Шукайце першыя беларускія «Заклятыя скарбы»!
Каманда маладых творцаў здымае першы беларускі веб-серыял жахаў «Заклятыя скарбы» па-беларуску! Сёння, 28 красавіка, першая серыя з’явілася ў свабодным доступе. Рэжысёр Серж Аўсяннік распавёў чытачам НЧ пра свой праект.
У сеціве з’явілася першая серыя першага беларускага сеціўнага хорару — вэб-серыялу на беларускай мове «Заклятыя скарбы». Каманда маладых творцаў з Мінску завяршыла работу над першай серыяй пад адпаведнай жанру назвай «Галаву складзеш», і сёння, 28 красавіка, прэм’ера з’явілася ў свабодным доступе ў сеціве. Сюжэт серыялу «Заклятыя скарбы» зняты па матывах традыцыйных беларускіх легендаў ды паданняў і натхнёны аднайменнай кнігай, якую многія памятаюць з маленства не столькі паданнямі, што жахалі, колькі сваімі ілюстрацыямі! Аўтарам ідэі праекта выступіў малады рэжысёр Серж Аўсянік. Аўтарамі сцэнароў сталі Зміцер Шкрадзюк, Серж Аўсяннік і літаратарка Валярына Кустава.
Першая серыя «Заклятых скарбаў» — «Галаву складзеш».
З нагоды прэм’еры НЧ паразмаўляў з рэжысёрам «Заклятых скарбаў» Сержам Аўсянікам.
«Наш праект першы для нас саміх»
— Серж, апошнім часам у маладым
беларускім кіно вельмі часта ўжываецца эпітэт «першы». Асабліва яго любіць Андрэй
Курэйчык… А ў чым сапраўды першы ваш праект?
— Наш праект першы для нас саміх! Мы ніколі не рабілі веб-серыялы, ды яшчэ ў такім нязвыклым для Беларусі жанры, і да таго ж на беларускай мове! Гэта, можна сказаць, эксперымент для ўсёй нашай каманды — зможам ці не. На наш погляд, змаглі! Зразумела, не ўсё так, як хацелася б, але збольшага — «план выканалі»! І гэта наш, можна сказаць, дэбют у мастацкім кіно.
— Якія галоўныя «фішкі» вашага кіно?
— Самая галоўная фішка нашага серыяла — мы здымаем яго «ў кайф». Перад намі не стаіць жорсткі план па «асваенні пэўнай сумы грошай», таму мы здымаем так, як лічым правільным. І ўвогуле, усёй камандзе вельмі падабаецца — так адчуваю — здымачны працэс: мастакі «адцягваюцца» з грымам, з адзеннем, з лакацыямі для «забойстваў». У актораў новы вопыт — не кожны дзень прыходзіцца быць забітым на здымачнай пляцоўцы. Ды яшчэ незвычайнымі спосабамі…
— «Заклятыя скарбы» пазіцыянуецца як серыял. Колькі серыяў і сезонаў запланавана і колькі ўжо знята?
— Усяго плануецца 8 серый у першым сезоне і столькі ж у другім. Знята толькі першая серыя, другая ўжо будзе здымацца праз тыдзень-два, трэцяя ляжыць у выглядзе сцэнару, чацвёртая — у стадыі напісання. А здымаць мы можам хоць і ўсе серыі адразу, ёсць толькі адно пытанне — фінансавае. Калі б у нас былі гэтыя сродкі на руках, мы б адзнялі ўсё адразу і выкладалі кожныя два тыдні па серыі. Але такіх грошай у нас няма, таму даводзіцца шукаць, а гэты добры кавалак часу.
— То бок, вы самі фінансавалі першую серыю? Колькі гэта каштавала?
— Так, у асноўным сам. Гэта такая міравая практыка — «пілот» (першая серыя праекту) здымаюць за свае. Каштавала ўся серыя нам каля 9 тысяч долараў. Магчыма, людзі падумаюць, што гэта вельмі шмат, але для кіно гэта смешныя грошы, і ўся каманда працавала амаль задарма, каб не выйсці за межы рахунку. Дзякуй Богу, свет не без добрых людзей — частку сродкаў, якіх не хапала, нам за так даў адзін вядомы бізнесовец, які ў нас паверыў.
Расійскія акторы, натуральна, будуць размаўляць у нас па-беларуску — гэта наша ўмова
— У першай серыі зняўся фронтмэн «Нейра Дзюбеля» Аляксандр Кулінковіч. Чым быў абумоўлены выбар? Ці ўвогуле вы праводзілі кастынгі?
