Топ-10 фільмаў Дасціна Хофмана — «Чалавека дажджу»

На гэтым тыдні кінааматары адзначылі 86-ю гадавіну з дня народзінаў выключнага акцёра. У Дасціна Хофмана па-ранейшаму ёсць актыўныя праекты, а мы зрабілі падборку з 10 найлепшых стужак двухразовага ўладальніка прэміі «Оскар».

Дасьцін Хофман

Дасьцін Хофман

Нумар 10. Эпідэмія (Outbreak). 1995

outbreak_2.jpg

Кэвін Спэйсі, Морган Фрыман, Дасьцін Хофман — у актораў гэтага фільма на траіх — пяць узнагародаў «Оскар». Кампанія, безумоўна, што трэба. У стужцы ім прыйдзецца вырашаць складаную праблему. Як становіцца зразумела з назвы — распачалася эпідэмія.

Гэта адна з самых страшэнных фобій нашага часу, меркаваньне, што ў глыбіні бязлюдных трапічных лясоў хаваюцца сьмяротныя хваробы, і калі яны калі-небудзь выйдуць са сваіх уладаньняў у джунглях і трапяць у чалавечую кроў, узьнікне новая чума, падобнай на якую мы ніколі не бачылі.

Стужка апавядае акурат пра падобны выпадак, калі трапленьне мікраскапічнага арганізма на цела чалавека прыводзіць да сьмерці на працягу 24 гадзінаў.

Мы станем сьведкамі злачынных спробаў змаганьня з першапачатковай пагрозай, а таксама пошукаў магчымасьці ўратавацца. Ці атрымаецца? Вельмі неадназначнае пытаньне.

Нумар 9. Тутсі (Tootsie). 1982

tootsie.jpg

Выдатны ўзор недурной камедыі, у якой герой Дасьціна Хофмана, актор, вымушаны зьмяніць сваё сцэнічнае (ды і жыцьцёвае) ўвасабленьне з мужчыны ў жанчыну, каб проста атрымаць працу.

Сапраўднасьць вобраза кабеты, створанай Хофманам, прымушае на імгненьне забыць, што пад парыком і макіяжам насамрэч знаходзіцца адзін з самых таленавітых актораў пакаленьня.

Маладыя Біл Мюрэй і Джэсіка Лэнг дапаўняюць чароўны акторскі ансамбль фільма. Сама стужка спрабуе зьвярнуць увагу на праблемы і перавагі жаночага полу. Тое, з чым носяцца сёньня, было актуальным і нашмат раней. У “Тутсі” гледачы сутыкнуцца з праявамі, калі правы жанчыны становяцца яе сродкам маніпуляцыі.

Нумар 8. Крамэр супраць Крамэра (Kramer vs. Kramer). 1979

kramer_vs._kramer.webp

Драма пра апеку над дзіцём дваіх бацькоў, што вырашаюць разыйсьціся. Дасьцін Хофман адлюстроўвае жыцьцё бацькі, які з асобы, арыентаванай на кар'еру, пераўтвараецца на вачах гледачоў у адданага самотнага бацьку. Хофман робіць свайго героя адначасова тонкім і глыбока кранальным.

Не менш захапляльная і Мэрыл Стрып у ролі жонкі. Яе вобраз маці, якая змагаецца з чаканьнямі грамадзтва, асабістымі памкненьнямі і пачуцьцём віны, зьяўляецца ідэальным кінематаграфічным выступам.

Дэталі адносінаў пары раскрываюць знаёмыя эпізоды жыцьця шматлікіх іншых людзей. Крамэр супраць Крамэра, але пасярэдзіне – маленькі Крамэр.

Нумар 7. Маратонец (Marathon Man). 1976

marathon_man.jpg

Джон Шлезінгэр па-майстэрску скіроўвае гледачоў у цёмны сьвет шпіянажу, нацысцкіх ваенных злачынцаў і помсты. На фоне Нью-Ёрка яго праца спалучае напружаньне ідэальнага палітычнага трылера з бурнымі эмоцыямі асабістых драмаў герояў.

