У Пружанах прайшоў танцавальны вечар стылю Мадэрн (фота, відэа)

Удзельнікі суарэ (ад фр. soirée — званы вечар) 18 жніўня прыехалі ў Пружаны з Мінска і ператварылі адзін з залаў палаца Швыкоўскіх у гасцёўню пачатку мінулага стагоддзя.

2018_08_18_pruzany_a._ljaszkevicz_0117_logo.jpg

Палац, што прыняў танцавальны вечар, пабудаваны ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя і добра падыходзіць для такіх імпрэзаў. З 1998 года тут дзейнічае музей-сядзіба “Пружанскі палацык”.

Некаторыя з танцаў, што былі папулярнымі ў эпоху Мадэрн, добра вядомыя і цяпер (вальсы, танга), але выконваліся тады з характэрнымі асаблівасцямі. Напрыклад, ў аргентынскім танга эпохі Мадэрн не існавала рухаў балеа і ганча ў іх сучасным выглядзе. Затое было шмат фігур тыпу глыбокіх выпадаў, “падзенняў” на адно калена, поз з перагінам дамы назад і г. д., якія зараз не практыкуюць.

Танга — танец аргентынскага паходжання, што распаўсюдзіўся ў Еўропе акурат у эпоху Мадэрн. З арыстакратычных салонаў ён увайшоў у гарадскую і сельскую культуру. У Фінляндыі, напрыклад, утварылася асобная нацыянальная школа танга. Фіны настолькі ганарацца ёй, што лічаць адным з брэндаў краіны: у 2017-м, святкуючы стагоддзе незалежнасці, яны назвалі сваё нацыянальнае свята ў Мінску менавіта “Фестываль фінскага танга”. Гэты танец вядомы і ў беларускіх вёсках.

 

 

Адной з крыніц паходжання вальсу называюць аўстрыйскі народны танец лэндлэр, што, па адной з версій, спачатку меў абрадавыя функцыі і быў прымеркаваны да сватання, а потым бытаваў на вечарынах. Для яго характэрныя шматлікія кручэнні партнёраў вакол адно аднаго і ў пары. Яшчэ карані вальсу шукаюць у чэшскіх, французскіх, нямецкіх танцах. Як бы то ні было, з сялянскага побыту ва ўжытак вышэйшых саслоўяў ён трапіў праз двор аўстрыйскай імператрыцы Марыі-Тэрэзіі (кіравала ў 1740–1780 гадах). Спачатку вальс лічыўся непрыстойным танцам, асабліва ў Англіі і Расіі, праз тое, што танцор абдымае партнёрку за талію.

Але ўжо ў першай палове ХІХ стагоддзя ён распаўсюдзіўся па ўсёй Еўропе. Праўда, тады вальс танчылі, як мы б сказалі сёння, “на піянерскай адлегласці”. Адлегласць між партнёрам ў пары паступова скарачалася, і ў эпоху Мадэрн была ўжо прыкладна роўная сучаснай. Праз культуру вышэйшых саслоўяў і гарадскі побыт вальс трапіў і ў беларускую вёску. Праўда, выконваўся, у адрозненні ад класічнага бальнага варыянта “туды-назад”, у дыяганаль. 


Яшчэ на суарэ ў Пружанах выконвалі добра вядомыя танцорам, што цікавяцца народнай харэаграфіяй, шаціш (скаціш) і факстрот. Першы распаўсюджаны ў сялянскіх культурах розных народаў Заходняй і Паўночнай Еўропы, калі меркаваць па назве, мае шатландскае паходжанне (але гэта недакладна). Другі — дзіця эпохі Мадэрн, узнік у ЗША на аснове тустэпу (яго таксама танчылі на суарэ ў Пружанах). Тустэп і факстрот “дабраліся” і да беларускіх вёсак. Другі захаваў назву і стыль крокаў, а першы змяніўся да непазнавальнасці. У залежнасці ад прыпевак, што пад яго выконваюцца, тустэп у нас мог звацца “Лысы”, “Карапет”, “Дзевачка Надзя”, “Зялёная рошча”, “Бедны”, “Муха”, “Рыжы”, “Бледны”, “Сідар”, “Ізво(з)шчык”. Захаваліся таксама назвы “Сустэп”, “Дустэп”. Некаторыя танцы эпохі Мадэрн так і засталіся спецыфічнымі адзнакамі часу і потым страцілі папулярнасць (напрыклад, матчыш, кейк-уок).

