка планавалася прымеркаваць да дня народзінаў пісьменніка — 26 кастрычніка. Але паўстала праблема — грошай на помнік не знайшлося. Аўтар эскізу пагадзіўся працаваць бясплатна, але апрацоўка пліты вагою амаль у тону і яе транспартыроўка вымагала немалых выдаткаў. Вось і паўстала такая задума — сабраць грошы з дапамогай дабрачыннага канцэрту. І зладзіць яго ў незвычайным месцы — Чырвоным касцёле, у дольнай залі. У якасьці выступоўцаў мы запрасілі ня толькі тых выканаўцаў, якія былі добразнаёмыя з Анатолем, але і тых, хто яго ніколі ня бачыў, але шанаваў яго творчасьць. Драматургію вечара прадумаў Адам Глёбус, які спраўдзіў адну з сваіх мараў — зладзіць рок-канцэрт у касцёле.

1350_news_240x240.jpg


Вечарына адбылася 3 лістапада 2007 году. Адмыслова да яе мастак Алесь Квяткоўскі падрыхтаваў выставу з 10 карцін, на якія натхніўся вершамі Сыса. Усе ўдзельнікі канцэрту гралі бясплатна, уваход таксама быў вольны — з умоваю абавязковага ахвяравання на помнік. Яшчэ за паўгадзіны да пачатку заля запоўнілася дарэшты, таму хто прыйшоў пазьней, слухаў музыку пры ўваходзе, у фае. Адам Глёбус згадваючы той канцэрт кажа, што ён праходзіў цяжка.

sys11.jpg


«Кася не хацела спяваць першай. Я настойваў, бо толькі адзін радок мог задаць патрэбную танальнасць усяму рок-канцэрту, радок „Надта хочацца ў вырай, мая белая лебедзь!“. Настаяў. Кася пагадзілася — з адной умоваю, што мы пачакаем, калі ўсе рассядуцца, бо для гэтага радка патрэбна поўная цішыня. Таму і канцэрт пачаўся са спазненнем. Капрызы Русі ляжалі ў іншай плоскасьці, ёй не падабалася, што вакол яе круцяцца жанатыя мужчыны. Заляцанні і нават простая ўвага жанатых мужчын яе раздражняла. Раздражнёная рок-спявачка — рэч небяспечная. Зь ёй трэба абыходзіцца тактоўна і асцярожна, а дзе ўзяць тактоўнасць, калі ўсе навокал узбуджаныя і нэрвовыя? Лявон не зрабіў песню на словы Сыса. Добра, што мы былі ў касцёле, дзе нельга лаяцца. Добра, што Кася згадала песню, якую некалі даўно яна спявала разам з Лявонам. Добра, што Лявон сеў у кутку і аднавіў тую песню. Майстра. …я расказваў гісторыю, а рок-н-рольшчыкі спявалі. Рок-канцэрт у касцёле прайшоў выдатна. Галоўнае: усе востра адчулі, як нам не хапае паэзіі, шчырасці, праўды, песні, музыкі і свабоды».


Гэты канцэрт па сваім змесце — унікальны. З абсалютна рарытэтных рэчаў — няскончаная песня Касі Камоцкай «Званы», першае выкананне «Птушкі» гуртом «Палац» (песня напісаная адмыслова да гэтага канцэрту выдатна прыжылася ў рэпетуары гурта), прэм’ера дзвюх песень Памідорава на вершы Сыса, твор у выкананні Русі «Брыдка» (для Indiga гэта быў адзін з апошніх выхадаў на публіку, неўзабаве гурт разыдзецца) ну і эксклюзіў ад Вольскага — адноўленая проста на каленках за 15 хвілін да выступу «Хто натхніць мяне на смерць».

2ae81768_1487_4c16_a7b6_55cfb8eea547_mwdynamic_mhdynamic_s.jpg


Па выніках вечара было сабрана 2 747 860 беларускіх і 100 расейскіх рублёў. Гэта трохі болей за 1200 даляраў па тагачасным курсе. Сумы гэтай хапіла, каб на могілках у Гарошкаве на Гомельшчыне з'явіўся помнік Анатолю Сысу.
Сяргей Будкін, tuzin.fm. Фота naviny.by, Міраслава Адамчыка, Андрэя Лянкевіча