Ні дня без малюнка (фота)
У галерэі TUT.BY адбыўся вернісаж сюрэалістычных малюнкаў мастака, дызайнера і выкладчыка ЕГУ Сяргея Сялецкага з легкадумнай назвай «Камень, нажніцы, папера», якая нібыта звяртае ўвагу на антыманументальнасць твораў.
За апошнія тры гады ён напісаў па-над 1800 каляровых малюнкаў. Маляванне для яго стыль жыцця. У ход ідзе акварэль, акрыл, аліва і нават нажніцы ды рэкламныя буклеты. Ды й героі малюнкаў жывуць сваім жыццём, пераходзяць з паперы на паперу, эвалюцыянуюць і змяняюцца да непазнавальнасці, дэманструючы хуткаплыннасць і зменлівасць пастмадэрнісцкага свету, яго вобразаў і каштоўнасцяў.
І хаця малюнкі ствараліся з маланкавай хуткасцю — 3-4 працы за дзень — яны насычаныя шматлікімі дэталямі, перапоўненыя мноствам сэнсаў і сцэнаў. Іх можна падоўгу разглядаць і знаходзіць нешта новае. На думку аўтара, жыццё ўвогуле — гэта прастора для канкурэнцыі сэнсаў. Сяргей Сялецкі кажа, што на яго як мастака паўплывала творчасць Пітэра Брэйгеля. А шматлікія сцэны з пачварамі пісаліся пад уплывам кнігі ўрача-псіхіятра Чэзара Ламброза.
Пры гэтым аўтар кажа, што ягоных пачвараў не трэба баяцца: яны страшныя, але іх весела разглядаць. Часам падаецца, што героі карцінаў мульцяшныя, альбо маглі бы ўпрыгожыць якую-небудзь дзіцячую кнігу. Але, па прызнанні аўтара, жартаўлівыя прапановы ад сяброў праілюстраваць імі якую-небудзь кнігу агучваліся толькі на нецвярозую галаву.
«Вельмі важна ў сучасным мастацтве не тое, што і як намалявана, а якую думку даносіць мастацкі твор», — выказаў ключавую ідэю сваёй творчасці мастак.
Перад прысутнымі пра асаблівасці сучаснага мастацтва разважалі таксама калегі Сяргея Сялецкага: Сяргей Харэўскі, дызайнер Уладзімір Голубеў, вядоўца імпрэзы Таццяна Бембель. Музыкальнае суправаджэнне забяспечваў вядомы ў постмадэрнісцкіх колах дзіджэй Papa Bo. Напрыканцы сустрэчы ўсе прысутныя атрымалі ў падарунак магніцікі на лядоўню ды рэпрадукцыі з выявамі працаў мастака.
Фота аўтара