У Гродна ўручылі прэмію Ядкоўскага. Лаўрэат — аўтар «ідэальнага гораду» з ПВХ

Макет старога гораду з неіснуючымі ўжо будынкамі ратушы ды Фары Вітаўта займае 16 квадратных метраў. Яго выраб заняў у аўтара 12 год жыцця і пацягнуў прыкладна на 15-17 тысяч умоўных адзінак.

Фота NewGrodna

Фота NewGrodna

Прэмія імя Юзафа Ядкоўскага — стваральніка музея ў Старым Замку ў 1920-х — традыцыйна ўручаецца ў «Дні Святога Губерта» на пачатку лістапада. Ёй узнагароджваюць аўтараў, гісторыкаў ды актывістаў, якія зрабілі ўнёсак у захаванне і развіццё гарадзенскай спадчыны.

momant_uruczennja_premii__1__logo.jpg


Сярод ранейшых намінантаў такія вядомыя ў горадзе асобы як Алесь Госцеў, Віктар Саяпін, Наталля Канюк, Фёдар Ігнатовіч, Андрэй Вашкевіч (адзін з аўтараў НЧ) ды інш. Журы складаецца з прафесійных гісторыкаў, яны ж вызначаюць і намінантаў, і лаўрэата.

ihar_lapeha_logo.jpg


Сёлетнюю прэмію атрымаў Ігар Лапеха — гісторык архітэктуры і эколаг. Ягоны макет «ідэальнага гораду» стаўся ўнікальным артэфактам не толькі для Беларусі, але і для Усходняй Еўропы. Дамо ж слова самому лаўрэату.
— Як доўга вы працавалі над макетам?
— Агулам каля 12 год. Усё пачалося з рэканструкцыі Савецкай плошчы ў 2006-м, калі ў гісторыкаў і чыноўнікаў меліся розныя погляды наконт таго, што і як выглядала ды як мае выглядаць плошча. Мы самі для сябе мелі ўяўляць, як выглядаў Палац Радзівілаў, дзе была ратуша. Каб укласці ўсё гэта ў галаве патрэбная была візуалізацыя.
Найлепшым спосабам апынуўся макет. Так спачатку я зрабіў макеты Фары Вітаўта, ратушы, манастыра Раства Багародзіцы. Пасля гэтыя асобныя помнікі ўцягнуліся ў цэласны ансамбль, які зараз складае 16 кв.м.

frahmenty_maketu__fota_newgrodno__3_.jpg


— То бок разбурэнні, справакаваныя чыноўнікамі, сталі імпульсам для паглыбленага вывучэння гісторыі горада?
— Не, не думаю. Патрэба была аб’ектыўнай, не раней, дык пазней. Але канкрэтна для з’яўлення макета — так, тая сітуацыя стала імпульсам. Важны яшчэ час, у які мы жывем. Скажам, за часамі СССР ці ў 1990-я наўпрост не было такой багатай колькасці крыніцаў па гісторыі архітэктуры: інтэрнэту, доступу ў еўрапейскія архівы. Зараз — прасцей. Таму макет нарадзіўся тады, калі мог нарадзіцца.
— Макет зроблены на нейкі канкрэтны гістарычны перыяд?
— Гэта хутчэй храналагічная эклектыка. Спачатку думаў зрабіць усё станам на XVIII ст., але ўжо і Стары Замак, і Фара Вітаўта былі перабудаваныя. Шэраговая забудова на той час таксама не ўся вымалёўваецца. Таму прасцей і эфектней было паказаць найлепшыя прыклады забудовы ў розныя эпохі. Напрыклад, квартал савецкай забудовы на Парыжскай Камуны, Сацыялістычнай і Баторыя — таксама тут ёсць. Ён добра ўпісаўся ў гістарычны цэнтр, гэта таксама старонка нашай гісторыі.

frahmenty_maketu__fota_newgrodno__1_.jpg


— З чаго зроблены макет?
— Матэрыял — гэта мая тэхналогія. Можа хто і карыстае з архітэктараў, не ведаю… Гэта полівініл-хларыд — ПВХ, пластык. Я сам дайшоў да гэтага метадам спробаў і памылак. Задаволены матэрыялам, эфектам. Макет можа доўга праслужыць, бо не дэфармуецца ад вільгаці, напрыклад. У параўнанні з кардонам ці паперай — трывалы матэрыял.
— Колькі грошаў пайшло на працу?
— Досыць дарагое задавальненне… Прыкідваў, што за 12 год — прыкладна 15-17 тысяч умоўных адзінак на ўсё. Гэта мае асабістыя грошы.
— Вы цалкам усё самі рабілі?
— На 20% гэта праца маіх вучняў, рэшта — сам. Зараз робім працяг, раён Гарадніцы (ад вул. Карбышава і Тэльмана да 1 Мая), Парк Жылібера. Там, спадзяюся, будзе наадварот — 80% працы вучняў. Вырастае змена, але, нажаль, не краязнаўцаў, а добрых рамеснікаў, якія якасна робяць нешта рукамі. І гэта таксама няблага.
— Дзе можна зірнуць на ваш макет?
— На Тэльмана, 4 — гэта Культурны цэнтр «Фестывальны». На другім паверсе там выстава, прысвечаная Фэсту нацыянальных культур, на першым — макет. Мая прыватная ініцыятыва і інтарэсы гораду супалі, таму атрымаўся досыць добры праект. Туды можна і групамі схадзіць, і асабіста. Заходзьце!