Тры грошыкі Вітаўтаса Ландсбергіса
У нядаўнім артыкуле «Trigrašis dėl gudų» «(Тры грошыкі наконт беларусаў») вельмі дарэчы і да месца выказаўся літоўскі палітык, першы кіраўнік парламента незалежнай Літвы Вітаўтас Ландсбергіс наконт сапраўднай назвы Беларусі і беларусаў на літоўскай мове — Gudija.
Да ўсяго, у 2020 годзе ў палітыка выйшла новая кніга пад назвай «Цярністы шлях Беларусі: прамовы і дакументы» («Erškėčiuotas Gudijos kelias: pasisakymai ir dokumentai»), дзе аўтар прынцыпова ўжывае замест «Baltarusija» слова «Gudija».
Пытанне назвы Беларусі ў літоўскай мове актывізавалася нядаўна, у тым ліку і па ініцыятыве штаба Святланы Ціханоўскай, якая разам з цяперашнім міністрам замежных справаў Літвы Габрыэлюсам Ландсбергісам (унукам В. Ландсбергіса) ініцыявалі змену назвы краіны Беларусь з «Baltarusija» на «Belarus». Праўда, моўная камісія ў сваім адказе ад 9.02.2021 не падтрымала такой штучнай змены, якая перадусім не апраўданая моўна, фанетычна, а таксама, канешне, культурна і гістарычна ў літоўскай мове. Вітаўтас Ландсбергіс, а да ўсяго, і некаторыя мовазнаўцы (Cтасіс Туменас), якія зрэагавалі на запыт С. Ціханоўскай і маладога Ландсбергіса, узнялі пытанне шырэй: чаму ў дэбатах у асноўным усплываюць такія досыць палітызаваныя паняткі, як русізм «Baltarusija/Baltoji Rusia» ці транслітараваны барбарызм «Belarus/Belarusė»? Чаму ніколі не прыгадваецца старадаўняя назва «Gudija»? Літоўская мова вядомая сваёй архаічнасцю і, у адрозненне ад нямецкай ці французскай моў, якія да сярэдзіны 20-га ст. не мелі адзінага зафіксаванага слова, здаўна мае слова для азначэння беларусаў — gudai, Gudija. Літоўцы — мажліва, адны з першых з нашых суседзяў — выпрацавалі свае слова і традыцыю, закадаваныя ў фальклоры, літаратуры, у тым ліку ў прыгожым пісьменстве, і ім не патрэбнае новае слова ў 21-м ст., каб называць старых сяброў — беларусаў, здаўна крэўны народ.
Гэтага, на жаль, не разумеюць ані афіцыйныя зрусіфікаваныя ўлады Беларусі, якім усё адно, як нас называць у свеце, альбо, наадварот, ім прынцыпова важная русацэнтрычная назва («Baltarusija» — «Белая Русь, Белоруссия»), ані беларускія апазіцыйныя, часта тэхнакратычныя і англадумныя сілы, якія мяркуюць, што паўсюль у свеце варта навязаць адну ўніверсальную мадэль на аснове транслітэрацыі — «Беларусь / Belarus». Шкада, што каманда С. Ціханоўскай не ўлічыла спецыфіку моўных і культурных адносін паміж беларусамі і літоўцамі і не звярнулася з гэтым пытаннем, напрыклад, да дыяспары.
Такі падыход працуе з тымі культурамі і мовамі, якія толькі-толькі адкрываюць нас і дзе варта пазбавіцца русацэнтрычных навязаных назваў — «Белая Русь», «Белоруссия/Biélorussie», «Byelarussia» і пад. Літоўцам не трэба адкрываць Беларусь — яны здаўна ведаюць нас, праўда, пад расійскім уплывам у 20 ст. і ў іх архаічную мову трапіла слова «Baltarusija», якое афіцыйна ўвайшло ў слоўнікі літоўскай мовы толькі ў 1945 годзе (якое супадзенне!).
Вітаўтас Ландсбергіс заўважае, што, хоць ён і не мовазнаўца, ані гісторык, ён з маленства чуў і чытаў толькі «Gudija» ці, прынамсі, «Baltgudija», як казаў яго бацька. А таму яму дзіўна, што рэгулярна паўстае выдуманая праблема з назвай беларусаў па-літоўску — у мове і класічнай мастацкай літаратуры ёсць адно законнае слова «Gudija». Але ж слова не так лёгка выкінуць з узусу, з языкоў носьбітаў. Значна лягчэй, хоць і не заўсёды на самым пачатку, было знесці савецкія статуі з Зялёнага маста, чымся адмовіцца ад слова-саветызму «Baltarusija».
На заўвагі кшталту слова «gudai», «Gudija» маюць зняважлівае значэнне ў фальклоры, Вітаўтас Ландсбергіс трапна заўважае, што любая назва краіны ў пэўных кантэкстах можа набыць зняважлівасць: прыгадаем слова «немцы», «прусы» ў славянскіх мовах, якія часам — падчас канфліктаў — ператвараюцца ў сапраўдныя абразы: немцы, нямчура, немы ці прусы — прусакі і пад. Пры гэтым ані Нямеччына, ані ў гістарычнай перспектыве Прусія не мянялі назвы толькі таму, што словы гучалі абразліва на іншых мовах. То-бок, словы «gudai», «Gudija» хоць часам і выкарыстоўваліся з пэўнай негатыўнай канатацыяй, значна часцей ужываліся і ўжываюцца нейтральна: у тэкстах класікаў літоўскай літаратуры — Ё. Білюнас, Ш. Рагана, Б. Сруога, В. Мікалайціс-Пуцінас, П. Клімас, П. Цвірка — не знайсці слоў «Baltarusija», «baltarusis». Так, Цётка была gudė, як для свайго мужа Сцяпанаса Кайрыса, так і для сяброў — пары Ё. Білюнаса і Ю. Білюнайце, а Марыя Ластоўская, ці Ластаўскене (адна з сясцёр-пісьменніц, якія пісала пад супольным псеўданімам Лаздзіну Пяледа), называла без усялякай абразы мужа Вацлава Ластоўскага — gudas. Потым у кнігах, якія выходзілі ў савецкай Літве, часам слова «gudas» мянялі на «baltarusis». Але і па сёння на шыльдзе на доме, дзе жыў Ластоўскі з жонкай Марыяй-Лаздзіну Пяледа, Вацлаў Ластоўскі пазначаны, як gudų пісьменнік.
Такім парадкам, тры грошыкі, якія дазволіў сабе ўторкнуць вядомы палітык у дыскусію, — насамрэч трапная і карысная заўвага, якая дапамагае як літоўцам, так і беларусам менш глядзець на Расію ў выбудове адносін, і смела і беспаваротна пазбавіцца яе пасярэдніцтва і перадусім моўнага і сімвалічнага ў нашых адносінах. Бо слова «Baltarusija» — гэта насмешка як з літоўскай мовы, так і са старых адносін паміж крэўнымі народамі беларусамі і літоўцамі, якім не патрэбны чужое пасярэдніцтва. Літоўцы і беларусы могуць спакойна абысціся старым і здаўна правераным словам «Gudija». А слова «Baltarusija» варта дэмантаваць і завезці туды, дзе цяпер знаходзяцца статуі з Зялёнага маста.