— Аляксандр Кулінковіч трапіў да нас без кастынгаў, таму што саму ролю мы пісалі «пад яго». Нам патрэбен быў толькі ён, з яго голасам, з яго манерамі і з яго тварам. Пытанне было толькі адно: як бы яго зацікавіць у нас зняцца. Але ўсё здарылася цудоўным чынам — сцэнар яму спадабаўся, і ён адразу ж пагадзіўся. Кастынгі, безумоўна, будуць. Але не на кожную ролю.
— Кім з актораў яшчэ будзеце здзіўляць? Ці выключна гэта беларускія акторы?
— У нас будуць задзейнічаны многія беларускія акторы, але пад наш «рухавік» трапяць і расійскія акторы, і ўкраінскія. Сваю згоду ўжо пацвердзіў Саід Дашук-Нігматулін, вядомы расійскі актор. З іншымі яшчэ дамаўляемся. Але будзе кім здзівіць нашым гледачоў! І самае галоўнае — усе акторы будуць размаўляць у нашым кіно па-беларуску — на гэта яны таксама мусяць даць згоду, перад тым, як іх зацвярдзяць. Гэта ўмова.
— Гэты праект, наколькі разумеем, ваш дэбют у мастацкім кіно. Віншуем! А чым займаліся да таго?
— Дзякуй. А я віншую ўсю каманду. Так, менавіта ў мастацкім кіно ў якасці рэжысёра — мой дэбют. Да гэтага былі дзяржтэлеканалы, рэклама, музычныя кліпы, тэлепраекты. Вось, напрыклад, з Валярынай Куставай — яна стала аўтаркай сцэнараў разам са мной і Зміцерам Шкрадзюком — мы і цяпер працуем над «Прыватам» на «Белсаце». А па адукацыі я амаль гісторык (смяецца) — з пятага курса МДУ імя Куляшова перайшоў на першы БДАМ, там і атрымаў дыплом кінааператара. Перайшоў, таму што як прэзідэнцкаму стыпендыяту ў галіне культуры, мне прапанавалі паступаць у БДАМ без іспытаў. Гэта было бліжэй да маіх жаданняў і мараў, чым выкладчык гісторыі ў школе.
Уся каманда, такая ж шалёная, як і я
— Ці гэта дэбют для ўсіх удзельнікаў працэсу?
— Для многіх з каманды гэта далёка не дэбют — амаль усе «кіношнікі» з вялікім стажам! Усе працавалі на розных карцінах: і на вялікіх, і на маленькіх. Але такі вопыт — хорар — для ўсіх першы!
— Як увогуле з’явілася такая ідэя?
— Ідэя з’явілася яшчэ даўно, калі пра кіно нават не марыў і не думаў, што ў гэтай галіне калі-небудзь апынуся. Проста юнацкая мара — было б добра, каб хтосьці зняў па кнізе «Заклятыя скарбы» серыял. Так яна мяне ў свой час уразіла і натхніла. Зрэшты, думаю, не я адзін малы ёй палохаўся. Дарос да 30 гоадоў і падумаў: а чаму б самому не зняць?!
— Як шукалі, падбіралі сабе каманду?
— У камандзе даўно знаёмыя мне людзі, з якімі ўжо не адзін праект зрабілі. Таму разваг пра тое, каго ўзяць у каманду, не было. Толькі адно пытанне паўставала: як сказаць усім, што працуем амаль задарма! Але і тут усё склалася добра — амаль усе мае сябры з гэтай сферы такія ж шалёныя, як і я. Усе пазнаёміліся з праектам — і ўсе пагадзіліся. Адзначыць нікога не магу, бо кіно — гэта калектыўная праца, менавіта — праца каманды. А калі ўсё атрымалася, значыць, усё папрацавалі на вышэйшую адзнаку. Зрэшты, мы атрымалі і маем надзеі і далей атрымліваць задавальненне ад працэсу. Але перадусім важна — каб цяпер склалася ў серыяла і з гледачамі, каб яны знайшлі адно аднаго.
— Як праходзіў здымачны працэс? Колькі дзён, у якіх умовах?
— Здымачны працэс праходзіў пад
грукат залевы ў лесе. Замерзлі ўсе! Прамоклі — таксама ўсе! Усе мяне і
аператара нават крышку ненавідзелі, але нам якраз такое надвор’е і было
патрэбна. Таму — ніякіх кампрамісаў!
