У Слуцку адбылася чарговая пешая вандроўка па гораду-прывіду
Случчане знаёміліся гэтым разам з таямніцамі вуліцы Віленскай.
Слуцкае таварыства беларускай мовы арганізавала 14 красавіка гісторыка-краязнаўчую
пешую вандроўку па вуліцы Віленскай.
29 чалавек на працягу гадзіны вандравалі па Віленскай вуліцы, слухалі на роднай мове расповеды мясцовага краязнаўцы Ігара Ціткоўскага і спрабавалі сабе ўявіць зусім іншы горад — горад, які знік амаль бясследна.
Ад былой галоўнай вуліцы горада — вуліцы Віленскай — засталася адна толькі назва, ды і сама вуліца ў савецкія часы таксама змясцілася з таго месца, дзе знаходзілася раней. Апошні двухпавярховы дом дарэвалюцыйнай забудовы быў знішчаны напрыканцы 2018 года.
Гісторыя ж гэтых мясцін вельмі багатая, бо з трох слуцкіх манастыроў два (Ільінскі і Прэабражэнскі) знаходзіліся менавіта тут — а дарозе, якая вяла ад Верхняга замка ўздоўж Случы на Вільню.
На правым баку старажытнай вуліцы, дзе цяпер месцяцца будынкі дзіцячых спартыўнай, мастацкай і музычнай школ, у ХVІ — ХІХ стагоддзях знаходзіўся ансамбль Ільінскага манастыра, асобныя будынкі якога праіснавалі да канца ХІХ стагоддзя.
Ігар Ціткоўскі распавёў пра Магдэбургскае права гараджан на самакіраванне і пра драўляны трохпавярховы будынак ратушы, які месціўся ў пачатку вуліцы Віленскай побач з гандлёвай плошчай і аўстэрыяй — гасцінным дваром. Дарэчы, у адрозненне ад звычайных двухпавярховых ратуш, Слуцкая ратуша адрознівалася і колькасцю паверхаў, і знешнім выглядам. Тут размяшчалася мноства службаў: казна, архіў, канцылярыя, залы пасяджэнняў магістрата і суда, склады.
Недалёка ад ратушы на гандлёвай плошчы
на левым баку Віленскай некалі знаходзіліся Прэбражэнскі манастыр і аптэка. У пачатку
XVII стагоддзя пры Прэабражэнскім манастыры брацтва адкрыла школу, якая ператварылася
ў двухкласнае вучылішча. Існавала тут і праваслаўная семінарыя, якая пасля была
перамешчаная ў Мінск, а затым — у Жыровічы.
Напрыканцы ХVІІ стагоддзя ў гэтым манастыры жыў вядомы рускі праваслаўны філосаф і пісьменнік Дзмітрый Растоўскі.
Слуцк у ХVІІІ стагоддзі фактычна ператварыўся ў горад-цытадэль. І гэтым ён быў абавязаны Багуславу Радзівілу, уладальніку горада і дзяржаўнаму дзеячу Вялікага Княства Літоўскага ХVІІ — пачатку ХVІІІ стагоддзя. Менавіта ён у 1652 годзе дамогся ад караля Рэчы Паспалітай і вялікага князя Літоўскага паўторна Магдэбургскага права для Слуцка і забяспечыў Слуцк новымі фартыфікацыйнымі збудаваннямі — цытадэллю і крапаснымі сценамі з бастыёнамі па ўсім перыметры тагачаснага горада. Падчас вайны з маскоўцамі слуцкая цытадэль вытрымала ў 1655 годзе 2 аблогі казацка-маскоўскага войска.
Кіраўнікі горада творча вырашылі праблему недахопу рабочай сілы пры будаўніцтве зямельных валоў. Вечарам па сігналу з ратушы ўсе жыхары павінны былі тушыць святло і не бадзяцца па вуліцах. Тых жа, хто парушаў гэты парадак, накіроўвалі на будаўніцтва зямельнага валу.
З цікавасцю ўдзельнікі вандроўкі паслухалі інфармацыю пра паходжанне назвы “Чортаў мост”, па якім гараджане пераходзяць Случ пешшу з боку вуліцы Віленскай. Гэтую назву прыдумалі самі случчане ў сувязі з тым, што месца каля гэтага моста некалі было вельмі забалочаным і небяспечным. Тут збіраліся падазроныя людзі, якія маглі пабіць мінакоў. Мост доўгі час быў драўляным, з вялізнымі дзіркамі, у якія лёгка было праваліцца.
Ёсць гэты мост і ўспамінах пісьменніцы Алены Васілевіч, якая распавяла, як падчас вучобы ў педвучылішчы яе аднагрупнікі вырашылі праблему з нечаканай кантрольнай работай. Вечарам выкладчык вяртаўся пра з “Чортаў мост” да сябе дамоў з сшыткамі пад пахай. Нечакана з цемнаты выскачылі некалькі чалавек. Яны так штурхнулі настаўніка, што ён вымушаны быў схапіцца абедзвюма рукамі за парэнчы моста. Сшыткі паляцелі ў рэчку, вынікі кантрольнай засталіся невядомымі.
У наступнай вандроўцы аматары гісторыі роднага горада пазнаёмяцца з гісторыяй Трайчанскага прадмесця і былога Трайчанскага манастыра.
Іна Паўлаўна, выкладчыца музычнай школы, ахвотна дзеліцца сваімі ўражаннямі ад беларускамоўнай гісторыка-краязнаўчай экскурсіі:
— Я першы раз на такой экскурсіі, і яна мне вельмі спадабалася. Цудоўна, што ў Слуцку ёсць краязнаўцы, улюбёныя ў гісторыю горада, гатовыя падзяліцца сваімі ведамі, ды яшчэ і на роднай мове, — гаворыць Іна Паўлаўна. — Абавязкова прыйду ў наступны раз.
Жанчына распавяла, што яна вучылася ў слуцкай гімназіі, гісторыя Беларусі і Слуцка там фактычна не выкладалася. Зацікавілася яна гісторыяй пасля сустрэчы з Зянонам Пазьняком падчас вучобы ў Полацкай педагагічнай вучэльні ў 1992 годзе.
— Спачатку я прачытала кнігу Пазьняка “Рэха даўняга часу”, пасля даведалася пра Курапаты і зразумела, што ёсць зусім іншая гісторыя, якой я зусім не ведаю, — распавяла выкладчыца музыкі. — З тых часоў купляю кнігі на гістарычную тэматыку. Нядаўна гісторыя закранула мяне непасрэдна — атрымала адказ на запытанне пра прадзеда, якога расстралялі ў 1938 годзе як польскага шпіёна. Інфармацыя аб расстрэле пацверджана, але месца расстрэлу не ўдакладняецца. Магчыма, у Курапатах, магчыма, у Бабруйскай турме.
Пешыя вандроўкі з краязнаўцам дапамагаюць больш яскрава дакрануцца да мінулага нашага горада, нягледзячы на ўсе разбурэнні.