Святлана Алексіевіч: спасцігнуць неспасцігальнае

Прэзентацыя кнігі Святланы Алексіевіч «Час сэканд хэнд», якая прайшла на Мінскім міжнародным кніжным кірмашы, выклікала вялікую ўвагу журналістаў і прыхільнікаў яе таленту. Але, як заўсёды, не разлічылі арганізатары — патрапіць на сустрэчу з нашай знакамітай зямлячкай было вельмі складана.



aleks_1_logo.jpg

Сятлана Алексіевіч

Планавалася, што сустрэча з Алексіевіч адбудзецца на стэндзе выдавецтва «Белкніга». Насамрэч, для сустрэчы выдзелілі маленькі пакойчык за стэндам. Тым, хто не прыйшоў на сустрэчу зарання, прыйшлося выстройвацца ў вялікую чаргу, каб патрапіцьда любімай аўтаркі. 

v_ochered_2_logo.jpg

Да Святланы Алексіевіч у кніжным павільёне выстройваліся чэргі

Аднак, маленькае памяшканне ў нечым кампенсавалася самой Алексіевіч і яе выдаўцом — генеральным дырэктарам выдавецтва «Время» Барысам Пастэрнакам. У той час, як прэзентацыі астатніх пісьменнікаў на кніжным кірмашы займалі самае большае паўгадзіны, Алексіевіч сустракалася з чытачамі аж дзьве. Да таго ж, паглядзець на яе можна было з гаўбца другога паверху выставачнага цэнтра.

sverhu_logo.jpg

 Святлана Алексіевіч і Барыс Пастэрнак вітаюць тых, хто глядзіць на іх зверху

na_golov_logo.jpg

Журналісты стаялі ледзьве не на галовах адзін у аднаго, і ў знакамітых выступоўцаў

«Час сэканд хэнд» — апошняя кніга Алексіевіч з цыклу «Утопія», расповеду пра жыццё і лёс савецкіх і постсавецкіх людзей. Як сказала сама Алексіевіч, выдавецтва «Время» выпусціла поўны зборнік яе «Утопіі». «Усе гэтыя кнігі я пісала 35 год, а на апошнюю у мяне сышло год дзесяць. Можна сказаць, што ўсе пяць кніг — гэта адна кніга. Гэта адна душа. Гэта кніга больш за ўсё аб тым, як мы жылі, як гэтае жыццё скончылася, як мы апынуліся ў разгубленасці, — у Беларусі час зусім спыніўся», — кажа Алексіевіч.

У апошняй кнізе, па прызнанні аўтаркі, «шмат рускага матэрыялу». «Таму што там крах ідэі, нечаканы для большасці капіталізм, адчуваецца больш. А ў нас усё крыху схавана, — крыху сацыялізму, крыху капіталізму… Цяжка разабрацца», — кажа Алексіевіч.

aleksievich_logo.jpg

Чаму так цяжка пісалася менавіта «постсавецкая» частка «Утопіі»? Таму што там, па прызнанні Алексіевіч, «гучыць хор вельмі розных галасоў». «Бо, як вы бачыце, на постсавецкай прасторы ёсць вельмі шмат варыянтаў развіцця. Ёсць варыянт Расіі, дзе вельмі жорсткі капіталізм, ёсць варыянт Украіны, дзе народ адмовіўся жыць так у тым зняволенні, як яму прапанавалі. Ёсць варыянт Беларусі, якая знаходзіцца ў замкнёнай прасторы. Свае варыянты ў Прыбалтыкі і Закаўказзя. Было вельмі складана перадаць увесь гэты час — час атамізаваўся. Але я хацела перадаць нейкія галоўныя лініі. Калі ў 1990-я гады нам здавалася, што мы развіталіся з камунізмам канчаткова, то зараз так не здаецца. Калі я ездзіла па Расіі, мяне здзівіла, наколькі людзі, і як ні дзіўна, маладыя людзі, смуткуюць аб мінулым. Калі гэтага няма ў Маскве і Санкт-Пецярбурзе, то ў глыбіні Расіі гэта ёсць, і гэта нечакана. Так што гэта да нас не раз яшчэ вернецца», — мяркуе аўтарка.

Па словах Алексіевіч, за увесь гэты цыкл яна хацела зрабіць адну выяву — выяву таго, што робіць з чалавекам утопія і ўтапічныя ідэі кшталту камунізма. «І для мяне вельмі важна, што не толькі ў нас, але і ў свеце яны карыстаюцца папулярнасцю. Усе жадаюць зразумець, што ж з намі адбываецца? Чаму ў нас ізноў нічога не атрымалася. Чаму ў 90-я мы былі так рамантычна настроеныя: побач новае жыццё, вось зараз мы сядзем у трамвай — і апынемся ў новым жыцці. А ўсё аказалася цалкам не так, і жыццё аказалася зусім іншае», — кажа Алексіевіч.

