Краязнаўца Ігар Ціткоўскі прадставіў у ТБМ свае малюнкі і афорты па гісторыі архітэктуры Слуцка

У рамках працы гуртка «Размаўляем па-беларуску» сябры слуцкага Таварыства беларускай мовы нярэдка запрашаюць цікавых людзей. Звычайна гэта прафесіяналы ў той альбо іншай галіне дзейнасці, якія добра валодаюць беларускай мовай. 18 красавіка на чарговым занятку сябры ТБМ і госці сустрэліся з мастаком – педагогам і краязнаўцам Ігарам Ціткоўскім.

kamercyjnae_008_logo.jpg

Ігар Адамавіч – адмысловец і энтузіяст. З’яўляецца аўтарам шматлікіх работ па гісторыі і культуры Случчыны. Некаторыя з іх апублікаваныя асобнымі выданнямі, іншыя друкаваліся ў рэспубліканскіх і мясцовых газетах.Удзельнікі імпрэзы змаглі візуальна пазнаёміцца з такімі буйнымі творамі Ігара Адамавіча як «Мастацтва Случчыны», «Слуцк. Гісторыя горада ў помніках архітэктуры», «Храмы Случчыны» і іншымі. Таксама краязнаўца прадставіў гледачам частку сваіх графічных работ па гісторыі архітэктуры горада. Гледзячы на малюнкі і афорты, пачынаеш разумець, якую гіганцкую даследчую працу прыйшлося выканаць мастаку, каб увасобіць зніклыя архітэктурныя помнікі ў мастацкіх вобразах.

kamercyjnae_016_logo.jpg

Асаблівую ўвагу ў слухачоў выклікала гісторыя былога камерцыйнага вучылішча, у якім яшчэ нядаўна працаваў завод па вытворчасці кансерваў. Ігар Адамавіч распавёў, што ўзнікненне ў Слуцку гэтай навучальнай установы было звязана з ростам патрэбы ў адукаваных людзях, якія ўмеюць пісьмова весці бізнес. Прыклалі намаганні ў справе арганізацыі вучылішча і Эдвард Вайніловіч, ганаровы суддзя Слуцкага павета, і Вацлаў Залескі, уладальнік маёнтка ў Рачкавічы.

Так выглядала Слуцкае камерцыйнае вучылішча. Фота: Вікіпедыя

Так выглядала Слуцкае камерцыйнае вучылішча. Фота: Вікіпедыя

Камерцыйнае вучылішча было заснавана ў 1909 годзе, першапачаткова гэта быў драўляны будынак. Тады ж на заходняй ускраіне горада па вуліцы Шашэйнай (цяпер – Леніна) пачалося ўзвядзенне з цэглы новага навучальнага корпуса. З 1912 года заняткі праходзілі там. Пасля рэвалюцыйных падзей і грамадзянскай вайны будынак быў не ў лепшым выглядзе і адноўлены толькі ў 1924 годзе пры савецкай уладзе. На той час гэта было самае прыгожае і высокае збудаванне ў горадзе. Некаторы час тут размяшчаліся прафсаюзы і Дом культуры, пасля – педагагічны тэхнікум, рэрганізаваны ў педвучылішча ў 30-х гадах. Немцы таксама выкарыстоўвалі гэты будынак для розных мерапрыемстваў. Паводле краязнаўца, тут нават некаторы час працавала нямецкая разведшкола.  

Вучылішча сёння

Вучылішча сёння

Як і іншыя будынкі горада, падчас вайны ён быў вельмі пашкоджаны і не адразу адноўлены. Жыхары нават пачалі расцягваць цэглу для сваіх патрэбаў. Пасля аднаўлення туды на кароткі час засяляліся розныя ўстановы. Пасля адпаведнай перапланіроўкі з 1961 года тут запрацаваў кансервавы завод, тэрыторыя вакол яго абрасла дататковымі вытворчымі карпусамі. Сам будынак камерцыйнага вучылішча быў прызнаны помнікам архітэктуры.

kamerc.1_004_logo.jpg

Пасля закрыцця завода многія вытворчыя памяшканні ўжо разбураныя, будучы лёс камерцыйнага вучылішча яшчэ не вызначаны. Беларускія мастакі, выхадцы са Слуцка, прапаноўваюць адрэстаўраваць будынак і стварыць там культурны і мастацкі цэнтр. Гарадскія ўлады таксама не супраць такога праекту, але патрэбныя інвестыцыі.