У Слуцку пісалі агульнанацыянальную дыктоўку з патрыятычнымі спевамі
Гурт слуцкіх пенсіянераў «Залаты ўзрост» стварыў патрыятычны і ўзнёслы настрой удзельнікам агульнацыянальнай дыктоўкі ў Слуцку
Сябры слуцкага ТБМ і іх прыхільнікі ў дзень роднай мовы 21 лютага традыцыйна напісалі дыктоўку. Пра Беларусь, па тэксце Анатоля Бутэвіча, вядомага беларускага навукоўцы і пісьменніка. Арганізатары напісання дыктоўкі ў Слуцку парупіліся, каб гэты дзень для ўсіх запомніўся як сапраўднае свята беларускай мовы.
Нягледзячы на складаныя ўмовы існавання ТБМ у Слуцку ўдзельнікі дыктоўкі змаглі сабрацца, паразмаўляць, паспяваць і патанчыць, пагуляць у перакладчыкаў і іншыя гульні.
Прыемнай нечаканасцю для аматараў беларускага слова з’явіўся вітальны музычны выступ мясцовага гурта слуцкіх пенсіянераў «Залаты ўзрост». Самадзейныя артысты падрыхтавалі адмысловую літаратурна-музычную кампазіцыю да Дня роднай мовы і тым самым стварылі святочную атмасферу яшчэ да пачатку дыктоўкі.
Гурт «Залаты ўзрост», у якім удзельнічаюць людзі сталага веку, быў створаны некалькі гадоў таму пры цэнтры сацыяльнага абслугоўвання як выдатны вынік працы бясплатных гурткоў. Яго ўдзельнікі выступалі на ўсіх значных культурных мерапрыемствах, якія праводзіліся для пенсіянераў і інвалідаў у сацыяльным цэнтры. Артысты адносіліся да свайго занятку з душой, і за ўласныя грошы пашылі канцэртнае адзенне з беларускім каларытам. Сваёй творчасцю яны прынеслі радасць вялікай колькасці людзей. Аднак, у сувязі з увядзеннем платы за наведаванне літаратурна-музычнага гурта са студзеня 2018 года ён фактычна перастаў існаваць пры сацыяльным цэнтры.
— Зараз мы знаходзімся ў «падвешаным» стане, — гаворыць удзельніца гурта Зоя Колб. — З аднаго боку, хочацца збірацца, спяваць, выступаць перад людзьмі, з другога, не хочацца аплочваць свае ж канцэртныя паслугі. Дзякуем Таварыству беларускай мовы за запрашэнне, бо наш гурт без выступаў разладжваецца. Па логіцы міністэрстваў, якія прынялі такі закон, мы павінны заплаціць і ТБМ — за тое, што яны сабралі людзей і прадставілі нам памяшканне для выступу.
Ірына Крывальцэвіч упершыню піша беларускую дыктоўку ў Дзень роднай мовы.
— Я не з’яўляюся сябрам ТБМ, — распавядае жанчына сталага ўзросту. — Першапачаткова гэтае мерапрыемства ўяўлялася мне нейкім штучным, ненатуральным. Насамрэч, атрымалася цудоўнае свята і я ўдзячна арганізатарам імпрэзы.
Ірыне Мікалаеўне вельмі спадабалася, як спяваюць удзельнікі гурта пенсіянераў.
— Яны не прафесіяналы, але спяваюць хораша і зладжана. Шкада, што такія спевакі не маюць магчымасцяў для далейшых рэпетыцый. Нашым сацыяльным чыноўнікам трэба было б задумацца над тым, каб знайсці сродкі для падтрымкі такога гурта і на вітаміны для яго ўдзельнікаў, а не здзіраць грошы з маленькіх пенсій для аплаты іх жа песень, — лічыць жанчына.
Дыктоўку для ўдзельнікаў свята беларускай мовы прачытала сябра ТБМ, былы бібліятэкар Тамара Блінова. Пасля праверкі на памылкі ў тэкстах найбольш пісьменны пераможца атрымаў адмысловы прыз — трохмесячную падпіску на беларускамоўную газету «Новы час». Невялічкія прызы атрымалі і пераможцы беларускамоўных гульняў, а таксама дзве маленькія дзяўчынкі — за цудоўнае чытанне вершаў.
Вячэрняя дыктоўка і канцэрт — гэта не адзінае святочнае мерапрымства для сябраў ТБМ. Днем яны мелі магчымасць паўдзельнічаць у паэтычным ўроку роднай мовы ў раённай бібліятэцы. Супрацоўнікі Слуцкай раённай цэнтральнай бібліятэкі арганізавалі выставы беларускамоўных кніг, разам з чытачамі чыталі вершы і байкі.
Валянціна Цэгалка, загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі чытачоў, напрыканцы ўрока слушна казала аб тым, што аб’яднанне жыхароў Беларусі вакол роднай мовы — гэта і ёсць нацыянальная ідэя, якую трэба развіваць у дзяржаве.
Шкада, што пра гэта не ведае наша кіраўніцтва дзяржавы, а ТБМ, якое падтрымлівае такую ідэю, існуе напаўлегальнай аснове і не мае сродкаў нават на памяшканне.