У Мінску адкрылася выстава «Малюнкі Гофмана»

У 237-я ўгодкі з дня нараджэння ўсясветна вядомага нямецкага пісьменніка, кампазітара і мастака рамантычнага накірунку Эрнста Тэадора Амадэя Гофмана ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адкрылася выстава «Малюнкі Гофмана» з фондаў Калінінградскага абласнога гісторыка-мастацкага музея (Расія).  



hofman_vystava_3.jpg

Як адзначыла дырэктар музея Коласа Зінаіда Камароўская, штогод дзень нараджэння майстра казачных сюжэтаў адзначаецца ў міжнародным маштабе выстаўкамі з цыкла «Гафманіяна». Паводле яе слоў, сёлета міжнародны праект аб’яднаў тры музеі краін-суседак: Калінінградскі абласны гісторыка-мастацкі музей, Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы і Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа. Мінскі глядач упершыню ўбачыць копіі графічных работ класіка нямецкай літаратуры па матывах яго казак, сказала Камароўская.

Акрамя таго, пад час дэманстрацыі выставы наведвальнікі змогуць пазнаёміцца з выданнямі беларускіх народных казак у апрацоўцы Якуба Коласа і ілюстрацыямі да гэтых твораў.

Кандыдат філалагічных навук, даследчык сувязяў беларускай і замежных літаратур Галіна Адамовіч распавяла, што свой светапогляд Гофман праводзіць праз доўгі шэраг фантастычных аповесцей і казак, у якіх пісьменнік дасканала спалучае дзівоснае ўсіх часоў і народаў з аўтарскім вымыслам.

«Усе творы мастацтва Гофмана сведчаць пра яго таленты не толькі як літаратара, але музыканта (камерная музыка, меса, сімфонія, опера «Ундзіна») і мастака (шмат сваіх твораў пісьменнік праілюстраваў самастойна). Як вядома, Якуб Колас таксама плённа працаваў на ніве фальклора, многія яго творы маюць народную аснову. Таленавіты пісьменнік і мудры педагог, ён не мог не ацаніць мудрасці простых людзей для выхавання дзяцей. Гэты скарб беларускай духоўнай спадчыны, перададзены будучаму паэту яшчэ ад маці, а таксама лепшыя ўзоры сусветнай фалькларыстыкі і літаратуры выліліся ў філасофска-алегарычны цыкл навэл «Казкі жыцця», глыбінны сэнс якога стаў квінтэсенцыяй назапашанай стагоддзямі ведаў і мудрасці. Вось чаму побач з ілюстрацыямі да твораў вядомага нямецкага казачніка супрацоўнікі музея вырашылі змясціць выстаўку  выданняў розных часоў і рукапісаў зборніка «Казкі жыцця», а таксама ілюстрацыі Алены Лось да гэтых твораў», — сказала навукоўца.  

Як адзначыла куратар выставы Валянціна Акладава, калінінградскі музей займаецца «гафманіянай» сем гадоў, бо пісьменнік нарадзіўся ў Кёнігзбергу і з’яўляецца геніем гэтага месца, паколькі стварае яго адпаведную аўру. Паводле яе слоў, у самых дзівосных формах Гофман пісаў пра тое, што адбываецца навокал і ў загадкавай душы чалавека. Куратар выставы звярнула ўвагу на трагізм асобы Гофмана, каторы перажыў каханне без адказу, пад уплывам дзядзькі выбраў для сябе дарогу юрыспрудэнцыі, з якой усё сваё наступнае жыццё імкнуўся вырвацца і зарабляць мастацтвам.

gofman_muzik_.jpg

Удзельнікаў адкрыцця выставы віталі малодшы сын Коласа Міхась Міцкевіч і дзіцячы гурт старадаўняй музыкі «Брэвіс» (Мінск), каторы сваім выступленнем  дапамог адчуць атмасферу загадкавасці і казачнасці, якая паўстае ў творах Гофмана і Коласа.

Выстава працуе да канца лютага.