knig_dikt_logo.jpg

«Людзі хочуць зразумець, што гэта за краіна, якая ўвесь час круціцца на адным месцы, якая робіць крок наперад, але ўвесь час вяртаецца назад. Гэта не толькі Беларусь, гэта я кажу пра ўсю постсавецкую прастору. Хіба, Закаўказзе і Прыбалтыка сышлі ў іншы час. І вельмі складана патлумачыць, чаму мы такія. Нядаўна ў мяне была цікавая сустрэча з нямецкім прэзідэнтам. Яго не было на ярмарцы ў Франкфурце, таму ён напісаў мне ліст з прапановай аб сустрэчы, запрасіў мяне. І ён увесь час пытаўся: «Скажыце, чаму беларусы — не ўкраінцы?». У мяне няма адказу на гэтае пытанне. Гэта трэба распавесці ўсю гісторыю, шмат розных рэчаў, але ўсё роўна гэта зразумець складана. І я думаю, што чытаючы «Час сэканд-хэнд»… У заходніх рэцэнзіях напісана,  што гэтая кніга вызваляе нас ад чорна-белага свету, раптам мы бачым што жыццё болей складанае. А чалавек, які застаўся пасля сацыялізму — і ахвяра, і кат адначасова, і як людзям складана перарабіцца», — разважае Алексіевіч.

o_knige_logo.jpg

past_aleks_logo.jpg

Барыс Пастэрнак распавядае пра шалёны поспех кніг Алексіевіч за мяжой

У прынцыпе, тлумачыць самой Алексіевіч, пра што яе кнігі, — вельмі складана. Гэтыя разважанні пра час, пра лёс чалавека, пра тое, што робіць і як жыве чалавек падчас вялікіх гістарычных пературбацыяў — у кожнага свае.

«Я думаю, што гэта — энцыклапедыя, мастацкая і для гісторыі, і нам для развагаў. Мне здавалася, што я яе скончыла, бо «чырвоны чалавек», у тым варыянце, у якім ён быў, ён, канешне, знік. Але зараз з’яўляецца іншы чалавек. Нават калі ў ім ёсць нейкі сум пра мінулае, то я не думаю, што ўсе жадалі б жыць пры камунізме. Усе хацелі б нейкага справядлівага жыцця, сацыялізму — пэўна, пра гэта мы марылі ў 90-я. Але жыццё — зусім не прагназуемае, нечаканае», — лічыць Святлана Алексіевіч.

«Здавалася, у тым жа Кіеве — так рамантычна і прыгожа выйшла апазіцыя, але ў той жа час чуеш і іншыя галасы, галасы радыкальныя. І ўзгадваеш 1917 год, калі ніхто сур’ёзна не ставіўся да камуністаў-бальшавікоў. І пакуль кадэты і эсэры спрачаліся, бальшавікі раптам выйшлі на авансцэну гісторыі», — рэфлексуе яна.

Можа, сапраўды, гэтыя погляды ў час патрэбныя для таго, каб мы бачылі — жыццё зусім не такое «чорна-белае», як гэта падаецца? СССР — не толькі сацыяльная справядлівасць альбо «імперыя зла», у кожным чалавеку ёсць злое і добрае? Але ў тым, што мы пакрысе і памалу выкалупваемся з постсавецкага мінулага, Алексіевіч, падаецца, бачыць толькі плюсы.

dovol_logo.jpg

Святлана Алексіевіч відавочна задаволеная прэзентацыяй

«Сёння кожны адказны за свой лёс. Пэўна, гэта і ёсць свабода. А не тое, што ў нас будзе добры цар, і ён нам усё вырашыць, зробіць справядлівае жыццё. Не. Свабода — гэта калі кожны працуе на новае жыццё. Пра гэта і мае кнігі», — думае пісьменніца.

І да гэтага «новага свету» Алексіевіч заклікае рыхтавацца загадзя.

aleks_past1_logo.jpg

«Сёння людзі выратоўваюцца тым, што зачыніліся ў сваім доме, сярод блізкіх людзей. Маладыя людзі гэты вакуум запаўняюць тым, што спрабуюць ездзіць, бачыць людзей, кожны знаходзіць свой шлях выжывання. І, напэўна, гэта такой «прамежкавы час», які нам трэба будзе пражыць. Тым, хто пасталейшы, я б хацела сказаць, што не трэба быць у адчаі: усё ж галоўнае мы зрабілі — камунізм пераможаны. А моладзі я б хацела параіць рыхтавацца да будучыні. Будучыня ўсё роўна будзе. Будзе нармальная еўрапейская будучыня. Можа быць, маё пакаленне да гэтага не дажыве, але вы дажывяце. Але да будучыні трэба рыхтаваць сябе — гэта час вельмі жорсткі. Капіталізм — вельмі жорсткая сістэма. Я дзесяць год пражыла за мяжою, і я хачу сказаць, што нашае ўяўленне пра капіталізм, — вельмі рамантычнае. А гэта вельмі жорсткая сістэма, і я мяркую, да яе прызвычайвацца мы будзем вельмі доўга», — гаворыць Святлана Алексіевіч.

Фота  Сяргея Пульшы