Творца новай Беларусі

Лявон Баразна перайшоў у сферу легендаў. Мастак, які змагаўся за зберажэнне старога Мінска і разам з Зянонам Пазьняком надрукаваў у самыя застойныя часы, увесну 1969 года, артыкул «Заботясь о будущем» у яго абарону ў  «Правде». Легендарны пачынальнік даследаванняў нацыянальнага сялянскага касцюму, які першым апрануў у блізкія да аўтэнтычных строі ансамблі народнай песні і танца розных куткоў Беларусі.



8d8818c8e140c64c743113f563cf750f.jpg

Лявон Баразна перайшоў у сферу легендаў. Мастак, які змагаўся за зберажэнне старога Мінска і разам з Зянонам Пазьняком надрукаваў у самыя застойныя часы, увесну 1969 года, артыкул «Заботясь о будущем» у яго абарону ў  «Правде». Легендарны пачынальнік даследаванняў нацыянальнага сялянскага касцюму, які першым апрануў у блізкія да аўтэнтычных строі ансамблі народнай песні і танца розных куткоў Беларусі.
Да 8 сакавіка ў Нацыянальным мастацкім музеі можна пазнаёміцца з выставай, што прадстаўляе каля 70 малюнкаў, пейзажаў, партрэтаў і знакамітых замалёвак народных строяў з прыватных збораў, калекцыі музеяў у Мінску і Талачыне.
Нават дата нараджэння мастака падаецца па-рознаму ў публікацыях апошніх гадоў, хаця на надмагільным помніку на радзіме час яго нядоўгага жыцця акрэслены дакладна: 3 снежня 1928 — 15 жніўня 1972. Апошнія лічбы пазначаюць дзень забойства мастака паблізу яго майстэрні на Камсамольскай, 15 (колішняй Феліцыянаўскай) у цэнтры сталіцы, у дні, калі Баразна рыхтаваў пратэст інтэлігенцыі супраць разбурэння старых кварталаў Нямігі. У выпадковасць смерці нязручнага ўладам творцы дагэтуль мала хто верыць.
У кнізе водгукаў на мемарыяльнай выставе, наладжанай яго сябрамі ў 1975 годзе, Уладзімір Караткевіч пакінуў запіс: «…Подзвіг, які зрабіў гэты чалавек у галіне вывучэння народнай вопраткі, — бязмерны, гэта… неацэнны скарб… для гісторыі».
Подзвіг Баразны — учынкі і здзяйсненні, на якія б наважыўся не кожны. У Талачыне, дзе паблізу ў Новым Сяле нарадзіўся Баразна, ён выканаў сваю першую жывапісную працу, якая адначасова была грамадзянскім актам. Разам з двума мастакамі з Расіі, што трапілі ў палон у часы нямецкай акупацыі, у 1942–1943 гадах, юнак без скончанай мастацкай адукацыі маляваў у адчыненай пасля савецкага атэістычнага руйнавання царкве абразы. Суайчыннікам была патрэбная вера, і ён падтрымліваў яе як мог. Ідэя ўмацавання годнасці, духу і веры ў сваім народзе вяла Баразну далей праз усё жыццё.
Ён верыў і адчуваў прыгажосць сваёй мовы — і першым выступаў на сходах у саюзе мастакоў па-беларуску, што выглядала ў тыя часы дэманстрацыяй грамадзянскай пазіцыі. Верыў у годнасць беларускай культуры і ўвасабляў сваю веру ў штодзённай дзейнасці. Замалёўкі традыцыйнага сялянскага касцюма Палесся, Гродзеншчыны, Міншчыны, Віцебшчыны ляглі ў аснову унікальных альбомаў, такіх, як «Беларускае народнае адзенне», упрыгожылі першую беларускую энцыклапедыю, далі штуршок працы Міхася Раманюка, які давёў пачатае Баразной да акадэмічнай дасканаласці. Свежыя акварэльныя замалёўкі строяў — лепшыя работы на выставе.
На выставе немагчыма цалкам адлюстраваць імкненне Баразны вярнуць Беларусі веды пра ўласную гісторыю. Ён з нязмушанай інтэлектуальнай свабодай мог выступіць на акадэмічным дыспуце супраць ідэй карыфея савецкай гістарычнай навукі Лаўрэнція Абэцэдарскага. Падчас абмеркавання ў 1966 годзе навуковых публікацый пра брэсцкага ігумена Апанаса Філіповіча Баразна стаў на бок Міколы Прашковіча і маладых навукоўцаў, што адкідалі аднабаковую масквацэнтрычную схему мінулага.
Адчуваючы неабходнасць глыбейшага вывучэння спадчыны Скарыны, першым як навуковец сістэматызаваў гравюры з выданняў друкара ў альбоме «Гравюры Францыска Скарыны» (1972). Следам за Баразной прыйшоў да вывучэння старадаўняй беларускай кніжнай гравюры яго сябра — вядомы даследчык Віктар Шматаў. Нарэшце, уваходзячы ў нефармальныя аб’яднанні нацыянальнай інтэлігенцыі 1960–1970-х гадоў, у дысідэнцкі гурток «На Паддашку», што збіраўся ў майстэрні Яўгена Куліка, ён не хаваў свайго глыбокага пераканання: Беларусі наканавана адрадзіцца незалежнай дзяржавай.
Таму выстава выставай, але вяртанне поўнага вобраза Лявона Баразны, мастака, даследчыка, патрыёта, — наперадзе.