«Беларуская глыбіня» ужо ў Мінску

Пасля прэзентацый сваёй кнігі «Беларуская глыбіня» у рэгіёнах, былы палітвязень, сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павал Севярынец даехаў да сталіцы.



vokl_hlyb_logo.jpg

Прэзентацыя паўнавартаснага выдання адбылася ў звыклым месцы — ў памяшканні Управы Партыі БНФ.

Тое, што Павал Севярынец будзе пісаць новую серыю эсэістыкі, стала зразумела пад час ягонага суду за Плошчу. Прынамсі, менавіта тады ён гэта асэнсаваў. «Пад час суду ў працэсе зачытваліся хадайніцтвы і характарыстыкі розных арганізацый наконт абвінавачваемых. Калі адносна мяне зачытваўся ліст ад Задзіночання беларусаў свету «Бацькаўшчына», у ім адзначалася, што за час мінулай «хіміі» я напісаў выдатную кнігу «Лісты з лесу». У гэты час я глядзеў на пракурора, і ў яго у гэты момант была такая вельмі шчырая ўсмешка, на ўсе зубы. Убачыць у нашым судзе ўсмешку, ды яшчэ ў пракурора — гэта неверагодна. І тут я зразумеў: пісаць табе Паша, яшчэ адну кнігу на «хіміі», — распавёў удзельнікам прэзентацыі Павал Севярынец.

Так яно і адбылося. І так з’явілася «Беларуская глыбіня» — 84 эсэ, напісаных у вёсцы Куплін Пружанскага раёна, дзе Павал адбываў другую «хімію». «Там мне давялося жыць, у 300 метрах ад спецкамендатуры працаваць, і знаёміцца са шматлікімі людзьмі. Зразумела ж, пісаць. Частка эсэ прысвечаная знакамітым беларусам, якіх спарадзіла гэтая «глыбіня», — Тадэвуш Касцюшка, Вінцэнт Гадлеўскі, Ларыса Геніюш,  Юзэф Крашэўскі, альбо тэрарыст Азэф — ён таксама адтуль. Таксама ў кнігу увайшла серыя эсэ пра сучасных беларускіх палітвязняў — Мікалая Статкевіча, Дзмітрыя Дашкевіча, Алеся Бяляцкага. І частка эсэ — пра беларускую нацыянальную ідэю», — распавядае Севярынец.

pasha1_logo.jpg

Асноўная ідэя гэтай кнігі, кажа Севярынец, каб беларусы яшчэ раз маглі ўгледзецца ў сваю краіну і ў саміх сябе, «каб убачыць вобраз і падабенства Божае».

Раней гэтыя эсэ публікавалісяч ў газеце «Наша ніва», а зараз выйшлі асобнай кнігай — уласна кажучы, як і «Лісты з лесу». Але Севярынец кажа, што ў яго «язык не павернецца назваць гэтую кніжку першым выданнем». «Да мяне ў Куплін прыяжджалі людзі, якія рабілі складаначкі з артыкулаў, якія выходзілі ў газеце, самі перапляталі, і прывозілі да мяне такія самаробныя кніжкі з газетных аркушоў. Так што першыя выданні «Беларускай глыбіні» былі тыпова чытацкія, я ў Купліне іх раздаваў з аўтографамі, так што гэтая кніга, будзем лічыць, другое выданне», — кажа аўтар.

Адпаведнае і аздабленне ў кніге: на вокладцы — глыбокі калодзеж, у якім адлюстроўваеца неба і растучыя сосны. І калодзеж крыху зацягнуты павуціннем — як намек на краты…

Дарэчы, старшыня Саюзу беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч адзначыў, што эскіз вокладкі маляваў сам Павел. Так што ў яго ёсць таленты не толькі пісьменніцкія. «Прачытаўшы пяць тваіх кніжак, я бачу, што ты — нашчадак  і прадаўжальнік роду беларускіх пісьменнікаў-грамадзян: тых, якія займаліся не толькі пісьменніцкай, але і грамдзянскай дзейнасцю. Гэта Каліноўскі, Ластоўскі, Багушэвіч. Такія кнігі блізкія чытачу — «Лісты з лесу», а зараз і «Беларуская глыбіня». «Лісты з лесу» я б назваў «гарызантальнай» кнігай, а «Беларуская глыбіня», сапраўды, кніга хутчэй «вертыкальная», якая заглыбляецца ў Беларусь, гэта нейкае асэнсаванне Беларусі», — адзначыў Пашкевіч.

І Пашкевіч пажадаў Севярынцу, каб неступная кніга пісалася пасля ўсмешкі ягонай жонкі Вольгі, а не пасля ўсмешкі пракурора. Дарэчы, сама Вольга нагадала Паўлу — прэзентацыя кнігі адбылася роўна ў той дзень, калі споўнілася пяць месяцаў з дня іх вяселля.

Ну, а што тычыцца нацыянальнай ідэі, то, па Севярынцу, яна вельмі простая. «Беларуская нацыянальная ідэя — гэта Хрыстос, які гаворыць па беларуску. Мэта жыцця кожнага чалавека, мэта жыцця нацыі — гэта Бог. Кожны чалавек, кожная нацыя імкнуцца да Бога, да божай справядлівасці, божай праўды, божай свабоды. Калі яны робяць гэта па-беларуску, то нацыянальная ідэя ёсць, яна жывая ў кожным беларусе, які да гэтага імкнецца. Калі гэта нацыянальная ідэя без Хрыста — яна пустая ўнутры. Калі з Богам, але без мовы, не па-беларуску — тады мы атрымліваем не беларускую нацыянальную ідэю, а нейкую іншую», — лічыць Севярынец, і спрабуе данесці гэта праз свае творы.

pash2_logo.jpg

Кнігу ў Мінску можна будзе набыць на ўсім вядомых кропках: на офісах Партыі БНФ і Таварыства беларускай мовы. А таксама і ў незалежных распаўсюднікаў. Па дамове з выдаўцом, наклад кнігі няпэўны. Гэта значыць, па меры таго, як кніга рэалізуецца, дадрукоўваецца дадатковая партыя. Таму, можна спадзяваца, што кніг хопіць усім.

Неўзабаве, па словах Севярынца, «Беларуская глыбіня» выйдзе і ў фармаце электроннай кнігі.