«Мордай у асфальт». Гродзенскіх актывістаў затрымалі за плакат супраць «самаўладдзя»

Гродзенскіх актывістаў АГП Аляксандра Лаўрэнцьева і Мікалая Саляніка затрымалі падчас акцыі 7 лістапада. Мужчыны выйшлі ў цэнтр гораду з плакатам «Прэч самаўладства», паведамляе Радыё Свабода.

dalou.jpg

Салянік і Лаўрэнцьеў з разгорнутым плакатам «Прэч самаўладства» выйшлі на плошчу Леніна.
«Мы нічога супрацьзаконнага не робім. Мы асноўны лозунг дублюем. У нас сёння сьвята — дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. А гэта быў асноўны лозунг у рэвалюцыі... Мы цяпер усталявалі новае самаўладства», — пракаментаваў надпіс на плакаце Мікалай Салянік.
Потым актывісты рушылі ад помніка Леніну па галоўнай гарадской вуліцы Савецкай. Там іх і затрымала міліцыя.
«Вельмі жорстка іх скруцілі. Жорстка Саляніка затрымлівалі: не толькі на калені, а мордай у асфальт. Потым закінулі на сядзенне з закручанымі нагамі і рукамі», — паведаміў гарадзенец Ежы Грыгенча, які стаў сведкам затрымання.
Мужчын павезлі ў РАУС Ленінскага раёну Гродна. У Саляніка хворае сэрца, яму стала там кепска. Пенсіянеру выклікалі «хуткую». Пакуль абодва актывісты знаходзяцца ў райаддзеле міліцыі.
Ранкам міліцыянты пільнавалі актывістаў пад хатай, меркавана, каб тыя не далучыліся да шэсця камуністаў. Саляніка затрымалі пры выхадзе з дому, завезлі ў РАУС Кастрычніцкага раёна Горадні, склалі пратакол за ўшанаванне паўстанцаў Каліноўскага ў Свіслачы і адпусцілі. Лаўрэнцьева таксама зранку затрымалі міліцыянты пры выхадзе з дому, папярэдзілі, каб ён не выходзіў да 12:00 і адпусцілі.