Тудаўляне — хто яны?
Гэтыя жыхары Расіі хочуць звацца беларусамі.

Тудаўлянка. Фота з артыкулу Надзеі Грынковай «Одежда тудовлян Ржевского уезда» (1926)
Шэраг жыхароў Цвярской вобласці Расіі адносіць сябе да этнаграфічнай
групы тудаўлянаў. Яны просяць расійскія ўлады прызнаць іх беларусамі
паводле нацыянальнасьці і збіраюць подпісы пад адпаведнай пэтыцыяй на Change.org.
Суполка тудаўлянаў «УКантакце» нешматлюдная: там 127 чалавек з Расіі, яшчэ дзве сотні з іншых краінаў. Але кіраўнік суполкі Аляксандар Цеханоўскі кажа, што тудаўлянамі-беларусамі лічаць сябе тысячы людзей у Расійскай Фэдэрацыі, хай і не заўсёды яны актыўныя.

Аляксандар Цеханоўскі
«Людзі лічаць сябе тудаўлянамі таму, што гэта наша мінулае, мы пра яго памятаем, — распавядае Цехановіч. — У мінулым у нас быў свой дыялект беларускай мовы, але цяпер мы думаем, што хацелі б больш вучыць класічную беларускую мову, бо гэта нас зблізіць з самой Беларуссю. Нам трэба адзінства.
Сувязі з Беларуссю ў нас больш у душы, бо пакуль ніхто не займаўся гэтым пытаннем і не дапамагаў нам. Нехта вучыць самастойна беларускую мову, нехта чытае вершы, кнігі, захапляецца гісторыяй. У музеях захаваліся прадметы даўніны з нашай гісторыі і культуры, але пра нас не пішуць у падручніках. Ва ўсякім выпадку, мне пра гэта невядома. Мы спадзяёмся на дапамогу ў гэтым уладаў, каб яны звярнулі свой погляд на нас і дапамаглі людзям у вывучэнні іх роднай гісторыі.

Музей у Аленіне. Паводле Цеханоўскага, там прадстаўленыя экспанаты з самога Аленіна, але не тудаўлянаў як этнаграфічнай групы
Калі нас прызнáюць беларусамі, гэта дапаможа нам вярнуць нашу культуру, распавесці пра яе ўсім нашчадкам тудаўлянаў, каб яны яе памяталі і ганарыліся ёю. Гэта дасьць нам магчымасць заручыцца падтрымкай дзяржавы ў гэтым пытанні. А прызнанне Беларусьсю нас сваімі дапамагло б ахвочым атрымаць грамадзянства рэспублікі ў спрошчаным парадку, а таксама асэнсаваць сябе беларусамі па праве нараджэння».
Ці сапраўды яны беларусы?
Прафесар кафедры этналогіі і фальклора Ўнівэрсітэта культуры, доктар мастацтвазнаўства Вольга Лабачэўская кажа, што на гэтае пытанне наўрад ці нехта дасць адназначны адказ: навуковых дасьледаванняў амаль не было, звестак пра тудаўлянаў няшмат. Ды яна дапускае, што ў іх сапраўды могуць быць крывіцкія карані, хоць на поўдзень ад іх, на Бранскім Палессі, ужо наўрад ці жылі беларусы.
Апошняя на сёння вялікая публікацыя пра тудаўлянаў — кніга 2004 году «В стране тудовлян» (PDF), ды яе аўтар сам прызнаецца, што ён не гісторык і не этнограф, а кніга не навуковая публікацыя.

Сучасная вёска тудаўлян
«Яўхім Карскі ў сваіх дасьледаваннях другой паловы XIX стагоддзя залічваў іхную тэрыторыю да этнічнай тэрыторыі беларусаў, — распавядае Лабачэўская. — І ён лічыў, што тудаўлянаў з паходжання беларусамі.
У 1920-я гады расійскія этнографы ездзілі ў тыя мясьціны — Цверскую, Калускую, Бранскую, часткова Смаленскую вобласьць. Гэта досыць складаны рэгіён паводле этнічных групаў, тады стаяла пытанне, хто там насельніцтва. Тудаўляне там трохі на поўнач, а рэгіён на поўдзень называлі Палесьсем. Шырока стала вядома пра тудаўлянаў, калі ў 1926 годзе даследчыца Надзея Грынкова надрукавала артыкул „Одежда тудовлян Ржевского уезда“ (PDF). Але тады дасьледавалася пераважна матэрыяльная культура.
Яна піша, што, як сьведчыць тапанімія, самыя старажытныя насельнікі там — фіны і балты. А ўвогуле гэтая тэрыторыя на стыку славянскіх групаў севяранаў, вяцічаў і крывічоў. Гэтая тэрыторыя была да канца XVI стагоддзя фарпостам Вялікага Княства Літоўскага, уваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай. У XVII стагоддзі землі адышлі да Расіі.

