Таццянін дзень у нотна-музычнай бібліятэцы
Таццянін дзень, свята ў гонар хрысціянскай пакутніцы і заступніцы студэнтаў, адсвяткавалі 26 студзеня ў мінскай нотна-музычнай бібліятэцы.
Паэтычна-музычную
вечарыну «Таццянін дзень» прадставілі Паэтычны тэатр «Арт.С» і Літаратурны клуб «Экватар». У ёй прынялі ўдзел беларускія паэты, барды,
празаікі і навукоўцы, сярод якіх была і Таццяна — вядоўца вечарыны, паэтка і
літаратуразнаўца, перакладчыца і празаік Таццяна
Барысюк.
Апроч таго, на імпрэзе выступілі бард Андрэй Мельнікаў, паэт, празаік і журналіст Алег Грушэцкі, паэт і журналіст Зміцер Арцюх, паэт і празаік Юрась Нераток, студэнтка факультэта журналістыкі БДУ Кацярына Тарасава, студэнтка Мінскага лінгвістычнага ўніверсітэта Любоў Раманава, паэт Глеб Ганчароў. Выступоўцы апавядалі цікавыя жыццёвыя гісторыі пра каханне і шчаслівыя гады студэнцкай маладосці, дэкламавалі свае вершы і спявалі.
Кажуць,
«Nomen est omen» (лацінская прымаўка «Імя — гэта лёс»). Імя Таццяна
перакладаецца з грэчаскай мовы як «арганізатарка», «наладжвальніца», «заснавальніца»,
а святую Таціяну Рымскую (у гонар якой і адзначаецца свята) аднолькава шануюць
як у праваслаўнай, гэтак і ў каталіцкай цэрквах. Гэта імя з’яўляецца шырока
распаўсюджаным і на Беларусі. Сярод Таццян шмат вядомых дзеячаў культуры і
вучоных — Т. Алешка, Т. Аляшкевіч, Т. Аўтуховіч, Т. Барысюк, Т. Вабішчэвіч, Т.
Дасаева, Т. Кабржыцкая, Т. Мацюхіна, Т. Сівец, Т. Шамякіна, Т. Фіцнер і
інш.
Нямала гісторый, звязаных з Таццянамі, прагучала і на мерапрыемстве. Чыталіся і ўласныя вершы, прысвечаныя Таццянам і не толькі, знітаваных тэматыкай кахання і высокіх пачуццяў. Чакалі прысутных гасцей-эрудытаў і памятныя прызы падчас адпаведнай тэматычнай віктарыны. Вядоўца вечарыны, паэтка Таццяна Барысюк, прачытала багата сваіх вершаў (сярод якіх распрацаваная ёй 13-цірадковая форма верша залатога сячэння), а таксама распавяла пра паходжанне імя Таццяна, пра гісторыю ўтварэння свята «Таццянін дзень», і пра багіню кахання і сяброўства ў славянскай міфалогіі Таню Ягу.
Шмат чаго аказалася знітаванага з Таццянамі ў паэта і журналіста Зміцера Арцюха, маці якога, як і сястра, носяць імя Таццяна. Ён жа падмеціў, што праект «Таццянін дзень» атрымаўся самым працяглым сярод усіх праектаў Паэтычнага тэатра «Арт.С» (заснавальнікам якога, між іншым, Зміцер Арцюх і з’яўляецца), з чым выступоўца і павіншаваў вядоўцу імпрэзы.
Музычную частку праграмы прадставіў сапраўдная легенда беларускай бардаўскай песні Андрэй Мельнікаў, які выканаў як сваю песню, гэтак і песню «Кветкі» — перакладзеную з нямецкай Дашай Кадамскай кампазіцыю «Sag mir, wo die Blumen sind», якую, у прыватнасці, выконвала Марлен Дзітрых.
Не абышлося без нечаканых і знакавых падарункаў ад саміх выступоўцаў — паэт Юрась Нераток (сапраўднае імя — Юрый Гарбачоў) перадаў нотна-музычнай бібліятэцы сваю шматгадовую даследчую працу — трохмодульную музычную анталогію (кнігі і дыскі) «Квингента классики и дискотека века», прысвечаную сучаснай беларускай культуры.
Віншуем
усіх Таццян з гэтым прыгожым святам вершам Таццяны Барысюк!
З цудоўным святам вас, Таццяны!
Хай вашы дні ляцяць без хмараў,
Шанцунак будзе спадзяваны
І здзейсняцца ўсе вашы мары!
І лёс хай не перашкаджае
Вам быць шчаслівымі заўжды!
І хай анёлы ашчаджаюць
У студзеньскія халады!