 

Ірына Баслык

Ірына Баслык

Танцоры на суарэ ў Пружанах былі ў адпаведных эпосе строях, што стварала атмасферу і дазваляла адчуць сябе па-за штодзённасцю. Збольшага для ўдзельнікаў мадэрн — не адзіная эпоха, танцамі і рэканструкцыяй побыту якой яны займаюцца. Арганізатарка імпрэзы, кіраўніца мінскай студыі танцу Balancé Ірына Баслык акрамя мадэрну выкладае танцы эпохі Ампір, аргентынскае танга, стрэтчынг (расцяжку), бодзі-балет (класічная харэаграфія). Сваю любоў да мадэрну Ірына тлумачыць так: “Гэта самы пачатак сучасных сацыяльных імправізацыйных танцаў, калі партнёр вядзе, а партнёрка ідзе за ім. Да таго ж мне вельмі падабаюцца касцюмы на мадэрн. Зразумела, што ў кожную эпоху жанчыны выглядалі па-свойму прывабна, але шык і элегантнасць перыяду Art Nouveau, перад Першай сусветнай вайной, — на мой погляд, проста ўнікальныя. Сукенкі, капелюшы утвараюць пэўны сілуэт. Калі яшчэ і ніжняя бялізна адпаведная, то мяняецца асанка, гэта сапраўды шанец адчуць сябе ў іншай эпосе. Візуальна прывабліваюць не толькі строі — архітэктура, прадметы мастацтва… Схему, канечне, лягчэй рабіць, вывучыў — і танчыш сабе. А імправізацыя — гэта ўвесь час увага на партнёра. Людзі хочуць удзельнічаць у чымсьці цікавым, вясёлым і прыгожым, напэўна, таму і наведваюць вечарыны гістарычных танцаў”.

Ірына — прафесійная харэографка. Для большасці ж танцораў, што прыехалі на суарэ ў Пружаны, танцы — гэта хобі, а прафесіі могуць быць самыя розныя.

 

Сяргей Няхайчык

Сяргей Няхайчык


Сяргей Няхайчык — кладаўшчык. Упершыню трапіў на танцы эпохі мадэрн менавіта падчас суарэ ў Пружанах. Да таго чатыры гады займаўся Ампірам, эпохай напалеонаўскіх войнаў. Не кідае і Сярэднявечча, з якога пачынаўся яго шлях у гістарычнай рэканструкцыі. Сяргей расказваў, што часта, пачынаючы з Высокага Сярэднявечча, чалавек дасягае ў рэканструкцыі гэтай эпохі пэўнай “столі”, і тады сыходзіць ці ў Ранняе Сярэднявечча (вікінгі, славянскія плямёны), ці, наадварот у больш позні час — напалеоніку, час Першай і Другой сусветных войнаў. На суарэ ён танчыў у касцюме салдата царскай арміі, які пазычыў у сяброў.

 

Алена Захожая

Алена Захожая


Алена Захожая — інжынерка. Займаецца мадэрнам нядаўна, яе цікаўнасць да гістарычных танцаў пачалася з эпохі Ампір. Сукенку для яе шыла сяброўка. Алена распавядае: “Мадэрн, на мой погляд, — апошняя прыгожая эпоха ў нашай гісторыі. Касцюм можна рэканструяваць дакладна, а можна рабіць стылізацыю па матывах. Я абрала другі шлях: у мяне двухслойная сукенка з пэўнай асіметрыяй. Фрызуру рэканструявалі па старым фотаздымку. Мне яе рабіла звычайная цырульніца, якая займаецца вяселлямі і іншымі ўрачыстасцямі”.

 

Павел Сакалоў і Наталля Цітовіч

Павел Сакалоў і Наталля Цітовіч

 

Павел Сакалоў — праграміст. Выкладае шатландскія контрдансы, займаецца таксама танцамі ўсяго ХІХ стагоддзя. Сантыменты да Мадэрну тлумачыць наступным чынам: “Мне ў цэлым падабаецца рэканструкцыя танцавальнай культуры і Мадэрн як яе частка. У Беларусі шмат прыгожых мясцін, дзе захавалася архітэктура пачатку ХХ стагоддзя. Было б дзіўна, маючы такую спадчыну, не рэканструяваць там падзеі адпаведнай эпохі. Я пачынаў займацца гістарычнымі танцамі, калі яны ў Беларусі яшчэ не былі моцна сегрэгаваныя. Танчылі ўсё разам: ад контрдансаў XVI стагоддзя да вальсаў сярэдзіны ХХ-га. Потым яны паступова падзяліліся. Мне падабаюцца старыя рэчы любога перыяду, проста той жа строй пачатку ХХ стагоддзя прасцей аднавіць: больш крыніц, усё ж такі гэта досыць блізка да сучаснасці. Можна за адэкватныя грошы набыць нейкія гістарычныя артэфакты. Тыя ж мелодыі ўжо можна паслухаць, яны былі запісаныя на васковыя валікі”.

Рэканструкцыя танцаў эпохі Мадэрн у Беларусі распачыналася барысаўскай аматарскай суполкай. Распавядае Наталля Голава, рэжысёрка, кіраўніца Клуба гістарычнага танца Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Барысаўскага раёна: “У нашай суполцы “Барысаўская мыза” мы займаліся рознымі танцамі, пачыналі шэсць гадоў таму з ампірных. Потым зацікавіліся Мадэрнам, зладзілі некалькі касцюмаваных танцавальных вечароў. Нас падтрымалі мінскія сябры з суполкі “Залаты двор”. І пайшоў мадэрн па краіне. Мне здаецца, не толькі ж танцы там прыгожыя, сам час цікавы найперш. Суфражысткі, танга, сінематограф, авіяцыя…

Заняткі па танцах эпохі мадэрн праходзяць у студыі Balancé па аўторках з 20.00 да 22.00.

 

 

Фота і відэа Алены Ляшкевіч