«Віна за сённяшні стан беларускай мовы ляжыць перадусім на патрыётах беларускай мовы»

Гэты пост пад назвай «Зрабіць Беларусь Беларуссю» з'явіўся сёння на фб Змітра Дашкевіча. Мы палічылі, што ён варты таго, каб яго пачыталі не толькі карыстальнікі сацсеткі і з дазволу аўтару публікуем яго на нашым сайце.

Мара Дашкевіч

Мара Дашкевіч


«Дзень роднай мовы — добрая нагода паразмаўляць пра тое, хто вінаваты і што рабіць? Я прыхільнік таго, каб мы рэчы называлі сваімі імёнамі. Прыемна гэта ці не, паліткарэтна ці радыкальна, але так ёсьць: сучасная беларуская дзяржава дваццаць тры гады здзяйсьняе этнацыд беларускага народу. Адно тое, што ў Беларусі па-беларуску вычыцца 0,3% студэнтаў ВНУ — адно гэта прысуд кіраўніцтву краіны.

Прыклады этнацыду беларусаў “беларускай” жа дзяржавай можна прыводзіць бясконца. Чаму ніводны дакумент у дзяржустанове не дублюецца па-беларуску? Чаму ніводны чыноўнік не размаўляе са мной па-беларску, калі я да яго на мове зьвяртаюся? Чаму бацькі вымушаны ваяваць за беларускамоўныя садочкі? Чаму 10-мільённы беларускі народ ня мае ніводнай беларускамоўнай ВНУ? А вы чыталі сьведчаньні пра беларускамоўных дзяцей, сабраныя Вадзімам Пракопчыкам і Аляксандрай Баярынай? Як назваць такую палітыку? Давайце прызнаемся, гэта этнацыд.

Але, з іншага боку, пра што мы размаўляем? Ці не пра дзяржапарат, які з 94-га будуецца на нянавісьці да беларушчыны? Ці не пра тых, хто ў 95-ым драў сьцяг і нішчыў мову? Ці ня глупа гэта, пра беларускую мову спытваць з ненавісьнікаў беларускай мовы? Дык а з каго спытваць? — рэзонна запярэчыць чытач. А я вам скажу сваю версію. “Каму шмат дадзена, з таго шмат спытана будзе”, — гаварыў Хрыстос.

Перакананьне, да якога я йшоў гадамі, прагучыць для кагосьці жорстка, але я ў гэтым пэўны: віна за сёньняшні стан беларускай мовы ляжыць перадусім на патрыётах беларускай мовы. Сітуацыя, калі прыхільнік мовы мову любіць, але на ёй не размаўляе — гэта невытлумачальна, бо як можна любіць свайго дзіцёнка і даць яму камень замест хлеба? Сітуацыя, калі беларускамоўны чалавек беларускамоўны толькі ў публічнай прасторы (офісе, імпрэзе, з журналістамі і гд) — гэта невытлумачальна, бо разумны чалавек паводзіць сябе непасьлядоўна. Я назіраю ці не штодня, як беларускамоўны ў краме кажа “дайце пажалуста”, дастаўшчыку піцы – “спасіба бальшое”, любому майстру — “ізьвініце, памагіце”. Калі этнацыд беларусаў ворагамі Беларусі хоць неяк можна патлумачыць, як патлумачыць гэта?

Зразумейце мяне правільна, я нікога не хачу абвінаваціць: я ведаю, што такое раптам і паўсюль перайсьці на мову — я сам у 20 год праходзіў ломку сваіх савецкіх комплексаў. Сядзіш ты такі ў маршрутцы і кажаш “астанавіце пажалуста”, а потым выходзіш — і аж нешта баліць унутры, так млосна ад двудушша. У нейкі момант я зразумеў: кожнае маё “пажалуйста” і “спасіба” на крок набліжае да прадказанай ЮНЭСКА сьмерці беларускай мовы.

Тады я вырашыў пайсьці супраць патоку. І як радасна, калі цягам гэтай хады заўсёды яшчэ нехта разварочваецца і праходзіць пару крокаў з табою: у лазьні палова парыльшчыкаў імкнецца ўставіць пару словаў па-беларуску, калі я з моўнымі каментамі паддаю пары; на прамзоне незнаёмыя людзі кажуць “Жыве Беларусь!” і “як прыемна”, калі чуюць мову ад простых хлопцаў з піларамы(с). Бо мова мяняе сьвядомасьць, а потым мяняе рэальнасьць. Дык гаманіце на мове заўсёды, з усімі і пасюль, і вы адразу ўбачыце, як мяняецца рэчаіснасьць вакол вас — гэта Беларусь становіцца Беларусьсю».