Дасьцін Хофман грае студэнта-гісторыка, які жыве звычайным чынам. Але ў пэўны момант усё перакульваецца дагары нагамі. Герой Хофмана апынаецца ў сьмяротнай сетцы міжнароднай змовы і адначасова з гэтым змагаецца з асабістымі дэманамі.

Антаганіст у стужцы – вядомы сваімі харызматычнымі шэкспіраўскімі ролямі Лоўрэнс Аліўе. Непасрэднае змаганьне, здавалася б, няроўных супернікаў дасягае неверагоднага напружаньня. Вы будзеце адчайна і моцна перажываць, каб добрага хлопца не схапілі. Цёмныя сілы на крок ад перамогі.

Нумар 6. Уся прэзыдэнцкая раць (All the President's Men). 1976 год

all_the_president_s_men.jpg

Знакамітая стужка Алана Пакулы з Робэртам Рэдфардам і Дасьцінам Хофманам у галоўных ролях. Нават калі б сама гісторыя Ўотэргейта не была такой цікавай, якой яна ёсьць, гэты фільм, верагодна, быў бы такім жа добрым.

Атрымаўся захапляльны аповед, як двое зьнялі прэзідэнта. Стужка адлюстроўвае хаатычнае жыцьцё журналіста-рассьледавальніка. Дзеяньне фільма пачынаецца 1 чэрвеня 1972 года з моманту прыбыцьця ў Капітолій прэзідэнта Ніксана. Ён знаходзіцца на піку сваёй папулярнасьці, і здаецца, што яго немагчыма спыніць.

Затым стужка пераходзіць да падземнага гаража ў комплексе Ўотэргейт у Вашынгтоне, дзе ахоўнік заўважае прыадчыненыя дзьверы. Ён тэлефануе ахове, якая ловіць пяцёра чалавек, якія ўварваліся ў офіс Нацыянальнага камітэта Дэмакратычнай партыі. Што адбылося далей — глядзіце ў захапляльнай працы Алана Пакулы.

Нумар 5. Выпускнік (The Graduate). 1967

the_graduate.png

З такой назвай на мяжы тысячыгодзьдзяў маглі выйсьці няхітрыя падлеткавыя фільмы, дзе амэрыканскія амаль дарослыя спрабуюць усё тое, што было афіцыйна забароненым у дзяцінстве, са шматлікімі камічнымі сытуацыямі ніжэй поясу. Як вы разумееце, Дасьцін Хофман не падпісваўся на падобнага кшталту стужку, а таму перад намі – выдатнага ўзроўню кіно.

Вы ўбачыце па-майстэрску зьнятыя рознагалосьсі паміж пакаленьнямі, юнацкае расчараваньне і моцны бунт супраць чаканьняў грамадзтва. Ня будзе памылкаю заявіць, што гэтая стужка зрабіла Дасьціна Хофмана новай зоркай экрану.

Атмасфэра фільма чароўным чынам падкрэсьліваецца легендарнымі песьнямі гурта Simon & Garfunkel. Іх песьні "The Sound of Silence" і "Mrs. Robinson" дадаюць інтымнай шчырасьці ўсяму кінавыказваньню рэжысэра і актора.

Нумар 4. Матылёк (Papillon). 1973

papillon_1.jpg

Матылёк — знак вароў, які мае ў выглядзе тату герой Стыва МакКуіна. Але за краты ён трапляе па ілжывым абвінавачаньні ў забойстве. І адразу — пажыцьцёва. Пасьля некалькіх уцёкаў з-пад варты яго дасылаюць на высылку ў заморскую францускую тэрыторыю, на невялікую выспу, дзе знаходзіцца вельмі небясьпечная калёнія. Там галоўны герой сустракае новага сябра, якога грае Дасьцін Хофман.

У папраўчай калёніі адразу паказвае сябе кіраўнік, які кажа знакамітую фразу: «Мы тут не прэтэндуем на рэабілітацыю. Мы не сьвятары; мы перапрацоўваем. Мясакамбінат перапрацоўвае жывых жывёл на ядомых. Мы перапрацоўваем небясьпечных людзей у бяскрыўдных».

