Унук Ларысы Геніюш: «Помнікі можна прыбраць, але тое, што ў сэрцах людзей, ніхто не забярэ»

Памагатыя рэжыму актыўна спрабуюць знішчыць усё, што ёсць беларускага — мову, культуру, памяць. Помнік беларускай паэтцы Ларысе Геніюш стаў чарговай ахвярай гэтых танцаў на касцях. Пра паэтку і яе спадчыну піша «Нямецкая хваля».

Ларыса Геніюш — важная постаць для нацыянальнай культуры

Ларыса Геніюш — важная постаць для нацыянальнай культуры


Праўладная актывістка з Гродна Вольга Бондарава запатрабавала знесці ў гарадскім пасёлку Зэльва помнік Ларысе Геніюш, якую называе «нацысцкай злачынцай». Бюст быў усталяваны ў 2003 годзе на тэрыторыі царквы Святой Жываначальнай Тройцы па благаславенні тагачаснага кіраўніка Беларускай праваслаўнай царквы мітрапаліта Філарэта. Хоць мясцовыя ўлады Бондаравай адмовілі, некалькі дзён таму помнік знік. Мінулай восенню Бондарава дамаглася зносу бюстаў і мемарыяльных дошак некалькім беларускім дзеячам, у тым ліку Ларысе Геніюш, у прыватным музеі Старых Дарог.

«Стаяў дваццаць гадоў і нікому не перашкаджаў»

«Быў помнік — і няма, ніхто не ведае, што з ім здарылася. Царква яго зняла і прыхавала да лепшых часоў ці нейкі дрэнны чалавек зрабіў гэта», — каментуе дэмантаж бюста ў Зэльве ўнук паэткі Міхал Геніюш, які жыве ў польскім Беластоку. Ён быў у Беларусі «да пандэміі», заязджаў і ў Зэльву. Міхал звяртае ўвагу на тое, што бюст у двары царквы «стаяў дваццаць гадоў і нікому не перашкаджаў». «Ларыса Геніюш вельмі важная, калі ёй ужо зносяць помнікі. Помнік можна прыбраць, але тое, што ў сэрцах людзей, душах — гэтага ніхто не зменіць і не забярэ», — эмацыйна адзначае суразмоўца «Нямецкай хвалі».


Міхал Геніюш кажа, што да яго ўвесь час звяртаюцца па дазвол на публікацыю твораў бабулі. Некалькі гадоў таму ў Беларусі ён выдаў поўную кнігу вершаў для дзяцей Ларысы Геніюш, у якую ўвайшлі як аўтарскія, так і адцэнзураваныя версіі вершаў. «Ніхто мне не перашкаджаў, кніга выйшла, былі сустрэчы, на якія прыходзілі шмат людзей. Людзі ведаюць Геніюш, памятаюць яе вершы, яны для іх важныя», — дзеліцца ўнук паэткі.

Рукі Геніюш прасілі шляхцічы і святары

Ларыса Геніюш (у дзявоцтве Міклашэвіч) нарадзілася ў 1910 годзе ў вёсцы Воўпа (цяпер Ваўкавыскі раён Гродзенскай вобласці) у сям'і заможнага селяніна. У 1921 годзе па ўмовах Рыжскай мірнай дамовы заходнія тэрыторыі Беларусі, у тым ліку і Ваўкавыск, адышлі Польшчы.

Паводле слоў даследчыка літаратуры, драматурга і сцэнарыста Васіля Дранько-Майсюка, у Ларысы Міклашэвіч з юнацтва не было адбою ад прыхільнікаў, яе рукі прасілі і шляхцічы, і маладыя праваслаўныя святары. «Адзін артыст вандроўнага тэатра, які паказваў спектакль для яе сям'і, напрыканцы п'есы папрасіў яе рукі», — расказвае даследчык. Дзяўчына адмовіла. У 1937 годзе яна выйшла замуж за студэнта-медыка Янку Геніюша і пераехала да яго ў Прагу. У 1939 годзе, пасля ўваходжання ў Польшчу Чырвонай Арміі, бацьку Ларысы Геніюш расстралялі, а маці і дзвюх сясцёр выслалі ў Казахстан, адкуль яны не вярнуліся.

Жыццё Геніюш у Празе

Падчас Другой сусветнай вайны Геніюш жыла ў Празе, друкавалася ў беларускіх выданнях, якія дазволілі выпускаць нацысцкія ўлады. Паэтка ўваходзіла ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі, а з 1943-га была яе генеральнай сакратаркай. Таксама Геніюш разам з мужам удзельнічала ў працы Беларускага камітэта самадапамогі, які займаўся сацыяльнымі пытаннямі і аховай здароўя.

Пасля нападу Германіі на СССР у 1941 годзе кіраўнік камітэта Іван Ермачэнка на пазачарговым пасяджэнні зачытаў тэлеграму Адольфу Гітлеру з пажаданнямі «хутчэйшай перамогі над бальшавікамі». Пазней у сваіх успамінах Геніюш сцвярджала, што ні яна, ні яе муж, ніхто з прысутных беларусаў тэлеграму не падпісваў, а іх подпісы былі падробленыя. Многія даследчыкі мяркуюць, што няма падстаў сумнявацца ў праўдзівасці яе слоў.