Здымалі 2 дні. Як заўсёды, былі розныя абставіны: то камеры выходзілі са строю,
то дождж грукатаў так, што гук нельга было запісваць. Але ўсё ж вытрымалі ўсе
перашкоды і зрабілі тое, што зрабілі!
— Што было найбольш запамінальным?
— Для мяне, як для рэжысёра, запамінальнага нічога не было — я бачыў толькі манітор і сцэнар (смяецца). А вось для нашага мастака-пастаноўшчыка Філіпа Лагуновіча-Чарапко гэтая серыя запомніцца на ўсё жыццё! Ён адзін у свае дзве рукі вырыў яму, у якой забіваюць героя Аляксандра Кулінковіча. І яма, вам скажу, не маленькая — 2 на 4 метры!
— Няма перасцярогі, што можа не хапіць энтузіязму і сродкаў?
— Энтузіязму дакладна хопіць! І ў мяне, і ў людзей, якія заўжды побач. Авось па другім пункце — напраўду пытанне... Але мы не толькі спадзяемся, але і робім усё, каб гэтае пытанне вырашыць як мага хутчэй!
Галоўнае, чаго не хапае беларускаму гледачу — свайго якаснага і цікавага кантэнту!
— Для каго гэтае кіно, на каго разлічанае? Чаму такі фармат? Беларускі глядач, мяркуеце, гатовы да яго?
— На мой погляд, беларускі глядач гатовы да ўсіх фарматаў. Галоўнае, чаго яму не хапае — СВАЙГО якаснага і цікавага кантэнту! Мы ж не адкрылі Амерыку гэтым фарматам — я асабіста з дзяцінства люблю такі жанр. Мы толькі зрабілі яго на сваёй роднай мове, і за аснову ўзялі свае родныя паданні! Таму гледачу будзе цікава адназначна!
Яшчэ трэба адзначыць, што далей серыі будуць значна больш «крывавыя»! Першая серыя адразу задумвалася больш лёгкай, каб закрануць як мага больш гледачоў. І цяпер, калі мы «падсадзілі» на гэты жанр — пачнём сапраўдны хорар!
— Дзе збіраецеся паказваць? Ясна, што калі робяць фестывальнае кіно — яно збірае ўзнагароды, калі для масавага гледача — збірае касу. А якая ваша мэта?
— У нас няма мэты зарабіць на гэтым кіно. Гэта немагчыма фізічна. Пакуль мы проста робім альтэрнатыву дзяржаўнаму кіно. Мы робім якасна і — у першаю чаргу — незвычайна для нашых гледачоў. Паказваць вынікі мы пакуль плануем толькі на нашым сайце і на нашым канале ютуб. Ну і, натуральна, у медыях, што гатовыя нам спрыяць. Калі мы будзем бачыць, што такое кіно нашаму гледачу падабаецца — можа зробім альманах для шырокага экрану. Каб прыйсці ў кінатэатр і паглядзець гэтыя жахалкі на вялікім экране. Але пакуль пра гэта не загадваем. Трэба спачатку зрабіць першы сезон.
— Хто дапамагаў? Бо ўсё ж кіно — справа дарагая.
— Калі казаць пра матэрыяльную дапамогу, дык у нас у першай серыі былі ўжо два партнёры — Sony Centre і «Маёнтак Падароск». Яны дапамагаюць і рэквізітам для здамак, бо ён каштуе нямала, і лакацыямі.
У планах зрабіць фільм, які быў бы рады ўбачыць сам Караткевіч
— Якія планы, што далей?
— Планы — грандыёзныя! Спачатку скончым першы сезон серыялу. Гэта вельмі-вялікі кавалак працы. Далей… Падзялюся таямніцай: мы плануем зняць у такім жа жанры поўны метр. Гэта будзе вельмі вядомы для ўсіх беларусаў, ды і за межамі нашай краіны, твор Уладзіміра Караткевіча. Гэта мая вялікая мара, і я спадзяюся, што прыйшоў час яе здзейсніць! На серыяле мы «наб’ем руку» на гэтым незвычайным для нас жанры, падрыхтуем гледачоў. А потым зробім неверагоднае — зробім твор такім, якім яго бачым мы і, спадзяюся, быў бы рады ўбачыць сам Уладзімір Караткевіч.
— Калі чакаць наступныя серыі «Заклятых Скарбаў»?
— Наступную серыю чакаць трэба ў траўні! І яна будзе вельмі жудаснай! Гэта я вам абяцаю!
Падрабязней пра праект можна пачытаць на http://skarby.by