Байкот футболу. Беларускія фанаты адмаўляюцца хадзіць на матчы сваіх камандаў
Фанаты адразу двух беларускіх футбольных клубаў паведамілі пра намер байкатаваць матчы сваіх камандаў.
Гэтак, афіцыйны акаўнт фанатаў берасцейскага «Дынама» паведаміў, што адмаўляецца вяртацца на трыбуны ў новым сезоне.
«Дарагія сябры! Як бы цяжка ні давалася нам гэта рашэнне, напярэдадні маючага адбыцца сезону вымушаныя аб’явіць, што вярнуцца на сектар у дзейных умовах мы не можам. Лічым, што гэта будзе блюзнерствам у дачыненні да рэпрэсаваных за апошнія паўгода паводле прыцягнутых за вушы нагодаў хлопцаў з нашага і іншых фанацкіх рухаў краіны. Нашы думкі – з загінулымі і пацярпелымі за сваю пазіцыю сябрамі грамадзянскай супольнасці і іх семʼямі. Спадзяемся на разуменне з боку каманды і заклікаем памятаць: мы не адвярнуліся ад «Дынама», і заўсёды дзесьці побач», – гаворыцца ў заяве фан-сектара.
Тэлеграм-канал Belultras.by таксама паведаміў пра тое, што фан-сектар гарадзенскага «Нёмна» будзе байкатаваць матчы праз палітычную сітуацыю ў краіне.
«Перад стартам чарговага футбольнага сезону хочам усім яшчэ раз нагадаць. Актыўны фан-сектар удома і на выездзе будзе адсутнічаць да поўнай перамогі народа! Усім дабра і цярпення! Жыве Беларусь!» – заявілі фанаты «Нёмна».
Галоўны трэнер «Нёмна» Ігар Кавалевіч, старшыня клуба Іван Варсовіч, трэнер брамнікаў Сяргей Шляхоўскі, начальнік каманды Дзмітрый Барысейка, галоўны трэнер дубля Дзмітрый Траско, трэнер дубля Віталь Тарашчык, экс-футбаліст, а цяпер працаўнік клуба Андрэй Горбач падпісалі праўладны ліст беларускіх спартоўцаў.
Белсат