У 2019 годзе беларускі гісторык Зміцер Дрозд звярнуўся ў амбасаду Ізраіля ў Минску і мемарыяльны комплекс гісторыі Халакосту Яд Вашэм з просьбай прызнаць сябраў Беларускага камітэта самадапамогі ў Празе праведнікамі народаў свету — за выратаванне Аркадзя, Анатоля і Ярыны Вальфсон. Гаворка ішла пра Ларысу Геніюш і яе мужа. Як сцвярджаў гісторык, дзякуючы камітэту сям'я Вальфсонаў атрымала дакумент, які сведчыць, што яны праваслаўныя беларусы, хоць усе сябры арганізацыі ведалі, што яны габрэі. Дзякуючы гэтаму сям'я ўратавалася і перажыла акупацыю.

Геніюш дапытваў кіраўнік МДБ БССР

У 1948 годзе Янку і Ларысу Геніюш, якія да таго часу былі грамадзянамі Чэхаславакіі, арыштавалі ў Празе і адправілі ў БССР. Іх абвінавачвалі ў супрацоўніцтве з нацыстамі. Іх 12-гадовага сына забралі сваякі ў Польшчу. У Мінску Ларысу Геніюш дапытваў, у тым ліку міністр Дзяржбяспекі БССР Лаўрэнцій Цанава. Ён патрабаваў выдаць дакументы з архіва БНР.

«У 1943 годзе прэзідэнт БНР Васіль Захарка, паміраючы, даў ёй на захоўванне частку дакументаў. Яна не пабаялася іх узяць, хоць у 1943-1944 гадах у Празе было шмат савецкіх агентаў», — кажа Дранько-Майсюк. Паэтка так і не расказала, дзе архіў. Мужа і жонку Геніюшаў прысудзілі да 25 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Яны выйшлі на волю пасля частковай рэабілітацыі ў 1956 годзе.


Васіль Дранько-Майсюк расказвае, што ў лагеры Ларысу Геніюш называлі «мамай», таму што «яна ўсіх ратавала»: «Калі беларуску, якая зацяжарыла ад канваіра, што згвалціў яе, хацелі збіць іншыя беларускі, каб не было дзіцяці, Геніюш яе абараніла». Успаміны пра сталінскія лагеры ўвайшлі ў кнігу Ларысы Геніюш «Споведзь», апублікаваную ў 1990 годзе, праз сем гадоў пасля яе смерці. «Яна піша пра свой досвед лагера без цэнзуры, сурова і рэалістычна. Гэта новае адкрыццё яе як пісьменніцы дакументальна-мастацкай прозы», — адзначае даследчык.

Геніюш пісала вершы для ўнукаў, якія жывуць у Польшчы

Пасля вызвалення Ларыса Геніюш з мужам пераехалі на яго радзіму ў Зэльву, сын застаўся ў Польшчы. Зэльва, невялікі пасёлак у Гродзенскай вобласці, паводле слоў Дранько-Майсюка, стаў месцам прыцягнення культурных дзеячаў, навукоўцаў. Ён таксама звяртае ўвагу, што ў часы так званага «брэжнеўскага застою» Ларыса Геніюш пачала друкавацца ў БССР. «Для чалавека, які не меў савецкага грамадзянства і меў антыкамуністычныя погляды, у яе нядрэнна выходзілі кнігі, яна выступала ў школах і бібліятэках», — кажа эксперт.

У 1967 годзе выйшаў паэтычны зборнік «Невадам з Нёмана», у 1972 і 1976 гадах — кнігі для дзяцей «Казкі для Міхаські» і «Добрай раніцы, Алесь», у іх увайшлі вершы, напісаныя для ўнукаў. «Ёсць розныя бабулі. Мая дала мне яшчэ і інтэлектуальную падтрымку, — расказвае Міхал Геніюш. — Яна ведала, што я люблю жывёл, таму малявала іх, пісала вершы і дасылала мне ў лістах». Ён таксама ўспамінае, што Ларыса Геніюш вучыла яго быць добрым і сумленным, любіць родную мову і сваю зямлю. «Яна вяла са мной перапіску, паказвала кніжкі, якія я павінен чытаць, давала парады, як павінен паступаць, каб быць добрым чалавекам», — дзеліцца суразмоўца.

Не рэабілітавалі, спасылаючыся на закон 1928 года

Ларыса Геніюш памерла 7 красавіка 1983 года. Яе двойчы спрабавалі цалкам рэабілітаваць: у 1999 годзе з ініцыятывай выступіў Беларускі Хельсінкскі Камітэт, у 2017-м — арганізацыя «Моладзь БНФ». Абодва разы Вярхоўны суд Беларусі ў рэабілітацыі адмовіў. У другі раз спасылаўся на артыкулы Крымінальнага кодэкса БССР у рэдакцыі 1928 года — «дапамога міжнароднай буржуазіі» і «падрыхтоўка контррэвалюцыйнай дзейнасці». Па іх Геніюш судзілі «за ўчыненыя ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны злачынствы».