Два моцных характары сустракаюцца ў няроўным двубоі, каб высьветліць, за кім больш духу. Стужка Франкліна Шафнэра спрабуе ўнесьці сваю кроплю ў змаганьне з тым, калі чалавека спрабуюць зрабіць нікчэмнасьцю за кратамі. Матылёк яшчэ паспрабуе свой апошні палёт на волю.

Нумар 3. Хвост матляе сабакам (Wag the Dog). 1997

wag_the_dog_1.jpg

Бары Левінсан у 1997-м зьняў стужку, якую некаторыя лічаць прарочай. Бліскучыя акторскія працы Робэрта Дэ Ніра і Дасьціна Хофмана. Першае, што мы бачым на экране — выраз «Чаму сабака матляе хвастом? Таму што сабака разумнейшы за хвост. Калі б хвост быў разумнейшы, ён матляў бы сабакам».

Падчас кампаніі па пераабраньні прэзідэнта ЗША адбываецца сэкс-скандал: нешта здарылася паміж непаўнагадовай дзяўчынай-скаўтам і прэзідэнтам у Авальным кабінэце. Каб паспрабаваць утрымаць рэйтынг прэзыдэнта, за два тыдні да выбараў быў выкліканы палітоляг у выкананьні Дэ Ніра. У сваю чаргу ён наймае галівудзкага прадусэра (Хофмана). Той мадэлюе ўвод амэрыканскіх войскаў у Албанію, каб адцягнуць увагу СМІ ад рэальнай гісторыі. Фільм быў зьняты яшчэ да таго, як Біла Клінтана абвінавацілі ў непрыстойных паводзінах з Монікай Левінскі, і да аперацыі NATO у Югаславіі. Стужка пра маніпуляцыі СМІ, на якія вядуцца амаль усе.

Нумар 2. Тыя, што сьпяць (Sleepers). 1996

sleepers_1.webp

Як і папярэдні, гэты фільм зьняў Бары Левінсан. Ён апавядае пра кампанію хлопцаў, якія жывуць і робяць дзіцячыя забавы на вуліцах Нью-Ёрка. Сьцягнуць яблык ці заблытаць сталага чалавека — лёгка. Але аднойчы іх гульні сканчваюцца трагічным выпадкам, а ўсю банду скіроўваюць ў калёнію для непаўнагадовых.

Стужка падзеленая на дзьве часткі, у другой мы сустрэнем усё тых жа герояў, але пасьля іх вызваленьня, праз пятнаццаць гадоў. Хтосьці зь іх паспрабаваць забыцца на тое, што адбылося зь ім у калёніі, а нехта адчувае патрэбу ў выпраўленьні таго, што іх напаткала ў дзяцінстве.

Робэрт Дэ Ніра выконвае тут ролю сьвятара, які спрабуе вырваць дзяцей са шляху бандытызму, а потым – каб яны не сарваліся ў яго зноў. А Дасьцін Хофман у ролі адваката-алкаголіка, які мусіць абараняць двух мужчынаў, якія ўзялі закон у свае рукі.

Нумар 1. Чалавек дажджу (Rain Man). 1987

rain_man.jpg

Калі вялікі рэжысэр знаходзіць “свайго” актора – нараджаюцца шэдэўры. У нашым выпадку трэці фільм запар зьняты Бары Левінсанам з удзелам Дасьціна Хофмана. У гэтай надзвычай кранальнай карціне партнэрам па экране выступае Том Круз, які выконвае ролю малодшага брата Хофмана.

Сам жа Дасьцін Хофман неверагодна пераканальна грае чалавека з адхіленьнямі галавы, у якога аўтызм. Стужка паралельна дасьледуе як прыроду людзей з падобным сындромам, так і чалавечыя адносіны. Больш за тое, братэрскія адносіны: на што можа абаперціся знаёмства дваіх дарослых братоў, якія даведаліся пра існаваньне адно аднаго толькі пасьля сьмерці бацькі.

Для героя Круза зьяўляецца неабходнасьць нешта зрабіць з “адсталым” братам, каб атрымаць бацькавыя грошы. Што яны абодва зробяць адно для аднаго – невымерна больш, чым проста ўчынкі.

“Хто на першай базе? А хто на другой?”  

Прыемнага прагляду!

Іншыя аўтарскія падборкі фільмаў шукайце тут.