Скараспелыя спецыялісты: да чаго можа прывесці ініцыятыва новага міністра адукацыі

Кіраўнік Мінадукацыі Ігар Карпенка анансаваў скарачэнне тэрмінаў навучання прыкладна па 50 спецыяльнасцях у ВНУ — да 4-4,5 гадоў. Эксперты патлумачылі, чаму без захаплення ўспрымаюць гэты крок.

vypuskniki.jpg

Дунаеў: Скарачэнне тэрмінаў навучання можа не даць таго эфекту, на які разлічваюць прыхільнікі рэформы

Сябар грамадскага Балонскага камітэта і былы прарэктар ЕГУ Уладзімір Дунаеў адзначае, што па многіх спецыяльнасцях навучанне ўжо вядзецца па скарочаных тэрмінах і называе анансаваны крок лагічным, калі зыходзіць з таго, што Беларусь узяла на сябе абавязацельства рэалізоўваць еўрапейскую трохпрыступкавую мадэль адукацыі.
— Але скарачэнне тэрмінаў навучання ў ВНУ можа не даць таго эфекту, на які разлічваюць прыхільнікі рэформы, — кажа пры гэтым прафесар.
Уладзімір Дунаеў лічыць, што галоўная праблема ў тым, што калі ў еўрапейскіх краінах школьнікі атрымліваюць сярэднюю адукацыю 12-13 гадоў, то ў Беларусі яно скарочана да 11-ці, што прыводзіць да невысокай якасці.
 Па выніках цэнтралізаванага тэставання мы бачым, што ўзровень падрыхтоўкі абітурыентаў гнятліва нізкі. За 11 гадоў яны не паспяваюць нармальна асвоіць праграму, — адзначае прафесар.
Уладзімір Дунаеў лічыць, што скарачэнне тэрмінаў навучання ў ВНУ павінна ісці разам з аднаўленнем 12-гадовага навучання ў школе.
— Проста скарачэнне тэрмінаў навучання ў ВНУ — гэта нязначны крок. Праблемы трэба вырашаць комплексна, — кажа ён.

Мажэйка: Акадэмічная супольнасць ўспрыме новаўвядзенні негатыўна

Эксперт Ліберальнага клуба Вадзім Мажэйка лічыць, што больш важна не тое, колькі будуць вучыцца студэнты ў ВНУ — 3, 4 ці 5 гадоў, а то па якіх праграмах і з якой кваліфікацыяй выкладчыкаў.
Пры гэтым ён упэўнены, што анансаваны міністрам адукацыі крок будзе успрыняты акадэмічнай супольнасцю негатыўна.
— Выкладчыкі заўсёды кансерватыўна падыходзяць да такіх пытанняў. Акрамя таго, памяншэнне нагрузкі азначае скарачэння для выкладчыцкага складу, — кажа Вадзім Мажэйка.
У цэлым эксперт Ліберальнага клуба нейтральна ставіцца да скарачэння тэрмінаў навучання ў ВНУ.
— На мой погляд, гэта ні добра, ні дрэнна. Я не схільны драматызаваць сітуацыю і думаць, што з-за гэтага кадры, якія будуць выпускацца, стануць менш прафесійнымі.
Можна толькі пашкадаваць аб тым, што не анансавалася больш істотныя і карысныя змены, — кажа Вадзім Мажэйка.
Паводле Заўтра тваёй краіны