Трэцяя агульнанацыянальная дыктоўка

Тры гады запар у сімвалічныя дні, калі зіма мяняецца на вясну, — 21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы, 15 сакавіка, у гадавіну беларускай Канстытуцыі, якая 20 гадоў таму зацвердзіла за беларускай мовай статус адзінай дзяржаўнай, і 25 сакавіка, на ўгодкі абвяшчэння БНР, — дарослыя людзі сядаюць пісаць дыктоўку.

Гэтым разам 15 сакавіка 2010 года ў сядзібе Таварыства беларускай мовы на вуліцы Румянцава, 13 у Мінску тых, хто пісаў тэкст, было роўна столькі, колькі месцаў за вялікім сталом у памяшканні, — тузін.

8929c70f8d710e412d38da624b21c3c8.jpg

Яны занатоўвалі ўрывак з Караткевіча — шчырае прызнанне ў любові да Радзімы: “Я хачу правесці вас па зямлі, якая для мяне — даражэй за ўсё, самы ўтульны і чароўны кут…
Лічба ўдзельнікаў сімвалічная — дванаццаць апосталаў калісьці панеслі па свеце вучэнне Хрыста, каб зрабіць яго неўміручым.
“Калі дыктоўку пішуць адзін раз — гэта выпадковасць, калі два — гэта не так доўга, калі тры — гэта ўжо традыцыя. Беларусы ўсяго свету паказалі, што ім патрэбная гэта дыктоўка, — заўважыў Алег Трусаў, старшыня ТБМ, арганізацыі, якая колішнюю ініцыятыву Уладзіміра Падгола ператварыла ў эмацыйную дэманстрацыю вернасці роднаму слову.
Сімвалічная маніфестацыя адданасці нацыянальнай культуры пачала самастойнае існаванне, пайшла ў народ, пашырылася ў краіне і за яе межамі. Са сталіцы дыктоўка перасунулася ў мястэчкі і вёскі, у клубы, грамадскія аб’яднанні, школы. 200 простых палешукоў напісалі дыктоўку толькі ў гэтым годзе. Культурна-асветны клуб “Спадчына правёў яе ў Старадарожскім раёне. Далучылася моладзь у Мінску. Тэлевізійная кампанія “Белсат прапанавала ўдзельнікам дыктоўкі прызы. Ініцыятыва выйшла за межы краіны. За сталы сядалі беларускія эмігранты і прыхільнікі нашай культуры ў Польшчы, Англіі, ЗША, Чэхіі, Аўстраліі.
Удзел у дыктоўках бралі амбасадары Украіны Ігар Ліхавы і Швецыі Стэфан Эрыксан, дэкларавала сваё жаданне далучыцца да акцыі ў падтрымку беларускай культуры пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі.
Час глабалізацыі змушае неабыякавых да роднага слова людзей шукаць шляхі выяўлення сваёй вернасці мове. Падобныя дыктоўкі пішуць літоўцы, палякі, французы. Беларусам, якія мову ў штодзённым жыцці амаль страцілі, нельга губляць шанс сказаць пра сваё права быць на гэтай зямлі. Алег Трусаў можа падавацца летуценным аптымістам, але ён абяцае: на дзесятыя ўгодкі ініцыятывы, у 2018 годзе, дыктоўку будзе пісаць уся краіна.
Тым, хто жадае далучыцца, паведамім: ніводны настаўнік ці супрацоўнік якой-кольвек дзяржаўнай арганізацыі за ўдзел у ініцыятыве не пацярпеў. Дыктоўка — абсалютна станоўчы чын, які яднае ўсіх беларусаў. І кожнаму дае шанс быць апосталам, пасланнікам, вучнем, як тыя дванаццаць, што прыйшлі ў ТБМ 15 сакавіка 2010 года. Ці зробім крок у будучыню, беларусы?