Складаная гульня па пошуку сюжэту
Кніга Яніны Пінчук «Горад мрой» нясе ў сабе настроі і спробы аўтара-пачаткоўца. Адназначна сказаць, пра што гэтая кніга, даволі цяжка.
У творы выразная толькі тэма кахання, прычым кахання нясталай дзяўчыны да чалавека, які ўжо адбыўся ў жыцці. Але гэта становіцца відавочным, толькі калі чытач адолее палову кнігі, бо дагэтуль ён хіба што шукае адказы на апісваемыя падзеі.
Калі ісці ад пачатку, дык першыя думкі наводзяць на тое, што дзяўчына-студэнтка стварыла ў сябе ў галаве асаблівы свет і жыве ў ім, спалучаючы з ім жыццё ў непасрэднай рэальнасці. Гэты свет, на першы погляд, існуе толькі ў фантазіі гераіні, ён створаны таму, што тая рэальнасць сучаснага Мінска, у якой жыве дзяўчына, зусім яе не прываблівае. Яна жыве іншымі катэгорыямі, іншымі ўяўленнямі, усё пераносіць на тую фантазійную прастору, якую стварыла — паўтаруся — у сваёй галаве. Але потым з’яўляецца спадар генерал, з якім дзяўчына вядзе нейкую асаблівую гульню, нешта звязвае яе з ім, але адразу не зразумела што.
Гераіня перыядычна бачыць генерала, ці бачыць падобных да яго, неяк таемна з ім сустракаецца. Напачатку гэта здавалася цікавым: «Ну з кім не бывае, хочацца неяк дамаляваць і прыўкрасіць сваё жыццё». Але справа аказалася не такой простай: апынулася, што гэта не проста фантазіі, а іншая — паралельная сучаснай — рэальнасць. Сапраўды, такі паварот сюжэту. Але насамрэч можна з нацяжкай казаць, што ў кнізе ёсць нейкі сюжэт, які быў нечаканы і выплыў невядома адкуль.
Магчыма, зразумець усё мне, як чытачу, можа і не давялося, але ў мяне шмат пытанняў. На маю думку, гісторыя вельмі не раскрытая і скацілася ў адзін бок — несаспелага кахання, з замашкай на стварэнне нейкага сюррэалістычнага твора. Атрымалася, што паралельна сучаснай рэальнасці існуе іншая, і гэта рэальнасць — ВКЛ, якое дзейнічае па сённяшні дзень.
Сама магчымасць паразважаць пра тое, якім было б ВКЛ у ХХІ стагоддзі — гэта сапраўды цікава, але ў кнізе гэтага няма, ад ВКЛ там толькі назва. І ўвогуле, незразумела, чаму гэта рэальнасць існуе, чаму менавіта гераіні кнігі ў яе трапляюць, незразумела, паводле якіх прынцыпаў функцыянуе гэтая рэальнасць, чаму яна мае выхад на людзей, што жывуць у сучасным Мінску, як адбываецца пераход у гэту рэальнасць, у які момант адкрываецца магчымасць у яе трапіць. Ці яна заўсёды адчыненая? Хто ўвогуле можа туды трапляць? І, нарэшце, — які сэнс гэтай рэальнасці? Узнікае ўражанне, што яна была проста створаная як модная фішка, а не як неабходнасць для раскрыцця сюжэту.
Усе дзяўчыны, пра якіх ідзе аповед у кнізе, могуць трапляць у паралельнае ВКЛ, і больш за тое, могуць браць з сабой каго-небудзь. Усе дзяўчыны з’яўляюцца свайго кшталту варажбіткамі, але ў кнізе заняткі гэтых дзяўчат у паралельным ВКЛ называюцца проста спецыялізацыяй (іх і завуць «спецыялісты»). У чым канкрэтна заключаюцца справы дзяўчат — невядома. Ну, працуюць яны ў міністэрствах, робяць важныя справы, выконваюць заданні, кахаюць міністраў ды генералаў — гэта ўсё, што можна сказаць пра іх працу. У «паралельнае ВКЛ» закінуты міністр з былога СССР, генерал з Лацінскай Амерыкі — і таксама не зразумела, чаму яны там, што робяць.
Усё вельмі размыта. Таму ствараецца ўражанне, што нешта хацелася сказаць, але хацелася пра адно, а атрымалася зусім пра іншае. Увогуле, пасля прачытання застаецца нейкі туман, набор карцінак, якія ў адно сабраць цяжка.
Што мне вельмі спадабалася ў кнізе — гэта пасыл на погляд унутр самога сябе. І гэта не рацыянальнае самакапанне, а пасыл на адчуванне, на тое, каб адкінуць усё і сапраўды зразумець, хто ты, як ты ўпісваешся ў сваё наваколле, як ты сябе ў ім адчуваеш, што ты хочаш ад яго, якіх зменаў хочацца ад самога сябе. Гэта вельмі падабаецца, і гэта вельмі істотна. Бо важна не толькі ўспрымаць усё рацыянальна, але і даверыцца сваім адчуванням і ісці за імі, умець у іх разбірацца. Такі пасыл вельмі імпануе, і гэта тое, што «прабірае», тое, на што чытач звяртае ўвагу, тое, што застаецца з чытачом на доўгі час, што не забываецца.
Ёсць у кнізе два прыемныя для мяне апісанні, якія трошкі ахінулі беларускай культурай. Першае — гэта паляванне з міністрам: прачуліся настроі беларускай шляхты. І другое — святкаванне Купалля, вельмі моцны адсыл да беларускай самасці, да традыцыйных язычніцкіх святкаванняў, да простай, шчырай, улюбёнай у жыццё беларускай душы.
І гэта «прабірала», нешта прачнулася ўнутры, навеяла прыемнасць і спакой. Дзякуючы гэтаму я, калі пабачу іншую кнігу Яніны, абавязкова адкрыю пачытаць з надзеяй, што ў ёй знайду падобныя адчуванні з большай сілай уздзеяння.