Малады Туд у нашы дні
Сказаць, перасяленцы гэта ці аўтахтоннае насельніцтва, цяжка. У тым артыкуле Грынкова адзначае, што яны асіміляваныя, хоць і захаваліся сляды беларускасьці ў гаворцы і касцюмах. А этнограф Наталля Лебедзева, якая ў 1920-я даследавала раёны трохі ніжэй па карце, адзначала, што там хутчэй „вялікарускае“ насельніцтва, хоць з рысамі больш заходняй культуры. На сённяшні дзень, як я разумею, гэта адзіная такая крыніца этнаграфічных звестак, бо ў савецкі час, у 1927 годзе, даследаванні былі спыненыя, шмат навукоўцаў рэпрэсавалі, ніхто ні з беларускага боку, ні з расійскага пазней не вывучаў».
Што ў тудаўлян асаблівае?
Сляды нечага беларускага амаль не захаваліся ў мужчынскім адзенні тудаўлянаў, але ў 1920-я былі відаць у жаночым. У тудаўлян да пэўнага часу захоўваліся адметна беларускія абрад «бабіна каша» і гульня «каралі ці проса». Да XX стагоддзя, а дзе-нідзе і да сучаснасьці, захаваліся сляды незвычайнай для Расіі гаворкі.

Адзенне тудаўлянаў. Фота з артыкула Надзеі Грынковай «Одежда тудовлян Ржевского уезда»
У 1920-я суседзі Маладатудскай воласці (якая атрымала назву ад сяла Малады Туд, а тое, як і тудаўляне, ад ракі Туд) называлі тыя землі «белакафтаншчынай» і «Польшчай». Ужо тады даследніца Грынкова пісала, што яны зліліся з «вялікарускім» насельніцтвам павету. Ды цверскі краязнаўца Марк Ільін казаў, што «тудаўляне нібы размаўляюць і па-расійску, а нічога не зразумець».
Тудаўлянская фанетыка мела яканне («мяне», «сястріцы», «нямношка»...), у тым ліку і ўласцівае паўночна-ўсходняму дыялекту беларускае мовы дысыміляцыйнае яканне, калі ў першым складзе перад націскным [а] вымаўляецца гук, блізкі да [ы] («трыва» і «тыбак» замест «трава» і «табак»). У некаторых пазыцыях ненаціскныя [а], [о] і [ы] пераходзілі ва [у] («сумавар»). Перад пачатковым [о] з’яўляўся прыстаўны [в] («возера»). Часта сустракаўся фрыкатыўны (як у беларускай мове) гук [г], шыпячыя былі зацьвярдзелыя. Гукі [в] і [л] у канцы складу пераходзілі ва [ў]. Назіралася цоканне, калі [ц] і [ч] зліваліся ў адзін гук, таксама збег зычных [бм] пераходзіў у [мм]. Адзначаліся і адрозненні ў марфалёгіі, скланенні, спражэнні.
У тудаўлянаў былі нетыповыя для расійцаў словы: так, калі яны адпачывалі, казалі «залочуем»; напёкшы бліноў, казалі «саткі напецены»; а калі ў іх нешта было, яны казалі, што ў іх гэта «ёсь». А былі і такія словы, якія пазнае беларус, але якія не сустракаюцца на ўсходзе Цверскай вобласьці: «цубуля», «гульня», «панядзелак», «вітацца».
***
«Тудаўляне — гэта адна толькі група, іх там было шмат, — дадае Лабачэўская. — У Расіі цяпер ёсць тэндэнцыя шукання сваіх каранёў, яны за іх хапаюцца. Мне якраз пару дзён таму даслалі ліст з Яраслаўскай вобласьці, там шукаюць сувязяў з Беларуссю, шукаюць звестак пра такую групу, як магілі — перасяленцы з Магілёўскай губэрні канца XIX стагоддзя. Такі рух і там, ня кажучы ўжо пра Сібір, дзе ў перасяленцаў прысутнічае беларускасць у сьвядомасьці. Ну і бывае, што са Смаленшчыны ці Браншчыны вёскі просяцца, каб іх узялі да Беларусі, хоць гэта ўжо і іншая з’ява. Але адчуваецца, што беларуская самасвядомасьць пачынае абуджацца ў Расіі».
Паводле Радыё Свабода