Дзень Роднай Мовы ў Беларускім Доме ў Варшаве

Нацыянальнай дыктоўкай распачалося 20 лютага святкаванне 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі ў Беларускім Доме ў Варшаве.

pryzy_logo.jpg


Таксама ў рамках праграмы прайшла віктарына і конкурсы на веданне беларускай мовы і фактаў з гісторыі БНР. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел беларусы Польшчы і перадусім Варшавы, а таксама неабыякавыя да беларушчыны і беларускай мовы. Пераможцаў чакалі памятныя прызы — зборнік Караткевіча, нацыянальны сцяг і інш.

1_94_logo.jpg


Узначаліла імпрэзу Валярына Кустава — беларуская літаратарка, паэт, аўтарка праграмы «Прыват» на тэлеканале «Белсат». Далучыліся да правядзення імпрэзы і адмысловыя госці — Аляксей Дзікавіцкі (сябра Рады БНР, віцэ-дырэктар «Белсату») і Ян Маліцкі (адзін з заснавальнікаў і дырэктар стыпендыяльнай праграмы імя К. Каліноўскага пры Інстытуце Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта).
Распачаў імпрэзу Ян Маліцкі, які нечакана для ўсіх звярнуўся да прысутных з прамовай на беларускай мове.

Ян Маліцкі

Ян Маліцкі

«Вітаю усіх! Для мяне вялікая прыемнасць павітаць шаноўнае спадарства тут з такой радаснай нагоды. 2018 год з’яўляецца знакавым годам для нас усіх. Роўна 100 гадоў таму народы Цэнтральнай і Усходняй Еўропы паспрабавалі вырвацца з-пад імперскага панавання. Толькі некаторыя з іх, напрыклад Польшча ці Фінляндыя, атрымалі жаданую незалежнасць, а іншыя на кароткі альбо даўжэйшы час здолелі вызваліцца са складу царскай імперыі, а пазней і з рук бальшавізму.
Сярод тых народаў, якія спрабавалі вырвацца з царскага гнёту і стварыць уласны дзяржаўны арганізм, знаходзіцца таксама Беларусь і беларусы. Падзея вартая гісторыі, падзея, якая адбілася ў сэрцах наступных пакаленняў. Падзея гэтая, якую мы пачынаем сёння святкаваць, мае вялікае сімвалічнае і практычнае значэнне, якое вучыць нас, што пры жаданні можна паканаць вялікія перашкоды. 1918 год вучыць нас, што светлая будучыня залежыць ад нас і ад нашых дзеянняў, ад нашай супольнай справы. Таму сёння, у 2018 годзе, мы павінны ведаць і ўмець скарыстацца з гістарычнага моманту, які можа да нас неспадзяванна завітаць.
Шаноўнае спадарства, для мяне вялікі гонар сёння да вас прамаўляць гэтыя словы. Спадзяюся, што святкавання стогадовых угодкаў традыцыі беларускай дзяржаўнасці прычыніцца яшчэ больш да салідарнасці паміж намі ўсімі, паміж супольнасцямі нашай Еўропы.Усяго добрага!ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!»
Са святочнай прамовай выступіў і віцэ-дырэктар «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі. Ён жа прадставіў тэкст Нацыянальнай Дыктоўкі, якая складалася паводле аднаго са знакавых тэкстаў БНР.

Аляксей Дзікавіцкі

Аляксей Дзікавіцкі

Тых, хто падчас дыктоўкі зрабіў найменшую колькасць памылак, чакалі прызы — унікальнае выданне класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча, том раней ніколі не публікаваных сцэнароў да фільмаў, напісаных ім: з экранізаваных — «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Чорны замак Альшанскі», і зусім невядомыя — «Гнеўнае сонца» і «Апавяданні з каталажкі». Тэксты і каментары да выдання падрыхтаваныя Валярынай Куставай.


Адзін са зборнікаў выйграў прафесар Віктар Швед, які таксама выступіў з прамовай да ўдзельнікаў. Усяго было разыграна некалькі зборнікаў. Падчас віктарын і конкурсаў таксама былі разыграныя нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг, а яшчэ календары «Будзьма беларусамі» і да 100-годдзя «БНР». А напрыканцы Сяргей Доўгушаў праспяваў некалькі песень.

cjarzuk_douhuszau_logo.jpg


У завяршэнні ўсіх удзельнікаў чакаў святочны пачастунак.

2_81_logo.jpg


Па сканчэнні Валярыны Кустава павіншавала ўсіх душэўнымі словамі: «Дзякуй усім, хто быў! Можна пайсці на марш, можна ўзняць зброю... А можна напісаць Нацыянальную дыктоўку — і гэта не менш важна для падтрымкі нашай мовы і гістарычнай памяці. Цешуся, што мы зрабілі гэты ўчынак разам! Са святам!»
Фота Аляксандры Шапелевіч